Logo Polskiego Radia
Print

Амэрыканскі драматург абараняе свабоду творчасьці ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.06.2013 15:19
  • Амэрыканскі драматург абараняе свабоду творчасьці ў Беларусі.mp3
Брэндан МакКол абвесьціў міжнародны конкурс п'есаў на беларускую тэматыку.
Фота: ensemblefreetheaternorway.comФота: ensemblefreetheaternorway.com

Пераможца мінулагодняга конкурсу “Беларусь у Фокусе”, амэрыканскі драматург Брэндан МакКол вырашыў выступіць у абарону свабоды творчасьці і слова ў Беларусі артыстычнымі мэтадамі. Ён абвесьціў конкурс конкурс п’есаў на беларускую тэматыку і запрашае да ўдзелу ў ім аўтараў з усяго сьвету й Беларусі. З амэрыканскім артыстам размаўляе Аляксандар Папко.

- Спадар Брэндан, раскажыце, калі ласка, у чым заключаецца галоўня мэта вашага праекту "Belarusian Dream Theater"?

Б. МакКол: Мая галоўная ідэя – гэта стварыць праект, які аб’яднае драматургаў па ўсім сьвеце й за пасярэдніцтвам крэатыўнасьці прыцягне ўвагу да Беларусі. Я ўжо ўдзельнічаў у некалькіх праектах ў розных краінах, якія рабіліся для высакароднай мэты. Адзін зь іх рабіўся, каб дапамагчы японскім тэатрам, якія пацярпелі ад цунамі. У іншым драматургі ўсяго сьвету прыцягвалі ўвагу да праблемы кантролю зброі пасьля трагедыяў ў амэрыканскіх школах. Натхнёны гэтымі праектамі я падумаў: “Ці можам мы нешта зрабіць для Беларусі?” Пра Беларусь кажуць у СМІ, але я хачу пазнаёміць людзей з майго, мастацкага асяродзьдзя з Беларусьсю, зь яе людзьмі, зь яе непаўторным характарам, зь яе культурай. Я хачу даць артыстам магчымасьць самавыразіцца й выступіць у падтрымку свабоды слова ў Беларусі.

- Чаму вы, амэрыканскі артыст, вырашылі рабіць мастацкія й грамадзянскія праекты, зьвязаныя зь Беларусьсю? Што вас да гэтага падштурхнула?

Б. МакКол: Некалькі гадоў таму я прыяжджаў у Беларусь і працаваў са Свабодным тэатрам у Менску. Я быў па-сапраўднаму натхнёны іх працай. Затым яны прыехалі ў Осла, дзе я жыў. Гэта было за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года. Пасьля выбараў беларускія артысты атрымлівалі пагрозы ад КДБ, падчас пратэстаў прынамсі адзін з маіх сяброў быў арыштаваны. Некалькі зь іх былі вымушаныя пакінуць краіну. Гэтыя людзі так аддана ставіліся да тэатральнай справы, як ня ставяцца да яе мае калегі на Захадзе. Яны граюць у тэатры не дзеля грошай ці славы. Яны рызыкуюць сваёй свабодай і жыцьцём дзеля таго, каб дабіцца свабоды творчасьці. Гэта матывавала мяне арганізаваць збор пэтыцыяў ў абарону правоў беларусаў, якія мы скіравалі да нарвэскага ўраду. Я напісаў артыкул пра беларускі Свабодны тэатр, які пазьней быў узнагароджаны Інфармацыйным офісам салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве. На ўручэньні ўзнагароды я сустрэўся зь іншымі пераможцамі. Мы абмеркавалі, што мы можам зрабіць у асяродзьдзі артыстаў, а ня толькі журналістаў, каб прыцягнуць увагу да сытуацыі ў Беларусі.

- Вы арганізоўваеце конкурс п’есаў на беларускую тэматыку. У якіх гарадах іх будуць паказваць?

Б. МакКол: Конкурс – гэта ня вельмі трапнае слова. Мы заахвочваем як мага большую колькасьць аўтараў дасылаць нам свае п’есы. Асабліва мы вітаем беларускіх драматургаў – як тых, хто жыве у Беларусі, так і тых, якія жывуць за яе межамі. Нашымі партнэрамі зьяўляюцца больш за дзесятак тэатраў ў ЗША і Эўропе. Яны паставяць дасланыя нам п’есы адначасовы – на беларускі Дзень Волі. Мы спадзяемся, што такая скаардынаваная акцыя будзе мець розгалас і створыць нагоду для дыскусіі над тым, што адбываецца ў Беларусі. Так што гэта не зусім конкурс. Мы не ўручаем прэміяў. Мы заклікаем усіх неабыякавых творцаў выкарыстаць сваю крэатыўнасьць. Чым больш людзей дашле нам свае творы – тым лепш.

- Спадар Брэндан, скажыце, калі ласка, якія ўмовы ўдзелу ў вашым праекце? Якіх твораў вы чакаеце ад драматургаў?

Б. МакКол: П’есы павінныя быць кароткімі – даўжынёй каля 10 хвілінаў. Стыль можа быць любы: п’есы могуць быць рэалістычныя, абстрактныя, экспэрымэнтальныя. Яны толькі павінныя быць зьвязаныя зь нейкімі аспэктамі беларускага жыцьця. Калі хтосьці мае камэдыю – ён можа яе выслаць. Жанр ня мае вялікага значэньня. Калі нехта быў у Беларусі, і хоча падзяліцца сваімі ўражаньнямі, калі нехта жыве ў Беларусі й хоча расказаць пра гэта, калі нехта проста цікавіцца Беларусьсю і хоча даведацца пра яе больш – мы заклікаем пісаць да нас. Мы спэцыяльна не звужаем мастацкую акцыю да аднаго тыпу п’есаў ці адной тэмы. Мы хочам убачыць, што творцы зь іх ведамі пра Беларусь і фантазіяй могуць нам прадставіць. П’есы павінныя быць высланыя да пачатку кастрычніка.

25 сакавіка будучага году п’есы, дасланыя на мастацкую акцыю, будуць пастаўленыя на сцэнах у Осла, Франкфурце, Варшаве, Афінах, Капэнгагене, Будапэшце, Флярэнцыі, амэрыканскім Лос-Анджэлесе й нават аўстралійскім Мэрэдзіне. Дасланыя на конкурс працы выйдуць у форме кнігі й будуць апублікаваныя ў інтэрнэце. Інфармацыю пра конкурс можна знайсьці на сайце Нарвэскага свабоднага тэатру

http://www.ensemblefreetheaternorway.com/www.ensemblefreetheaternorway.com/Belarusian_Dream_Theater.html

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт