Logo Polskiego Radia
Print

Будучыня Крыму: усерасейская дача й непатапляльны авіяносец

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.10.2014 17:10
  • Будучыня Крыму усерасейская дача й непатапляльны авіяносец.mp3
Экспэрты: Пра турызм на Крыме ў бліжэйшыя гады прыйдзецца забыць. Ён стане яшчэ больш датацыйным рэгіёнам, чым быў пры Ўкраіне.

Аддзяленьне ад Украіны незваротна зьмяніла эканоміку Крыма. З сельскагаспадарчага рэгіёну й шумнага курорту для непатрабавальных турыстаў Крым рызыкуе ператварыцца ў ізаляваную паўвыспу вайскоўцаў і пэнсіянэраў. Пра тое, як выглядае сёньня гаспадарчае жыцьцё Крыма, і з чаго будуць жыць крымчане праз 5 гадоў, пытаўся ў экспэртаў Аляксандар Папко.

Далучэньне Крыму да Расеі, якога не прызнала міжнародная супольнасьць, пазбавіла працы сотні спэцыялістаў банкаўскай сфэры ды юрыстаў. Крым пакінулі працаўнікі сфэры IT. Аднак найбольшы ўрон аддзяленьне ад Украіны прынесла сельскай гаспадарцы. Крым цяпер адрэзаны ад дняпроўскай вады. Таму пра вырошчваньні некаторых культураў, напрыклад рысу, прыйдзецца забыць – канстатуе крымскі палітоляг Нарыман Джэлял.

/

Н. Джэлял: Ад самага пачатку ўлады Крыма заявілі пра нацыяналізацыю крымскага ўчастка Паўночнакрымскага каналу. На гэта Ўкраіна адрэагавала будаўніцтвам дамбы й перакрыцьцём вады. Вады не было. Пэўныя групы гародніны ўвогуле не былі вырашчаныя. Сытуацыю выратавалі шчодрыя дажджы, таму ўраджай збожжа на Крыме дастаткова высокі. Аднак з-за закрыцьця севастопальскага порту гэтую прадукцыю няма куды прадаваць. Фэрмэрам застаецца толькі пагаджацца на ня вельмі нявыгадныя ўмовы, выстаўленыя прадпрымальнікамі Краснадарскага краю, якія за бясцэнак купляюць гэтую прадукцыю, а затым перапрадаюць.

Крым стаў часткай Расеі, а значыць украінскія прадукты, якія ён спажывае, абкладаюцца мытам. Замежнікі ня хочуць везьці тавары на непрызнаную тэрыторыю. Вынік – рост цэнаў і ўзьнікненьне дэфіцыту.

Н. Джэлял: Мяса ў Крым завозілі ў асноўным з тэрыторыі Херсонскай вобласьці. На прапускных пунктах запрацавалі мытныя тарыфы, карупцыйныя схемы. Таму цана мяса стала нявыгаднай. Велізарная колькасьць тавараў на Крым завозілася з Турцыі. Аднак з-за зачыненых партоў і нежаданьня турэцкіх кампаніяў патрапіць пад санкцыі тавары вязуць у Адэсу, а адтуль ужо сухапутным шляхам перапраўляюць у Крым, што зноў павышае цэны тавараў. А некаторыя групы тавараў проста адсутнічаюць.

Да 70% жыхароў Крыму так ці іначай займаліся абслугоўваньнем турыстаў. Яны здавалі кватэры, развозілі турыстаў, працавалі ў гатэлях, вырошчвалі харчаваньне й гатавалі для гасьцей ежу. Так крымчане зараблялі на цэлы год. У гэтым годзе турыстычны сэзон быў сарваны. З плянаваных 8 мільёнаў турыстаў на паўвыспу прыехалі толькі 3 мільёны – канстатуе Нарыман Джэлял.

З-за росту цэнаў і падзеньня заробкаў пакупніцкая здольнасьць насельніцтва значна скарацілася. У выгаднай сытуацыі апынуліся толькі пэнсіянэры, вайскоўцы і чыноўнікі, якім Расея павысіла заробкі амаль удвая. Людзі з небюджэтнай сфэры вымушаныя шукаць працу за межамі Крыму – кажа генэральны дырэктар тэлеканалу АТР Эльзара Іслямава.

/

Э. Іслямава: Уся інфраструктура Крыму была падпісаная пад турыстычны сэзон: транспартныя прадпрыемствы, харчовыя прадпрыемствы, сельская гаспадарка. Штогод будаваліся пансіянаты. Сёньня ўсе яны пустуюць. Таму мы ўжо назіраем міграцыю насельніцтва. Людзі выяжджаюць у Кіеў, Краснадар, Маскву.

Раней Крым быў скрыжаваньнем гандлёвых шляхоў краінаў Міжземнамор’я і чарнаморскага басэйну. Цяпер ён ператварыўся ў аддалены ды ізаляваны рэгіён Расеі. Дабрацца сюды на самалёце з Масквы каштуе таньней, чым даехаць на цягніку. Ці вернуцца ў Крым турысты?

Замежныя турысты не паедуць адпачываць на непрызнаную тэрыторыю, а расейскія турысты не прыедуць, пакуль ня будзе вырашаная транспартная праблема – адказваюць уласьнікі турфірмы Таўрыд і Эльзара Музафаравы.

/

Т. Музафараў: Аэрапорт Сімфэропаля цяпер загружаны на 100%. У бліжэйшыя тры гады яго рэканструяваць ніхто не плянуе. У сёньняшнім стане ён можа апрацоўваць ня больш за 1 мільён 200 тысячаў пасажыраў на год.

Э. Музафарава: Турыст у бліжэйшыя 5 гадоў да нас не паедзе – гэта адназначна. Крым заўсёды жыў за кошт украінскіх турыстаў. Гэта недарагі кліент. А расейцы, на жаль, расьпешчаныя заморскімі краінамі. Укладзе сюды грошы расейская дзяржава ці не – гэта велізарнае пытаньне. Мы ўсе чакаем мост праз Керчанскі праліў, пра які ўсе кажуць. Аднак нам сказалі, што на бліжэйшае пяцігодзьдзе можна не разьлічваць. Мы самі нядаўна праяжджалі гэтую пераправу, размаўлялі з супрацоўнікамі. Яны сказалі, што гэта рабіць нявыгадна.

Да 2020 году Расея абяцае ўкласьці ў разьвіцьцё Крыму 16 мільярдаў даляраў. Гэтыя грошы павінныя пайсьці на пабудову прычалаў, дарогаў, электрастанцыяў, а самае галоўнае – моста праз Керчанскі праліў.

У лепшым выпадку, гэты мост будзе пабудаваны праз 5 гадоў – кажуць мае суразмоўцы. За гэты час турыстычны бізнэс можа прыйсьці ў заняпад. Акрамя таго, невядома, колькі грошай сапраўды пойдзе на будаўніцтва, бо крымскія чыноўнікі славяцца сваёй карупцыяй.

Сімфэропальскі палітоляг Дзьмітры Амяльчук сумняваецца, што мост і парты будуць пабудаваныя ў заяўлены тэрмін.

/

Д. Амяльчук: Унутраных рэсурсаў Крыма на гэта вылучыць будзе немагчыма. Іх яўна недастаткова. Па-другое, гэта занадта маштабныя праекты, каб іх можна было рэалізаваць у такі кароткі тэрмін. Па-трэцяе, ўсе размовы пра мост застаюцца на ўзроўні дасьледчых працаў. Пакуль няма канчатковага рашэньня, што будзе будавацца: мост альбо тунэль. У будове ёсьць перашкоды й чыста геалягічнага характару, ня кажучы ўжо пра тое, што сума сродкаў, якія патрэбныя на пабудову мосту, не зьмяншаецца, а ўвесь час расьце.

Крым не прыстасаваны да забесьпячэньня ўсім неабходным марскім шляхам. Ён ня мае адпаведна абсталяваных партоў. Асноўны шлях пастаўкі прадуктаў сёньня – гэта паромная пераправа. Ён нятанны і падчас штормаў блякуецца – прызнае дырэктар транспартнай кампаніі Аляксандар Глябко.

/

А. Глябко: Паромная пераправа вельмі залежыць ад умоваў надвор’я. Вельмі верагодна, што ў яе працы будуць перабоі. Сытуацыя з забесьпячэньнем Крыма будзе залежаць ад мясцовага кіраўніцтва. Калі ў яго будзе магчымасьць зрабіць запасы харчаваньня й паліва – Крым пратрымаецца. Штормы ў нас доўжацца максымум тыдзень. Я думаю, тыдзень Крым зможа перажыць.

Буйных прадпрыемстваў на Крыме – адзінкі. І цяпер яны зьмяняюць уласьнікаў. Перадзел уласнасьці, рэйдэрскія захопы значна зьніжаюць інвэстыцыйную прыцягальнасьць паўвыспы – канстатуе палітоляг Нарыман Джэлял.

Н. Джэлял: На падставе закону аб прымусовым выкупе, прынятага 8 жніўня, шматлікія прадпрыемствы сталі “аджымаць” пры дапамозе людзей у масках ці так званага Народнага апалчэньня Крыма. Найбольш яскравыя прыклады – “Крымавтотранс”, “Крымпотребсоюз”. Пацярпелі й украінскія ўласьнікі: Каламойскі, Тарута, Фірташ. Яшчэ ў ліпені на паседжаньні ўраду Дзьмітры Мядзьведзеў распарадзіўся падрыхтаваць пакет прыватызацыйных аб’ектаў. Гэта кажа пра тое, што ў Крыме назьбіраюць масіў уласнасьці, які пазьней будзе прададзены ўжо расейскім уласьнікам.

“Галасуючы за далучэньне да Расеі, крымчане апэравалі катэгорыямі мовы й культуры. Аднак яны забыліся, што зьнішчэньне эканамічных сувязяў з Украінай разбурыць эканоміку Крыма”, - падкрэсьліў палітоляг Дзьмітры Амяльчук. “Паўвыспа рызыкуе вярнуцца ў старыя добрыя часы, калі яна была непатапляльным авіяносцам і ўтульнай дачай для вайсковых адстаўнікоў”, – жартуе Нарыман Джэлял.

Крым быў і застаецца датацыйным рэгіёнам. Невядома, ці ўдасца расейскім дзяржаўным інвэстыцыям ажывіць яго эканоміку. Хутчэй за ўсё, ў бліжэйшыя гады турызм і сельская гаспадарка Крыма застануцца ў глыбокім крызысе. Расьці будзе будаўнічы сэктар, а таксама дзейнасьць,зьвязаная з абслугоўваньнем расейскіх вайскоўцаў. Прэзыдэнт Расеі ўжо зацьвердзіў праграму разьвіцьця ваеннай групоўкі на Крыме. Нядрэнна будуць сябе адчуваць пэнсіянэры, ваенныя, чыноўнікі ды іншыя бюджэтнікі. Усім тым, каму ў гэтай мадэлі ня знойдзецца месца, прыйдзецца шукаць працу ў Расеі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт