Logo Polskiego Radia
Print

Супрацоўніцтва з Кітаем прыносіць Беларусі адны толькі страты

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 08.10.2014 20:03
  • Супрацоўніцтва з Кітаем прыносіць Беларусі адны толькі страты.mp3
Расьце дэфіцыт зьнешняга гандлю й запазычанасьць. А кітайскія інвэстыцыі замест Беларусі ідуць у Вугоршчыну ды Польшчу.
Фота: 5min.byФота: 5min.by

На працягу больш як 15 гадоў Беларусь стараецца актыўна разьвіваць эканамічныя й палітычныя стасункі з Кітаем. Аднак ад беларуска-кітайскага супрацоўніцтва пакуль выйграе толькі Пэкін. Беларусі застаецца нэгатыўнае гандлёвае сальда й рост зьнешняй запазычанасьці, а кітайскія інвэстыцыі замест Беларусі ідуць у Вугоршчыну ды Польшчу. Пра гэта распавялі ўдзельнікі дыскусіі “Што хоча Кітай ад Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы?”, якая прайшла ў рамках IV Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі.

У апошняе дзесяцігодзьдзе Кітай вядзе актыўную эканамічную экспансію ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Яго інвэстыцыі тут вырасьлі ажно ў 18 разоў. Для параўнаньня, у азіяцкім рэгіёне яны вырасьлі “толькі” ў 7 разоў. На прасторы ад Расеі да Нямеччыны Пэкін перасьледуе тры важныя мэты – тлумачыць дырэктар Цэнтра кітайскіх дасьледаваньняў Сыднэйскага ўнівэрсытэту Кэры Браўн:

/

К. Браўн: Як дзяржава глябальнага маштабу, Кітай стварае сетку партнэраў па ўсім сьвеце. Па-другое, ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ёсьць прыродныя рэсурсы, транспартныя сеткі, доступ да рынкаў, якія патрэбныя Кітаю. Па-трэцяе, тут ёсьць магчымасьці для інвэставаньня. Некаторыя краіны могуць прадставіць спрыяльныя ўмовы для інвэстыцыяў, якія дапамогуць Кітаю ўмацавацца на эўрапейскім рынку. У стратэгічным пляне гэты рэгіён важны для Кітая.

З пачатку 2000-х гадоў кіраўніцтва Беларусі стараецца разьвіваць стратэгічнае партнэрства з Кітаем, каб зьменшыць эканамічную залежнасьць ад Расеі. А ці патрэбная велізарнай “Паднябеснай імпэрыі” невялікая Беларусь?
Кітай сапраўды мае ў Беларусі шэраг важных інтарэсаў – кажа экспэрт Беларускага цэнтра стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў.

/

А. Елісееў: Па-першае, Кітай забясьпечвае збыт сваёй прадукцыі, дзякуючы зьвязаным крэдытам, якія ён дае Беларусі. Кітайская фінансавая дапамога таксама ідзе на інфраструктурныя праекты ды праекты, зьвязаныя з энэргетыкай. Кітай так робіць, бо зацікаўлены ў дывэрсіфікацыі шляхоў свайго экспарту й імпарту тавараў. Па-трэцяе, Кітай цікавіць сыравіна, неабходная для разьвіцьця яго эканомікі. У Беларусі яго цікавяць калійныя ўгнаеньні й капралактам, які ён выкарыстоўвае ў сваёй нафтахімічнай прамысловасьці.

Супраца зь Менскам мае для Пэкіну й палітычнае значэньне. Беларусь падтрымлівае Кітай у ААН, не разьвівае адносінаў з Тайванем і лідарам Тыбэту Далай-ламай.
Беларусь, у сваю чаргу, зацікаўлена ў кітайскіх крэдытах інвэстыцыях, а таксама абсталяваньні для мадэрнізацыі прамысловасьці. Аднак пакуль што супрацоўніцтва з Кітаем не прынесла мадэрнізацыйнага рыўка, а толькі павялічыла дэфіцыт гандлёвага балянсу ды запазычанасьць Беларусі. Нягледзячы на блізкасьць палітычных рэжымаў, кітайскія бізнэсмэны адчыняюць свае прадпрыемствы не ў Беларусі, а ў Польшчы ды Вугоршчыне – кажа Андрэй Елісееў.

А. Елісееў: Беларусь бярэ ўсё больш зьвязаных крэдытаў у Кітая. На гэтыя сродкі, згодна з дамоўленасьцямі, яна павінная купляць мінімум 50% абсталяваньня, матэрыялаў, тэхналёгіяў з Кітаю. Гэта павялічвае дэфіцыт гандлёвага балянсу. Гэта павялічвае таксама запазычанасьць. Беларусь ужо пачынае займаць грошы на міждзяржаўным узроўні, каб аддаваць ранейшыя пазыкі.

Нарэшце, ёсьць праблемы з якасьцю матэрыялаў , абсталяваньня, выкананых работ. Вынікам гэтага стала аварыя на адной з менскіх цеплаэлектрастанцыяў, а таксама пратэрмінаваныя здачы ў эксплюатацыю вытворчых лініяў на цэмэнтных заводах. Аб’ёмы прамых кітайскіх інвэстыцыяў застаюцца малымі. Таму беларускае кіраўніцтва яўна расчараванае супрацоўніцтвам.

З 2000 году таваразварот Беларусі з Кітаем павялічыўся ў 15 разоў. Вынік значны, яле не надзвычайны. Таваразварот амаль усіх краінаў-суседзяў Беларусі за гэты час павялічыўся ў 11-16 разоў. Беларусь імпартуе з Кітая тавараў на 2,5 мільярды даляраў, а прадае – толькі на паўмільярды. Больш за тое, 75% гэтага аб’ёму экспарту складае сыравіна: калійныя ўгнаеньні й капралактам.
Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк таксама можа аказацца праблемным праектам – кажа Андрэй Елісееў.

А. Елісееў: Індустрыяльны парк пад Менскам будуецца паводле ўзору сынгапурска-кітайскага індустрыяльнага парку ў горадзе Сучжоў. Цяпер ён пасьпяховы, але ў першыя гады пасьля заснаваньня ён знаходзіўся на мяжы банкруцтва. Пабудаваны ў 1994 годзе парк быў галоўным прыярытэтам кітайска-сынгапурскага супрацоўніцтва. Нягледзячы на гэта, ў 2000 годзе ён прыносіў страты. Ішлі гаворкі пра яго закрыцьцё.

У 2001 годзе была цалкам зьменена структура кіраваньня паркам, прыйшлі новыя інвэстары. Толькі праз дзесяць гадоў пасьля гэтага парк прыйшоў да таго посьпеху, які мы бачым сёньня. На прыкладзе сынгапурска-кітайскага парку мы можам убачыць тыя рызыкі, з якімі можа сутыкнуцца беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Асноўныя абавязкі па пошуку інвэстараў і рэзыдэнтаў парку, як і асноўная адказнасьць за яго посьпех ці правал ляжыць на Беларусі, бо парк знаходзіцца ў Беларусі, а не ў Кітаі.

Аналітык Беларускага цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў ня лічыць, што ў бліжэйшы час супрацоўніцтва з Кітаем стане для Беларусі прыбытковым.

А. Елісееў: Я думаю, у бліжэйшыя гады будзе назірацца ўсё той жа дысбалянс у гандлі, будзе расьці расчараваньне беларускага кіраўніцтва. ня бачна, якім чынам Беларусь можа прыцягнуць кітайскія прамыя інвэстыцыі. У Беларусі проста няма праектаў, у які кітайскаму бізнэсу было б цікава інвэставаць. Думаю, Кітай працягне даваць Беларусі зьвязаныя крэдыты. Прыярытэтам супрацоўніцтва застанецца беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, але яго дасягненьні ці правалы будуць бачныя не раней, чым праз 3-5 гадоў.

Статыстыка сьведчыць, што ад беларуска-кітайскага супрацоўніцтва пакуль выйграе толькі Кітай. “Каб дабіцца посьпеху ў стасунках з Кітаем, трэба мець ясную стратэгію й дакладна ведаць, чаго ты хочаш дасягнуць,” – кажа прафэсар Сыднэйскага ўнівэрсытэту Кэры Браўн. Каб супрацоўнічаць з такой вялікай краінай, як Кітай, малым краінам проста неабходна выступаць у рамках вялікіх саюзаў, якія будуць лабіяваць агульныя інтарэсы. Таму Беларусі трэба шукаць магутных саюзьнікаў, якімі для Польшчы ці Эстоніі зьяўляецца Эўрапейскі зьвяз – падказвае дасьледчык.

Аляксандар Папко


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт