Logo Polskiego Radia
Print

Эстонская армія – ўзор для Беларусі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.11.2013 13:15
  • Эстонская армія – ўзор для Беларусі.mp3
Эстонія не зьбіраецца скасоўваць прызыў, пры гэтым мае эфэктыўную сыстэму абароны, дастасаваную да патрэбаў малой краіны.
Фота: ntvc.eeФота: ntvc.ee

Урады многіх краінаў лічаць, што пераход на кантрактны спосаб фармаваньня зьяўляецца найлепшым спосабам стварэньня эфэктыўнай арміі. Ад усеагульнага прызыву ў войска за апошнія 6 гадоў адмовіліся Латвія, Летува, Польшча, Швэцыя, Нямеччына, Украіна. Аднак ёсьць пасьпяховыя эўрапейскія дзяржавы, якія адмяняць прызыў не зьбіраюцца. Адна зь іх – Эстонія. Досьвед эстонскай арміі, прыстасаванай для абароны сваёй тэрыторыі ўласнымі сіламі, можа быць вельмі цікавы для Беларусі.

У 1991 годзе, калі Эстонія здабыла незалежнасьць, яна аказалася абсалютна безабароннай. У адрозьненьне ад Беларусі й Украіны, з тэрыторыі Эстоніі расейская армія вывезла ўсю зброю, якая дасталася ёй у спадчыну ад СССР. Уступленьне ў NATO было тады вельмі туманнай пэрспэктывай, рэалізаванай толькі праз 13 гадоў. Заціснутыя паміж Расеяй і морам эстонцы палічылі за найлепшае стварыць сыстэму татальнай абароны, якая абапіраецца на ўласныя сілы. Пра гэта расказвае адзін са стваральнікаў эстонскай арміі, легендарны генэрал Антс Лаанэатс.

/

А. Лаанэатс: У 1991-1992 гадах мы праехалі ўсе малыя краіны Эўропы (Фінляндыю, Швэцыю, Швэйцарыю) вывучаючы іх досьвед абароннага будаўніцтва. Мы прыйшлі да высновы, што ў малой краіне, якая не належыць ні да якіх абаронных саюзаў, самае рацыянальнае – гэта стварыць сыстэму татальнай абароны па прыкладзе Фінляндыі й Даніі. Мы пачалі са стварэньня сыстэмы тэрытарыяльнай абароны. Мы вырашылі захаваць усеагульны воінскі абавязак. У малой краіне мы ня ў стане ўтрымліваць прафэсійную армію, дастаткова вялікую, аб абараняць краіну.

Армія Эстоніі налічвае 5,5 тысячаў чалавек. Прызыўнікі звычайна служаць 8 месяцаў. Тыя, каго яшчэ на этапе мэдкамісіі пры дапамозе псыхалягічных тэстаў адабралі на сяржанцкія пасады, служаць 11 месяцаў. Мужчынаў, якія адслужылі, кожныя 3-4 гады прызываюць на зборы. Рэзэрвісты прыяжджаюць на зборы ў складзе тых жа падразьдзяленьняў, разам з тымі ж людзьмі, зь якімі некалі служылі ў войску.

Палкоўнік Генэральнага штабу Сілаў абароны Эстоніі Айвар Яэскі пачынаў кар’еру тады, калі армія яшчэ стваралася. Ён служыў у Іраку, Афганістане, Босьніі й Косаве, прадстаўляў Эстонію ў структурах NATO. Палкоўнік зьяўляецца гарачым прыхільнікам прызыву.

/

А. Яэскі: У маладых дэмакратычных краінах ўзброеныя сілы зьяўляюцца школай, якая рыхтуе новых грамадзянаў. Гэта месца, дзе ты можаш інтэграваць людзей, аб’яднаць іх і растлумачыць каштоўнасьці грамадзтва. Дзякуючы гэтаму вы можаце атрымаць лепшых грамадзянаў, пабудаваць лепшую дзяржаву й лепшую нацыю.

Расейскамоўныя хлопцы пасьля службы ў эстонскай арміі выдатна інтэгруюцца са сваімі таварышамі па зброі, шмат хто зь іх з задавальненьнем застаецца ў эстонскім войску.

Важную ролю ў абароне краіны адыгрывае арганізацыя “Зьвяз абароны Эстоніі” – Kaitseliit. 12 тысячаў добраахвотнікаў аб’яднаныя ў тэрытарыяльныя дружыны. Імі кіруе кадравы афіцэр арміі. Добраахвотнікі рэгулярна й самастойна трэніруюцца абараняць свае сёлы й гарады. У выпадку надзвычайнай сытуацыі яны аказваюць дапамогу насельніцтву й падтрымліваюць грамадзкі парадак. Сябрам Kaitseliit выдаюць на рукі зброю, і яны мабілізуюцца па першым сыгнале, кажа палкоўнік Яэскі.

А. Яэскі: Людзі, якія ўступаюць у “Зьвяз абароны”, вельмі матываваныя абараняць свае сем’і, дамы й вёскі. Людзі ў правінцыі ведаюць адзін аднаго й таму зброя не патрапіць у неналежныя рукі. У сяброў Kaitseliit моцная матывацыя, яны заўсёды напагатове й добра падрыхтаваныя. Гэтыя людзі ствараюць касьцяк нашай тэрытарыяльнай абароны.

81% эстонцаў падтрымлівае тэрміновую вайсковую службу. Альтэрнатыўная служба ёсьць, але яна не карыстаецца папулярнасьцю. Выпадкі ўхіленьня ад прызыву надзвычай рэдкія. Нягледзячы на высокія фізычныя нагрузкі, эстонскія хлопцы ахвотна ідуць у армію. Прычына – ў моцнай нацыянальнай ідэі. А таксама ў тым, што эстонец ведае, што ён ня будзе губляць час, падмятаючы пляц ці фарбуючы платы. Ён будзе займацца тым, дзеля чаго яго прызвалі – вучыцца абараняць радзіму. “Найлепшым папулярызатарам армейскай службы зьяўляецца сам прызыўнік,” - кажа палкоўнік Яэскі.

А. Яэскі: Служба павінная грунтавацца на павазе правоў чалавека. Трэба разумець, што людзі, якія прызываюцца ў войска – гэта такія ж чалавечыя істоты, як і іх камандзіры. Стасункі павінныя будавацца на ўзаемным разуменьні. Гэта асноўнае правіла. Я таксама хачу паўтарыць старую ісьціну, выказаную Напалеонам: “Армія маршыруе на сваім жываце”. Гэта значыць, што армія павінна быць добра абмундзіраваная і жаўнераў павінны добра карміць.

Добрая армія нямала каштуе. Эстонія выдаткоўвае на абарону больш за 450 мільёнаў даляраў у год. Для параўнаньня Беларусь, якая у 7 разоў большая за Эстонію, выдае на армію 600 мільёнаў. 40% грошай Талін траціць на закупку ўзбраеньняў, 25% - на ўтрыманьне ваеннаслужачых. Пры гэтым эстонскае грамадзтва не ўспрымае армію як абузу, кажа палітычны дарадца эстонскай Партыі рэформаў Арнэ Веэдла.

/

А. Веэдла: На выбарах перамагаюць тыя партыі, якія падтрымліваюць утрыманьне абаронных расходаў Эстоніі на ўзроўні 2% ВУП. Гэта значыць, што людзі разумеюць, што Эстоніі патрэбныя ўзброеныя сілы.

Зразумела, у эстонскай арміі не ўсё ідэальна. Яна практычна ня мае цяжкога ўзбраеньня, авіяцыі. Супрацьпаветраная абарона краіны абмяжоўваецца толькі лёгкімі пераноснымі комплексамі. Таму некаторыя расейскія экспэрты называюць эстонскую армію “віртуальнай”. Генэрал Лаанэатс з такім эпітэтам ня згодны.

А. Лаанэатс: Гэта праўда, што ў нас мала цяжкога ўзбраеньня. Дзяржава малая – калі пачынаць будаваць армію з нуля, то шмат адразу ня купіш. У лістападзе 1939 году Сталін таксама лічыў фінскую армію віртуальнай. Чым скончылася Зімовая вайна мы ведаем: фіны адстаялі сваю незалежнасьць, а СССР страціў 403 тысячы чалавек.

Эстонскую мадэль прызыўной арміі лічаць найбольш прымальнай для Беларусі нават такія перакананыя лібэралы, як кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Новы шлях” Павал Марозаў.

/

П. Марозаў: Краіна зь мінімальнымі рэсурсамі змагла пабудаваць эфэктыўную армію, ды яшчэ ў той канцэпцыі, якая вельмі актуальная для Беларусі. Я маю на ўвазе канцэпцыю татальнай абароны. Нам у гісторыі таксама ніхто не дапамагаў. Таму нам трэба разьлічваць на сябе.

Такім чынам, нават армія, якая фармуецца на падставе прызыву, можа быць вельмі эфэктыўнай, а пераход на кантрактную аснову не зьяўляецца лекам ад усіх хваробаў арміі. Каб моладзь не “касіла” ад войска, трэба, каб салдат быў добра экіпіраваны й займаўся тым, дзеля чаго яго прызвалі. Аднак нельга забывацца, што добрая армія (як прызыўная, так і кантрактная) ня можа быць таннай.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт