Logo Polskiego Radia
Print

Брусэль прыадчыняе дзьверы?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.06.2013 15:00
  • Брусэль прыадчыняе дзьверы.mp3
Пасьля гадавых кансультацый паміж Менскам ды Брусэлем, ЭЗ робіць першы крок насустрач беларускім уладам.

/

Рыхтуецца часовае зьняцьцё візавых санкцый з Уладзімера Макея. Экспэрты бачаць гэта як пачатак пацяпленьня адносінаў Беларусі з Захадам.

За апошнія два гады стасункі афіцыйнага Менску з Эўразьвязам нагадвалі часы Халоднай вайны паміж Захадам і Ўсходам у другой палове мінулага стагодзьдзя. Пастаянныя скандалы зьмяняліся правакацыямі, дыпляматычнымі дэмаршамі, нават даходзіла да закрыцьця амбасадаў ды высылкі амбасадараў.

З другой паловы мінулага году сытуацыя крыху супакоілася. Беларускі бок пачаў шукаць шляхі да нармалізацыі адносінаў. Эўрапейскі Зьвяз ідзе афіцыйнаму Менску насустрач. На днях міністар замежных спраў Лутевы Андрус Крывас паведаміў, што краіны ЭЗ рыхтуюць адмену абвежаваньняў, якія дзейнічаюць у дачыненьні да міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея. Візавыя санкцыі супраць яго могуць быць прыпынены яшчэ ў чэрвені. Рашэньне будзе мець часовы характар.

Нават у гэткіх умовах, дыялёг паміж Брусэлем ды Менскам можа выйсьці на іншы ўзровень, мяркуюць беларускія экспэрты. Гаворыць старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Дзяніс Мельянцоў: ЭЗ бачыць у міністры замежных спраў Беларусі камунікатар, і таму яго санкцыі не ахоплівалі. Але Макей да прызначэньня міністрам ужо быў пад санкцыямі. Эўрапейцы вырашаюць цяпер гэтую калізію. У прынцыпе, на маю думку, зьняцьцё санкцый зь міністра – гэта пазытыўны крок. Гэта пашырыць канал камунікацыі паміж Менскам і Брусэлем. Чым вышэй будзе статус беларускага прадстаўніка на супольных шматбаковых сустрэчах на ўзроўні праграмаў ЭЗ, тым прасьцей выйсьці на нейкія прынцыповыя пагадненьні адносна палітычнага супрацоўніцтва.

Прыпыненьне санкцый робіцца пад віленскі Саміт Усходняга партнэрства ЭЗ. Летува, якая цяпер кіруе працамі Эўрапейскга Зьвязу, хацела бы, каб Беларусь прадстаўляў міністар замежных спраў. Падчас гэтага саміту магчымыя далейшыя крокі па нармалізацыі адносінаў на лініі Брусэль-Менск. На думку Андрэя Казакевіча з Інстытуту палітычных дасьледаваньняў у Менску, беларускім уладам марыцца вяртаньне да сытуацыі да сьнежня 2010-га году.

Андрэй Казакевіч: Пакуль што ўсе размовы й кансультацыі зьвязаныя з тым, каб нейкім чынам вярнуцца ў сытуацыю да сьнежня 2010-га году, і зноў зрабіць больш дынамічнымі стасункі паміж Беларусьсю ды ЭЗ. Мне здаецца, што безвыходнасьці ў пазыцыі ЭЗ няма. У Эўропе хапае сваіх унутраных праблем, больш губляе Беларусь у эканамічным ды фінансавым пляне ад такіх адносінаў. Ня менш ад гэтага афіцыйны Менск губляе і ў зьнешнепалітычным балянсе.

Нягледзячы на ўсе страты, ня бачна жаданьня беларускага боку ісьці на супрацоўніцтва. Ці Беларусь гатова да ўдзелу ў эўрапейскіх праграмах?

Андрэй Казакевіч: Нельга сказаць, што Беларусь не зацікаўлена ў тым, каб удзельнічаць у эўрапейскіх праграмах. Для беларускіх уладаў вельмі істотна, на якіх умовах гэта будзе адбывацца. Яны хацелі бы атрымаць усе прэфэрэнцыі, не бяручы на сябе аніякіх абавязкаў. Асабліва, што тычыцца дэмакратызацыі. Яны б хацелі вярнуцца да гульні з 2008-2010 гг., каб мець супрацьвагу Расеі. Вядома, ёсьць інтарэс і да эканамічнага супрацоўніцтва, удзелу ў розных інфраструктурных праектах. Аднак, пры гэтым беларускія ўлады будуць увесь час гандлявацца за ўмовы гэтага ўдзелу.

Разам з тым, ня трэба перабольшваць значэньне Беларусі ў зьнешняй палітыцы ЭЗ. Напрыклад, нават у Вільні галоўным пытаньнем будзе Ўкраіна, а беларуская тэма разглядаецца як адна з шэрагу. Самі летувісы кажуць, што пытаньне прадстаўніцтва Беларусі на віленскім саміце застаецца адкрытым. Больш істотна, лічыць Дзяніс Мельянцоў, каб у Вільні дамовіліся пра далейшую пэрспэктыву фунцыянаваньня Ўсходняга партнэрства.

Дзяніс Мельянцоў: Я ня думаю, што будуць асобныя рашэньні па Беларусі, таму што галоўнай тэмай саміту будзе Ўкраіна, і падпісаньне дамовы аб асацыяцыі. Для Беларусі саміт можа быць важны тым, што на ім будуць агучаныя новыя прынцыпы, на якіх будзе засноўвацца Ўсходняе партнэрства. Цяпер для ўсіх зразумела, што праграма не спраўдзілася, не адпавядае чаканьням. Яна ніякім чынам не наблізіла рэальна 6 постсавецкіх краінаў да Эўрапейскага Зьвязу.

Брусэль адчыняе дзверы перад беларускімі ўладамі. Канчаткова нармалізацыя адносін паміж Менскам ды ЭЗ залежыць у першую чаргу ад беларускага боку. Па сёньняшні дзень афіцыйны Менск не выканаў першую ўмову дыялёгу – вызваленьне ды рэабілітацыя палітзьняволеных у Беларусі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт