Logo Polskiego Radia
Print

Выбары бяз выбару?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.05.2014 10:30
  • Выбары без выбару.mp3
Афіцыйны ды апазыцыйны лягеры пачалі падрыхтоўку да выбарчай кампаніі будучага году.

У 2015-м годзе канчаецца чарговы тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. Па тых настроях, што пануюць у лягеры апанэнтаў, будучая кампанія можа быць самай спакойнай для ўладаў.

У першую чаргу гэта вынікае з таго, што выбарчы мэханізм настолькі адпрацаваны. Беларускія й замежныя экспэрты кажуць пра тое, што выбары могуць адбыцца бяз выбарцаў. Перамога іншага чым ўладны кандыдат немагчымая. Пра асаблівасьці беларускай электаральнай сыстэмы распавядае палітоляг Юры Чавусаў.

Юры Чавусаў: Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, як казаў Лукашэнка, былі фальсыфікаваныя. Таму выбараў, як канкурэнцыі за галасы выбарцаў, дзякуючы чаму можна прыйсьці да ўлады -- няма. Ёсьць выбарчая сытуацыя, калі грамадзяне больш уважлівыя да палітычных лёзунгаў, праграм апазыцыйных кандыдатаў. Для апазыцыі – гэта добры момант, каб прадэманстраваць альтэрнатыўны шлях разьвіцьця краіны, і што ёсьць людзі нязгодныя з усталяваным у краіне дыктатарскім рэжымам.

Па-другое, апазыцыйныя сілы моцна аслабленыя папярэдняй кампаніяй. Толькі цяпер пачынаюцца размовы пра адзінага кандыдата. Абмеркаваньне вядзецца на тэму працэдур, кажа намесьнік старшыні руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: Мы размаўляем пра выбар адзінага кандыдата. Ёсьць некалькі прапаноў. Фінальным акордам стане кангрэс дэмакратычных сілаў, якому будуць папярэднічаць інфармацыйная кампанія ды праймэрыз дзеля вылучэньня кандыдатаў на кангрэс. Каб прадухіліць нараканьні з боку тых, хто прайграе, каб не нарабіць большага падзелу сярод дэмакратычных сілаў, трэба ўзважана падыходзіць да працэдур.

Больш за тое, варыянт “Плошчы”, вулічных пратэстаў па адстойваньні галасоў выбарцаў нават не абмяркоўваецца.

Юрысь Губарэвіч: Ранейшыя інструмэнты, якімі карыстала апазыцыя, як Плошча ды ціск на ўладу дзеля справядлівага падліку галасоў – не спрацоўваюць. Сёньня кандыдат павінен засяроджвацца на здабыцьці грамадзкай падтрымкі.

Прагназаваць магчымыя сцэнары будучай кампаніі пакуль немагчыма. Хутчэй за ўсё, для апазыцыі гэтая кампанія будзе не барацьбой за перамогу, а за сваё захаваньне. Верагодна, што гэта будзе больш інфармацыйная, чым прэзыдэнцкая кампанія, кажа палітоляг Юры Чавусаў.

Юры Чавусаў: Пры аналізе папярэдніх кампаній высьветлілася, што, напрыклад, штабам Мілінкевіча была пастаўленая задача здабыцьця 30% падтрымкі выбарцаў. Гэтага недастаткова нават для выхаду ў другі тур. У 2010-м годзе было крылатае выслоўе, што “наш кандыдат – гэта Плошча”. Таму трэба падзяляць палітычныя лёзунгі ад таго, што ёсьць насамрэч. Мінулыя мясцовыя ды парлямэнцкія кампаніі ўсе асноўныя палітычныя сілы разглядалі як інфармацыйныя кампаніі, а не змаганьне за мандаты. Цяпер ніхто ня кажа пра электаральную перамогу. На першы плян выходзіла агітацыя за пераўтварэньні, распаўсюд ідэяў пра разьвіцьцё краіны. Добра, што цяпер ёсьць памкненьне да аб’яднаньня. Але нават вылучэньне адзінага кандыдата ня робіць зразумелай тактыку перамогі.

Выбары 2015-га году пакуль выглядаюць як спакойная кампанія для ўладаў. На электаральную перамогу мала хто з альтэрнатыўных кандыдатаў можа разьлічваць. Зьнешнія абставіны не спрыяюць распрацоўцы “пратэстных сцэнароў”. Сытуацыю можа скарэктаваць толькі эканоміка.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт