Logo Polskiego Radia
Print

“Іншай Радзімы, акрамя Крыму, у нас няма”

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.09.2014 07:20
  • Іншай Радзімы, акрамя Крыму, у нас няма.mp3
Нягледзячы на ціск уладаў, татары адчайвацца й зьяжджаць з Крымy не зьбіраюцца. Як у расейскім Крыме адчуваюць сябе карэнныя жыхары паўвыспы, высьвятляў наш карэспандэнт.
Foto: news.bigmir.net.Foto: news.bigmir.net.

Абмежаваньне палітычных правоў, прэсінг з боку расейскіх уладаў, няпэўная эканамічная сытуацыя й варожае стаўленьне славянскага насельніцтва – за такімі праблемамі сутыкнуліся крымскія татары пасьля далучэньня паўвыспы да Расеі. Як адчуваюць сябе карэнныя жыхары Крыму, лёс якіх вырашылі бяз іх удзелу? Адказ на гэтае пытаньне ў Сімфэропалі шукаў Аляксандар Папко.

У першыя дні ўсталяваньня расейскай улады, расейскія палітыкі стараліся заваяваць прыхільнасьць крымскіх татараў. Яны не скупіліся раздаваць абяцаньні аб паляпшэньні становішча карэннага народа. Аднак усе гэтыя абяцаньні засталіся нявыкананымі. Пасьля таго, як улада Крамля на Крыме ўмацавалася, на татараў пачалі ціснуць.

У сакавіку Вярхоўная рада Крыма прыняла пастанову, згодна зь якой ворганы дзяржаўнага кіраваньня павінныя былі фармавацца з абавязковай 20% квотай для татараў. У красавіку Ўладзімер Пуцін падпісаў указ аб рэабілітацыі татарскага народу й падтрымцы яго адраджэньня. Аднак ад абяцаных квотаў для татараў улады адмовіліся ўжо праз некалькі тыдняў. Доўгачаканай зямлі, якой карэнныя жыхары Крыма дамагаліся пасьля вяртаньня з дэпартацыі, татарам таксама ніхто ня даў. Пра гэта расказвае намесьнік старшыні Мэджліса крымскататарскага народу Айдэр Аджымамбетаў.

/

А. Аджымамбетаў: Расейскія ўлады хацелі паказаць, што, маўляў, Украіна не рэабілітавала татараў на працягу 23 гадоў, а яны адразу рэабілітавалі. Але гэтая рэабілітацыя не дае па вялікім рахунку нічога. Людзям сказалі, што яны могуць зьвярнуцца ў ворганы МУС, атрымаць даведкі. Што дадуць гэтыя даведкі, пакуль невядома. Закона, які вызначае правы рэпрэсаваных народаў, яшчэ няма. Невядома, якія правы аднаўляе рэабілітацыя. Дамы, зь якіх былі выселеныя татары, хутчэй за ўсё, ім ніхто ня верне. А кампэнсацыі, прадугледжаныя заканадаўствам Расеі, проста мізэрныя.

Новая канстытуцыя Крыму прызнала крымскататарскую мову адной з трох дзяржаўных моваў Крыму – разам з расейскай і ўкраінскай. Аднак у рэчаіснасьці вывучэньне дзяржаўнай мовы ў крымскіх школах скарацілася – канстатуе палітоляг Нарыман Джэлял.

/

Н. Джэлял: Спачатку казалі, што няма падручнікаў, пазьней – што няма настаўнікаў, затым казалі, што не хапае памяшканьняў для нацыянальных класаў. Спэцыялісты заяўляюць, што колькасьць гадзінаў, прызначаных на вывучэньне крымскататарскай мовы ў школах, рэзка скарацілася. Расейскае заканадаўства прадугледжвае тры варыянты праграмаў: для школаў з расейскай мовай навучаньня, для школаў з паглыбленым вывучэньнем нацыянальнай мовы й для нацыянальных школаў. Пераважная большасьць дырэктараў крымскіх школаў выбралі першы варыянт. Я ня думаю, што яны зрабілі гэта самастойна. У гэтым варыянце гадзінаў для вывучэньня украінскай і крымскататарскай мовы значна менш.

Расейская ўлада прынесла тое, чаго татары ніколі ня бачылі ва Ўкраіне – кантроль спэцслужбаў, запалохваньні й абмежаваньні палітычных правоў. Галоўнаму воргану самакіраваньня татараў – Мэджлісу – былі дадзеныя ўсяго суткі, каб выселіцца са свайго будынка. Лідарам татарскай супольнасьці Мустафе Джамілеву й Рэфату Чубараву расейскія ўлады забаранілі вяртацца на Крым. Гэта была помста за тое, што Мэджліс не прызнаў анэксіі Крыму Расеяй. Ён быў супраць таго, што лёс карэнных жыхароў Крыма вырашылі бязь іх. Татары байкатавалі рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі. Пераважная большасьць зь іх не пайшла й на першыя арганізаваныя Расеяй выбары ў мясцовы парлямэнт.

Пачынаючы з сакавіка, на Крыме было некалькі выпадкаў выкраданьня крымскіх татараў сілавікамі. У жніўні й верасьні ў духоўных навучальных установах былі праведзеныя вобшукі. Расейскія спэцслужбы шукалі экстрэмісцкую літаратуру. Варта зазначыць, што ва ўкраінскім Крыме, у адрозьненьні ад Расеі, рэлігійнага экстрэмізму й тэрарызму ніколі не было. Нават цяпер, як адзначаюць экспэрты, нягледзячы на перасьлед татараў, росту рэлігійнага экстрэмізму сярод іх не назіраецца.

Вобшукі ў мячэцях і мэдрэсэ – гэта не барацьба з мітычным радыкалізмам, а спроба запалохаць лідараў мусульманаў, мяркуе намесьнік муфція мусульман Крыму Айдэр Ісмаілаў.

/

А. Ісмаілаў: Вобшукі і праверкі ў мэдрэсэ мелі характар ціску на духоўнае ўпраўленьне мусульман Крыму й спробы схіліць яго да супрацоўніцтва. Гэта не барацьба з радыкалізмам.

Айдэр Ісмаілаў пры гэтым адзначае, што мусульмане Крыму ня могуць не супрацоўнічаць з расейскімі ўладамі.

А. Ісмаілаў: Для вырашэньня праблемаў мусульманскай супольнасьці ў 300 тысячаў чалавек немагчыма не супрацоўнічаць з духоўнымі ўстановамі Расеі, а таксама мясцовай крымскай уладай. Прывяду просты прыклад: адпраўка паломнікаў у хадж. Рада муфціяў Расеі вылучыла для нас квоту ў 150 асобаў. Афармленьне дакумэнтаў, замежных пашпартоў, вакцынацыя, атрыманьне візаў – усё адбываецца пры дапамозе мясцовай улады. А па іншаму й быць ня можа. Калі Духоўнае ўпраўленьне мусульманаў Крыму не адправіць паломнікаў у хадж, то атрымаецца, што яно не стварыла для мусульманаў умовы для адпраўленьня аднаго з пяці апірышчаў ісламу.

Татары адыгрываюць важную ролю ў эканоміцы Крыму. Менавіта на іх трымаецца сельская гаспадарка, транспарт, яны актыўна займаюцца гатэльным і рэстаранным бізнэсам. Аддзяленьне Крыму ад Украіны моцна ўдарыла па эканамічнай сытуацыі татараў – кажа Айдэр Аджымамбетаў.

А. Аджымамбетаў: Вялікіх пэрспэктываў у эканамічнай сфэры не назіраецца. Калі раптам зачыніцца сухапутны калідор ва Ўкраіну праз Перакоп, то будзе вялікі крызыс. Шматлікія прадпрымальнікі пастаўляюць на Крым тавары менавіта праз Украіну. Якім чынам крымскія татары змогуць знайсьці сваю нішу – сказаць вельмі цяжка. Вытворчасьць сельскагаспадарчых культураў робіцца больш складанай, паколькі Паўночнакрымскі канал зачынены, вады для паліву няма. Шматлікія фэрмэры панесьлі страты. Цяпер Крым толькі есьць, але амаль нічога не вырабляе.

Шмат татараў адзначаюць, што ў апошнія часы славянскае насельніцтва Крыму стала адносіцца да іх больш непрыязна. Расейцы глядзяць на татараў як на “пятую калёну” Украіны ці Захаду. Аднак татары не зьбіраюцца адчайвацца й зьяжджаць з Крыму. Не для таго яны дваццаць гадоў таму, кінуўшы ўсё, вярнуліся са сталінскай высылкі на зямлю продкаў. Нягоды аб’ядналі татараў. Такога ўздыму патрыятызму раней не назіралася ніколі – адзначаюць суразмоўцы. Крымскататарскія сьцягі бачныя на паўвысьпе паўсюль: на рукзаках школьнікаў, над дамамі татараў, на іх машынах і нават у маршрутках, кіроўцамі якіх зьяўляюцца татары.

“Гэта народ, і ён жыве на сваёй гістарычнай радзіме. У яго на ўсім зямным шары няма іншай роднай зямлі. І ён будзе тут жыць, разьвіваць свае традыцыі, рэлігію, культуру. Незалежна ад таго, у межах якой дзяржавы ён знаходзіцца,” – падкрэсьлівае Айдэр Ісмаілаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт