Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрт: украінская вайсковая моц існуе толькі на паперы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.04.2014 14:42
  • Моцныя на паперы.mp3
Шмат хто ўспрыняў як чарговы праяў расейскай прапаганды заявы Крамля пра тое, што ўкраінская дзяржава слабая.

Аднак афіцыйны Кіеў уласнымі дзеяньнямі або хутчэй бязьдзеяньнем пачынае пацьвярджаць гэтую крытыку. Яскравы прыклад – антытэрарыстычныя апэрацыя на ўсходзе Ўкраіны.

Незадаволенасьць дзеяньнямі ўкраінскіх ўладаў на ўсходзе прывяла да таго, што людзі ў Кіеве зноў выйшлі на Майдан. Яны пікетавалі Вярхоўную раду ды дамагаліся адстаўкі цяперашніх кіраўнікоў. Прычына – няздольнасьць стрымаць хвалю сэпаратызму на ўсходзе. Паводле апошніх паведамленьняў з Данецку, сэпаратысты ўмацоўваюць свае пазыцыі, а антытэрарыстычнай апэрацыі няма. Так апісвае сытуацыю ў Данбасе аналітык Польскага інстытуту міжнародных адносінаў Яўген Вераб’ёў.

Яўген Вераб’ёў: Расейцы спынілі пакуль свой наступ у Данбасе. Яны ўмацоўваюцца ў захопленых месцах ды глядзяць за далейшым разьвіцьцём падзеяў. Турчынаў абвясьціў антытэрарыстычную апэрацыю. Але Кіеў пакуль нічога так і не зрабіў, яны пакуль пачалі канцэнтраваць войскі.

Іншыя польскія экспэрты пачалі адкрыта казаць пра тое, што абвешчаная антытэрарыстычная апэрацыя мае мала шанцаў на посьпех. Украінскія ўлады проста ня маюць структур, якія маглі б стрымаць сэпаратыстаў. Гаворыць Конрад Заштаўт з Польскага інстытуту міжнародных адносінаў.

Конрад Заштаўт: Дзеяньні Ўкраіны тут вельмі неэфэктыўныя, яны больш кампраметуюць украінскія ўлады. З выходных цягнецца эскаляцыя дзеяньняў сэпаратыстаў на ўсходзе. Толькі ў Харкаве сытуацыя здаецца апанаванай, у Данбасе ўсё вельмі небясьпечна. Украінскія ўлады не даюць з гэтым рады. Мне здаецца, што адпаведныя службы, якія маглі б з гэтым справіцца (між іншым сумнавядомы Беркут, які змагаўся з пратэстоўцамі на Майдане), цяпер зьнішчаны. Ва Ўкраіне не засталося структур, якія далі б сабе рады ў гэтай сытуацыі.

Украінская вайсковая моц існуе толькі на паперы, зазначае Войцех Лучак з часопіса “Войска-тэхніка-абарона”.

Войцех Лучак: Там склалася такая сытуацыя, што сусед ідзе на суседа. Адзін выступае за Ўкраіну, гаворыць па-расейску. Другі таксама расейскамоўны, але падтрымлівае Пуціна. Невядома, ці яны паслухаюць загады з Кіева.

Разьвіцьцё падзей толькі пацьвярджае гэтыя ацэнкі, зазначае намесьнік кіраўніка Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў Адам Эбэрхард.

Адам Эбэрхард: Гэтая сытуацыя паказала слабасьць Кіева, які ня ў стане ня толькі перамагчы сэпаратыстаў, але нават абмежаваць іх актыўнасьці.

Праблема ў кіеўскіх уладаў - больш псыхалягічнага характару, чым структурнага, мяркуе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Відавочна, што сёньня Ўкраіна нямоцная. Але я думаю, што сілаў для падаўленьня сэпаратысцкіх выступленьняў у іх бы хапіла. Справа ня столькі ў адсутнасьці сілаў, колькі ў тым, што яны баяцца рэакцыі Расеі. Масква толькі й чакае на тое, што там адбудзецца кровапраліцьцё, каб увесьці туды свае войскі. Змагацца з Расеяй у Ўкраіны сёньня ніяк ня хопіць сілаў.

На ўсходзе Ўкраіны шырацца сэпаратысцкія настроі, а ўрад у Кіеве ня можа іх утаймаваць. Краіна балянсуе на мяжы распаду.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт