Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы ў Татрах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.01.2014 11:37
Як кожны год у польскія горы прыязджаюць на адпачынак госьці з Украіны, Расеі й Беларусі.

Закапанэ называюць зімовай сталіцай Польшчы. Палякі любяць праводзіць навагоднія сьвяты менавіта тут, у гарах, адарвацца ад вялікага горада, яго шума і мітусьні, пабыць у цішыні прыроды, але адначасна блізка цывілізацыі, бо ў Закапанэ ўсе атрыбуты цывілізацыі ёсьць. У гэтым годзе, праўда, падводзіць надвор’е. Некалькі дзён таму горы наведаў ураганны вецер, які паламаў тысячы дрэваў і нанёс агромныя шкоды як прыродзе, так і людзям. Акрамя таго, няма сьнегу, а тэмпература паветра настолькі высокая, што не дазваляе стварыць штучнае сьнежнае покрыва. Тым ня менш, турысты ў Закапанэ ды іншыя курорты едуць.

Як кожны год у польскія горы Татры ахвотна прыязджаюць на навагодне-калядны адпачынак таксама госьці з Украіны, Расеі й Беларусі. Закапанэ ўжо нейкі час лічыцца модным месцам на сустрэчу Новага году. Ад канца сьнежня да сярэдзіны студзеня бальшыня нумараў у пансіянатах ды дарагіх гатэлях занятая турыстамі з усходу. Пераважна гэта расейцы ды ўкраінцы. А што яны зьбіраюцца рабіць?

Турысты: Гуляць, весяліцца, і многа-многа есьці. Мы шукаем месца на навагодні баль, яшчэ не знайшлі, усё занятае.

Мы катаемся на каньках, ходзім па крамах, атаварваемся, зьбіраемся паехаць у аква-парк. Нам вельмі падабаецца ў Польшчы, людзі спакойныя, гасьцінныя.

Турысты з Расеі, Украіны ды Беларусі едуць у Татры сустракаць Новы год, але многія таксама застаюцца на праваслаўныя Калядныя сьвяты. Другі тыдзень студзеня – гэта ў курортах практычна мёртвы сэзон, калі не пачаліся яшчэ зімовыя канікулы ў школах, а польскія турысты, якія праводзілі тут навагодныя сьвяты, ужо разьехаліся. Таму ўладальнікі пансіянатаў вельмі радыя турыстам з усходу, якія пераважна таксама пакідаюць у крамах ды рэстараных немалыя сумы.

Жыхар Закапанэ: Гэта Ўсходняя Эўропа, але элегантная. Іх мова, вопратка, паводзіны, зацікаўленьні – усё на высокім узроўні. І вельмі добра. Яны ўсё бліжэй да нас, у рэшце рэшт, гэта ж нашыя браты.

Турыстка: Прыемныя людзі, па-сяброўску адносяцца да нас. Вельмі добра, што яны прыяжджаюць да нас. Мы кожны год езьдзім у Закапанэ і цешымся, калі чуем расейскую мову. Мы павінны жыць у сяброўстве, як гэта было калісьці.

Беларусам, па тэорыі, было б прасьцей прыехаць у Польшчу, чым жыхарам Расеі – бліжэй як па адлегласьці, так і па культуры. Тым ня менш, апошнім часам даволі мала жадаючых наведаць суседнюю краіну. Адно з турагенцтваў Менску ладзіць экскурсію ў Варшаву, дзе можна сустрэць Новы год і правесьці некалькі дзён. Як мне сказалі ў агенцтве, жадаючых няшмат. У чым прычына?

Супрацоўнік турагенцтва: Прычына хутчэй за ўсё ў візах. Іх даволі цяжка атрымаць, самастойна амаль немагчыма, асабліва калі гэта шматразовая віза. Мы сабралі толькі 15 жадаючых, на мікрааўтобус. А ў Варшаве ў нас у праграме навагодні баль, фаервэркі, шопінг-тур.

Людзі ў Беларусі ведаюць пра Закапанэ, але мне здаецца, што мода на адпачынак у гэтым курорце ўжо праходзіць. Закапанэ “прыелася”, як “прыядаюцца” таксама розныя Эгіпты ды Турцыі.

Магчыма, Закапанэ і “прыядаецца” беларускім турыстам, але ў Татрах ёсьць нямала іншых цікавых месцаў, дзе можна правесьці як летні, так і зімовы адпачынак. Так што запрашаем у Польшчу – наведаць горы, мора, азёры, а таксама цікавыя польскія гарады.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт