Logo Polskiego Radia
Print

Анхар Кочнева: я ведаю, дзе скрадзеных дзяўчын шукаць ня трэба

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.08.2013 13:15
  • Анхар Кочнева я ведаю, дзе скрадзеных дзяўчын шукаць ня трэба.mp3
Вядомая журналістка, якая працуе ў Сырыі, заяўляе, што беларуская амбасада “паводзіць сябе вельмі дзіўна”.

Фота:
Фота: Facebook

Беларуску Сьвятлану Маркіяновіч і малдаванку Карыну Кольца скралі ў Лібане й прывезьлі на тэрыторыю Сырыі, дзе ўтрымліваюць у адным з анкляваў, які кантралююць баевікі. Так мяркуе вядомая украінская журналістка Анхар Кочнева, якая працуе ў Дамаску. Прычым веды пра тое, дзе мяжа кантралюецца слаба, даюць шанец на звужэньне кола пошуку. З журналісткай зьвязаўся Аляксандар Папко.

- Спадарыня Анхар, што Вы ведаеце пра лёс дзяўчынаў? Хто іх захапіў і дзе яны цяпер?

А. Кочнева: Дзяўчын выкралі ў Лібане і прывезьлі, хутчэй за ўсё, ў Сырыю, хоць гэта яшчэ да канца не высьветлена. Відэа магло быць зьнятае нават у Лібане. Пакой на відэароліку немагчыма ідэнтыфікаваць. Супраць дзяўчын учынілі правакацыю – прымусілі чытаць абсалютна бязглузды тэкст. Так жа, як мяне прымусілі прызнацца, што я перакладала для нейкіх мітычных расейскіх афіцэраў. Дзяўчыны ня ведаюць ні мовы, ні мясцовасьці. Якія яны шпіёны Хэзбалы? Яны б не змаглі нічога ні ўбачыць, ні растлумачыць. Хутчэй за ўсё, яны знаходзяцца ў адным з анкляваў, якія кантралююць бандыты.

- Ці зьвязаліся Вы з амбасадай Беларусі, альбо, можа, амбасада зьвязвалася з Вамі?

А. Кочнева: Амбасада Беларусі паводзіць сябе вельмі дзіўна. У мяне ёсьць знаёмы сырыец, які працуе там. Я дала яму інфармацыю наконт дзяўчынаў. Ён за гэта атрымаў вымову! Яго абвінавацілі ў тым, што ён перадае мне нейкую сакрэтную інфармацыю, хоць на самой справе інфармацыю давала яму я! Замест таго, каб зьвязацца са мной, даведацца, што я ведаю й чым магу дапамагчы, яны зрабілі абструкцыю чалавеку, якому я давала інфармацыю! У мяне такое ўражаньне, што яны займаюцца лёсам скрадзеных толькі ў рамках сваіх службовых абавязкаў, а не таму, што хочуць уратаваць людзей.

Амбасада Беларусі са мной не кантактавала, нягледзячы на тое, што я ведаю, якія памылкі былі дапушчаныя, калі шукалі мяне. Я змагла дамовіцца з бандытамі, усталяваць з імі нармальныя стасункі. Аднак дзяўчыны не займаюцца псыхалёгіяй, як я, а па-другое, яны не размаўляюць па-арабску. Так што шанцаў вызваліцца самім ці палепшыць сваю сытуацыю у дзяўчынаў вельмі мала.

- Як вы зьбіраецеся шукаць скрадзеных дзяўчын?

А. Кочнева: Ёсьць армейскія каналы. Калі дзяўчынаў вывозілі з Лібану, то прыкладна вядома, куды іх маглі вывезьці. Веданьне апэратыўнай абстаноўкі, як у якім месцы кантралюецца мяжа, дазваляе прынамсі выключыць з зоны пошуку месцы, дзе іх шукаць ня трэба, дзе дзяўчын проста няма. У дадатак, нехта можа нешта напісаць у Інтэрнэце, у выпадковага чалавека можа зьявіцца крыніца інфармацыі. Нават у чарзе па малако нехта можа нешта сказаць. Трэба выкарыстоўваць усе крыніцы.

- Як вы пракамэнтуеце словы былых сырыйскіх вайскоўцаў і паўстанцаў пра тое, што ролік – пастановачны? Ці не насьцярожвае Вас тое, што групоўку, якая скрала дзяўчын, ніхто ня ведае?

А. Кочнева: Я ведаю баевікоў. Дзяўчын, як і мяне, прымусілі чытаць абсалютна тупы тэкст. Менавіта гэты тупы тэкст падказвае мне, што выкраданьне – абсалютная праўда. А груповак там столькі, што іх колькасьць ня ведае ніхто. Яны аддзяляюцца адна ад адной кожны дзень. Нават тыя два ахоўнікі, якія ахоўвалі мяне, плянавалі стварыць сваю ўласную групоўку.

- Які выкуп могуць патрабаваць выкрадальнікі? Ці вядома баевікам, што Малдова й Беларусь – гэта бедныя краіны?

А. Кочнева: Колькі б за іх не прасілі грошай, ніхто ўсё роўна не заплаціць. Трэба ясна разумець, што ў ніводнай постсавецкай краіне мэханізму выдзяленьня грошай на такія мэты няма! А баевікі пра гэта ня ведаюць. Яны былі ўпэўненыя, што за мяне заплацяць 50 мільёнаў даляраў. Яны спадзяваліся, што грошы выплаціць мая страхавая кампанія, хоць у нас няма ніякай страхоўкі. Гэтыя людзі думаюць, што ў нас як у Катары ці Саудаўскай Аравіі – дастаў з тумбачкі пару мільёнаў й заплаціў. Яны ня ведаюць, што ў эўрапейскіх краінах бюджэт распісваецца на год наперад і знайсьці нават дадатковыя 500 тысячаў немагчыма. Гэтыя людзі ніколі не былі ў Эўропе й не разумеюць, як функцыянуюць эўрапейскія дзяржавы.

- Дзе дзяўчыны могуць знаходзіцца? Яны ў памежных з Лібанам рэгіёнах ці недзе на паўночным захадзе Сырыі, каля Латакіі?

Не. Не ў Латакіі. Вэрсію пра Латакію першай высунула я, бо мне не было вядома, хто гэтыя дзяўчыны й я меркавала, што яны былі захопленыя, калі бандыты напалі на вёскі ў тым рэгіёне. Тады шмат людзей было забіта й шмат захоплена ў палон. Калі б выкрадальнікі выехалі з Лібану, то да Латакіі яны б проста не даехалі. Там паўсюль блёкпасты. Іх бы злавілі. Так што дзяўчыны альбо ў Лібане, альбо ў Сырыі. Калі яны ў Сырыі, то іх пераправілі празь мяжу нелегальна.

________________________________________________________________

Анхар Кочнева – грамадзянка Ўкраіны, якая шмат гадоў працуе ў Сырыі. Пасьля пачатку грамадзянскай вайны Анхар стала журналісткай, каардынатаркай здымачных групаў з Расеі й СНД, якія прыяжджалі ў зону канфлікту. Падтрымлівае прэзыдэнта Башара Асада. У лістападзе мінулага году яе захапілі ў палон баевікі. Праз 5 месяцаў ёй удалося ўцячы

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт