Logo Polskiego Radia
Print

Дзеля стварэньня Эўразійскага зьвязу Крэмль будзе даваць Менску прэфэрэнцыі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.07.2013 18:24
  • Дзеля стварэньня Эўразійскага зьвязу Крэмль будзе даваць Менску прэфэрэнцыі.mp3
І. Істомін: Аднак трэба пазьбегнуць нахлебніцтва, якое затармазіла Саюз Беларусі й Расеі.
Фота: ИТАР-ТАСС. Архіўны здымакФота: ИТАР-ТАСС. Архіўны здымакИТАР-ТАСС

Зь якімі мэтамі Расея стварае Эўразейскі зьвяз? Чаму беларусы не адчуваюць пазытыўных вынікаў эўразійскай інтэграцыі? Ці будзе Эўразійскі зьвяз створаны да 2015 года і ці будзе ён настолькі моцны, як яго эўрапейскі прататып? Расейскі погляд на эўразійскую інтэграцыю прадстаўляе выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносінаў (МГИМО) палітоляг Ігар Істомін.

Якія мэты ставіла перад сабой Расея, ствараючы Мытны зьвяз і Адзіную эканамічную прастору? Мэты перадусім эканамічныя – сьцьвярджае Ігар Істомін.

І. Істомін: Гэта фармаваньне буйнейшага рынку, які быў бы больш канкурэнтаздольны ў сучаснай глябальнай эканоміцы. Другая прычына – гэта выкарыстаньне пазытыўнага досьведу іншых краінаў, у прыватнасьці пазытыўнага досьведу эканамічнага рэгуляваньня Казахстана, каб стварыць стымулы для розных расейскіх ведамстваў трансфармавацца ва ўмовах абвастрэньня канкурэнцыі.

Пры гэтым рэальна рынак вырас толькі на 10%, бо Беларусь бязмытава гандлюе з Расеяй ўжо больш за 15 гадоў. Шмат экспэртаў кажуць, што эфэкт ад павелічэньня рынку наступіць толькі тады, калі да мытнай “тройкі” далучыцца Ўкраіна. Але Кіеў гэтага пакуль не жадае. Эўразійскі зьвяз ствараецца таксама з палітычнымі мэтамі – кажа Ігар Істомін.

І. Істомін: Існуе праблема стабілізацыі краінаў Цэнтральнай Азіі. Гэта перадусім “кандыдаты ў кандыдаты” ў Эўразійскі зьвяз – Кыргызстан і Таджыкістан. Там нестабільная палітычная абстаноўка, ёсьць шмат іншых праблемаў.

Аналітык прызнае, што расейскі інтэграцыйны праект уступае ў канкурэнцыю з Эўразьвязам і інтарэсамі Кітая.

І. Істомін: Перадусім мы сутыкаемся зь інтарэсамі Кітая, пазыцыі якога ў Цэнтральнай Азіі даволі моцныя. Яму не падабаецца, што мы ўводзім мыты на некаторыя кітайскія тавары. Зь іншага боку, ёсьць Эўрапейскі зьвяз, якому вельмі падабаецца тое, як разьвіваецца эўразійская інтэграцыя ў адносінах да краінаў Цэнтральнай Азіі, але ён хацеў бы выключыць зь яе Ўкраіну й Беларусь – заходнюю частку постсавецкай прасторы. Украіна – вялікі рынак. Ад таго, па чыіх правілах ён будзе працаваць, залежыць тое, хто на ім будзе зарабляць. Такое банальнае камэрцыйнае пытаньне стаіць перад Расеяй – разам з палітычнымі інтарэсамі.

Нягледзячы на тое, што Мытны зьвяз Беларусі, Расеі й Казахстану існуе ўжо 3 гады, асаблівага захапленьня яго працай ў Беларусі пакуль ня бачна. Крытыка гучыць ня толькі з вуснаў насельніцтва, але й некаторых чыноўнікаў. Беларусь не адчула паляпшэньня эканамічнай сытуацыі, бо і так раней была зінтэгравана з Расеяй – кажа Ігар Істомін.

І. Істомін: Любыя буйныя перамены выклікаюць як пазытыўныя, так і нэгатыўныя наступствы. Хтосьці выйграе ад іх, а хтосьці губляе. Кіраўнікі Казахстана й Беларусі палічылі іміджавыя страты, якія вынікаюць з таго, што шмат у якіх выпадках пацярпелі спажыўцы, апраўданымі. Узамен беларускія й казахскія вытворцы атрымалі дадатковыя магчымасьці прадаваць свае тавары на расейскім рынку. Ад інтэграцыйных працэсаў нельга чакаць шмат прыбыткаў адразу. Праблема ва ўзаемаадносінах Расеі й Беларусі заключаецца ў тым, што нашыя рынкі былі моцна зінтэграваныя й раней. Таму ўплыў Адзінай эканамічнай прасторы на гэтыя краіны аказаўся меншы. Мала што зьмянілася. А вось для Казахстана перамены былі нашмат больш істотнымі.

Эўразьвяз моцны сваімі незалежнымі і аўтарытэтнымі ворганамі – Эўракамісіяй і Эўрапейскім судом, якіх слухаюцца ўрады 28 краінаў. Ці можна спадзявацца, што Эўразійскую эканамічную камісію будуць слухаць і Крэмль, і Астана?

І. Істомін: У дамовах запісана больш паўнамоцтваў, чым наднацыянальныя ворганы рэальна выкарыстоўваюць. Трэба разумець, што краіны, пра якія мы кажам, маюць вельмі маладую дзяржаўнасьць – ім усяго крыху больш за 20 гадоў. Яны вельмі берагуць свой сувэрэнітэт. Таму чакаць, што адразу ўзьнікнуць магутныя наднацыянальныя структуры, было б абсурдна. Калі наднацыянальны кампанэнт будзе ўзмацняцца (а гэта, хутчэй за ўсё, адбудзецца з пашырэньнем супольнага тэхнічнага рэгуляваньня), то гэта будзе вельмі павольны працэс.

Нурсултан Назарбаеў і АляксандарЛукашэнка пакуль сумленна выконваюць падпісаныя дамовы, бо бачаць у эўразійскай інтэграцыі свой інтарэс. Таму Расея павінна даваць сваім суседзям пэўныя прэфэрэнцыі, каб інтэграцыйны праект разьвіваўся – кажа расейскі палітоляг.

І. Істомін: У Эўразійскай інтэграцыі патрэбная пазытыўная дыскрымінацыя, каб Беларусь і Казахстан атрымлівалі крыху больш, чым Расея. А Расеі, хутчэй за ўсё, прыйдзецца з гэтым зьмірыцца. Іначай інтэграцыя ня будзе разьвівацца. Аднак гэтага “крыху больш” не павінна быць занадта многа, каб не было нахлебніцтва, якое вельмі моцна пагоршыла пэрспэктывы Саюзу Беларусі й Расеі. Гэта вельмі складаны, з палітычнага пункту гледжаньня, балянс.

Дамова аб Эўразійскім зьвязе павінная быць падпісаная і ўступіць у сілу ў 2015 годзе. Аднак ці будуць гэтыя пляны выкананыя – пакуль невядома, кажа палітоляг Ігар Істомін. Як невядома й тое, ці ўдасца ў бліжэйшыя гады ўцягнуць у інтэграцыйны праект Украіну.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт