Logo Polskiego Radia
Print

Сельгаспрадпрыемствы неабходна прыватызаваць, але якой цаной?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.07.2014 18:19
  • Прыватызацыя калгасаў неабходная, але цана яе будзе велізарнай.mp3
На калгасы Беларусь траціць больш грошай, чым на армію, міліцыю, ахову здароўя і адукацыю. І 60% зь іх застаюцца стратнымі.
Фота: telegraf.byФота: telegraf.by

Неэфэктыўныя сельгаспрадпрыемствы будуць прыватызаваныя – пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком працоўнай групы па фінансавым забесьпячэньні аграрнай рэформы. Кіраўнік дзяржавы даў старшыням стратных калгасаў паўгоду на выпраўленьне. У адваротным выпадку іх прадпрыемствы будуць прададзеныя. Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз палохае чыноўнікаў ці ён сур’ёзна намераны пачаць працэс прыватызацыі? Пра гэта мы разважаем зь беларускімі эканамістамі.

У гэтым годзе беларуская дзяржава намераная выдаткаваць з бюджэту на сельскую гаспадарку 750 мільёнаў даляраў – гэта больш, чым ідзе на ўтрыманьне арміі ці міліцыі і больш, чым выдаецца на ахову здароўя ды адукацыю. На мінулагодніх "Дажынках" кіраўнік Беларусі прызнаўся, што штогод краіна ўкладае ў сельскую гаспадарку каля 2 мільярдаў даляраў. Пры гэтым, паводле дадзеных за першы квартал 2014 года, 60% сельскагаспадарчых прадпрыемстваў не былі ў стане прыжыць без дзяржаўных датацыяў. А страты кожнага шостага прадпрыемства з гэтай групы перавышалі нават аб’ёмы дзяржпадтрымкі.

У дзяржавы няма сродкаў, каб утрымліваць такую стратную сельскую гаспадарку. Таму ўлады сапраўды задумаліся пра прыватызацыю аграрных прадпрыемстваў – лічыць эканаміст Пётр Мігурскі, які сам быў некалі старшынём калгасу.

П. Мігурскі: Занадта цяжкі гэты камень на шыі ў народа й дзяржаўнага бюджэту. Доля сельскай гаспадаркі ў бюджэтных выдатках не адпавядае значэньню сельскай гаспадаркі ў жыцьці грамадзтва. таму нешта трэба рабіць. У рэшце рэшт, прыватызацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў адыграе пазытыўную ролю. На фэрмэраў ніхто не зьвяртае ўвагі. У 2013 годзе на адзін гектар сельскагаспадарчых земляў калгасам было выдадзена 110 даляраў субсыдыяў. А фэрмэрам выдзелілі толькі 28 даляраў. Тым ня менш, фэрмэры жывуць! І езьдзяць далёка не на канях, а на “Мэрсэдэсах”.

Аднак пераводу калгаснай сельскай гаспадаркі на рынкавыя рэйкі перашкаджае цэлы шэраг нявырашаных праблемаў. Адна зь іх – гэта адсутнасьць прыватнай уласнасьці на зямлю, кажа Пётр Мігурскі.

П. Мігурскі: Для таго, каб прыватызацыя была паўнавартаснай, трэба ўвесьці прыватную ўласнасьць на зямлю. Хоць, зразумела, для нашай улады ўсё роўна, якая ўласнасьць – яна можа экспрапрыяваць яе ў любы момант. Аднак для надзейнасьці бізнэсу патрэбна ўвесьці паняцьце прыватнай ўласнасьці на зямлю для фізычных і юрыдычных асобаў, якія гэтую зямлю апрацоўваюць.

Другая праблема – гэта высокая запазычанасьць гаспадарак. Ніхто ня купіць калгас, даўгі якога перавышаюць вартасьць яго маёмасьці.

П. Мігурскі: Крэдыторская запазычанасьць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у 1,7 разу перавышае іх грашовую выручку. Вярнуць гэтыя пазыкі нерэальна. Так што рацыянальна прыватызаваць стратныя прадпрыемствы па цане 1 базавай велічыні.

Нарэшце, прыватызацыя калгасаў можа нэгатыўна адбіцца на саміх аграрыях – кажа Пётр Мігурскі. Трэба вырашыць, як прыстасаваць вялікія калгасы, малочныя комплексы ды сьвінафэрмы да працы ў рынкавых умовах. Іначай аб’ёмы вытворчасьці малака й мяса рэзка ўпадуць, а тэхналягічны ўзровень калгасаў дэградуе.

П. Мігурскі: Праблема буйных комплексаў гэта, напэўна, праблема нумар адзін пры правядзеньні прыватызацыйных працэсаў. Трэба знайсьці, як іх адаптаваць да рынкавай эканомікі. Для прыкладу: на адну карову патрэбны гектар зямлі. Пажадана, каб гэта была ворыўная зямля. Таму эфэктыўны комплекс на дзьве тысячы галоваў павінен мець дзьве тысячы гектараў зямлі. Важна захаваць спэцыялізацыю, але пры гэтым захаваць тэхнічны ўзровень, каб ён паступова не стаў прымітыўным.

Вялікія калгасы прыстасаваць да працы ў рынкавых умовах немагчыма – апануе Пятру Мігурскаму эканаміст Міхаіл Залескі, у мінулым адзін са стваральнікаў Беларускага сялянскага саюзу. Гаспадаркі трэба зрабіць меншымі – лічыць экспэрт.

М. Залескі: Улада ў асобе Лукашэнкі ня ведае ў сельскагаспадарчай галіне нічога, што выходзіць за рамкі сталінскай сельскагаспадарчай энцыкляпэдыі. Яна працягвае займацца індустрыялізацыяй сельскай гаспадаркі. У гэты самы час уся Эўропа займаецца каапэрацыяй і аграпрамысловай інтэграцыяй. А індустрыялізацыя ў Эўропе стаіць на трэцім месцы – як вынік першых двух працэсаў.

У Беларусі ж наадварот – ідзе цэнтралізацыя аграпрадпрыемстваў. Памер гаспадарак ужо ў 100 разоў большы, чым ў Эўропе! А Лукашэнка хоча, каб стандартная гаспадарка была ажно 22 тысячы гектараў! Відавочна, што яна будзе стратнай. І відавочна, што той памер датацыяў, які дае беларуская дзяржава, недастатковы, каб забясьпечыць эфэктыўную працу гэтых прадпрыемстваў.

Прыватызацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, праведзеная менскімі чыноўнікамі, наўрад ці будзе справядлівай - папярэджвае Міхаіл Залескі. У выніку яе ў Беларусі могуць зьявіцца велізарныя лятыфундыі з бяспраўным вясковым насельніцтвам.

М. Залескі: У майго бацькі была зямля. Камуністы гэтую зямлю адабралі, і ні капейкі за яе не далі. Цяпер, атрымліваецца, мне й такім, як я, трэба яе зноў купляць? Дык дзе тут справядлівасьць, і дзе тут праўда? Працаўнікі калгасаў, якія, як рабы ці ваеннапалонныя, ішачаць на зямлі, таксама нічога ад гэтай прыватызацыі не атрымаюць.

І пры гэтым ніхто не спрабуе ісьці зьнізу – запытацца, як рэформу бачаць людзі. На вёсцы 130 тысячаў людзей з вышэйшай адукацыяй. У іх хто-небудзь спытаўся? Усе пляны распрацоўваюцца толькі на вуліцы Карла Маркса ў Менску. Таму й вынікі такія. У выніку іх прыватызацыі ў нас паўстане такі капіталізм, як у Бразыліі. Зьявяцца лятыфундыі, якімі будуць валодаць сям’я Лукашэнкі ды яго чыноўнікі.

Раней ці пазьней беларускія ўлады пачнуць прыватызаваць калгасы – перакананыя экспэрты. Аднак як сам працэс прыватызацыі, так і яе вынікі могуць быць далёкая ад ідэалаў справядлівасьці ці рынкавай эфэктыўнасьці. Вясковае насельніцтва апынецца за бортам рэформаў. А ўлады, лічыць Пётр Мігурскі, змогуць ускласьці віну на прыхільнікаў рынкавай эканомікі: маўляў, вы хацелі рынку вы яго атрымалі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт