Logo Polskiego Radia
Print

LOT прапануе танныя квіткі

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 05.06.2013 15:22
Польская авіякампанія LOT прадставіла новыя кошты падарожжаў First Minute.

/



Калі нехта купіць квіткі за 45 дзён, то за палёт у Эўропу ён заплаціць ад 123 злотых у абодвух напрамках і ад 99 злотых па Польшчы ў адзін бок. Аднак знайсьці такія танныя квіткі ня так і лёгка, сьцьвярджае штодзёнка „Gazeta Wyborcza”.

Авіякампанія не зьбіраеццца раздаваць гуртам танныx квіткоў. „Мы хочам прыцягнуць новых пасажыраў, хочам паказаць ім, што лятаць можа кожны,” – кажа прадстаўнік кампаніі LOT Марэк Клуціньскі.

Рэклямныя цэны сапраўды даступныя на сайце перавозьніка, але каб знайсьці рэйс па Эўропе па прывабным кошце, трэба доўга шукаць і купляць білет як мінімум за 45 дзён да вылету. Журналістам газэты ўдалося знайсьці такое спалучэньне паміж Варшавай і Талінам. Рэйс у кастрычніку каштуе менш за 123 злотыя ў абодва бакі. Білет на рэйс у ліпені з Варшавы ў Бэрлін можна купіць за 76,87 зл. у адзін бок. А каб вярнуцца назад на наступным тыдні, то трэба заплаціць ужо 129 злотых.

Як канстатуюць аўтары артыкулу, цана і так супастаўная або нават ніжэйшая, чым за цягнік польскай чыгуначнай кампаніі PKP InterCity. Іншае прывабнае па коштах спалучэньне, якое знайшлі журналісты штодзёнкі „Gazeta Wyborcza”, гэта Хельсінкі – Варшава. Квіток на палёт у верасьні каштуе 76,6 злотых. Але каб трапіць у Хельсінкі тыднем раней, то за квіток на самалёт давядзецца заплаціць 279,19 злотых.

Авіякампанія LOT спрабуе вярнуць давер кліентаў і прыцягнуць новых пасажыраў. Апошнія некалькі месяцаў гэта быў для яе цяжкі час. Імідж авіяперавозьніка пацярпеў у студзені ў выніку няспраўнасьці самалётаў Boeing 787 Dreamliner (яны ізноў пачалі лятаць з пасажырамі ўсяго пару дзён таму).

Апроч таго, агульна вядома, што авіякампанія мае сур’ёзныя фінансавыя праблемы. Фірма атрымала дзяржаную дапамогу, а цяпер рыхтуецца да прыватызацыі.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт