Logo Polskiego Radia
Print

“Беларускамоўныя павінныя езьдзіць на добрых аўтамабілях”

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.10.2014 15:40
  • Беларускамоўныя павінныя езьдзіць на добрых аўтамабілях.mp3
Людзі пачнуць размаўляць па-беларуску, калі ўбачаць, што на мове размаўляюць пасьпяховыя й багатыя людзі – лічаць удзельнікі курсаў “Мова ці кава” ў Варшаве.

Каб беларусы пачалі размаўляць па-беларуску, трэба паказаць ім, што на беларускай мове размаўляюць пасьпяховыя й багатыя людзі. Трэба, каб мова стала моднай. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі першай сустрэчы курсаў беларускай мовы “Мова ці кава”, якая прайшла ў Варшаве.

Курсы беларускай мовы, якія пасьпяхова працуюць Маскве, Менску, Горадні, Берасьці, дабраліся цяпер і да польскай сталіцы. Варшаўская публіка з цікаўнасьцю сустрэла адкрыцьцё курсаў “Мова ці кава”. На першую сустрэчу прыйшлі больш за 40 чалавек.

У Варшаве жывуць тысячы беларусаў. Напэўна, шмат хто зь іх захоча адкрыць для сябе культуру свайго народу, каб не згубіцца ў шматнацыянальным натоўпе. Пра мэты курсаў “Мова ці кава”распавядае іх вядучая Тацьцяна Нядбай.

/

Т. Нядбай: “Мова ці кава” дзейнічаюць у Менску, Маскве ды іншых гарадах. Як адчуваецца, ёсьць патрэба зрабіць такія курсы і ў Варшаве. Тут вельмі шмат беларусаў, якія сюды пераехалі па палітычных і эканамічных прычынах. Ёсьць людзі, для якіх гэта можа быць патрэбна.

Другі вядучы Андрэй Вардамацкі з дапытлівасьцю дасьведчанага навукоўца распытваў удзельнікаў, чаму яны прыйшлі на заняткі. Нехта прыйшоў, каб сапраўды падвучыць мову, нехта – каб пазнаёміцца зь мясцовымі беларусамі й разам зрабіць нейкую справу, а нехта – каб проста правесьці вечар у кампаніі цікавых людзей.
Бліжэй пазнаёміцца зь беларускай мовай і культурай прыйшлі ня толькі беларусы, але й палякі, а таксама ўкраінцы.

“Навошта беларусам патрэбная ўласная мова?” – не супакойваўся Андрэй Вардамацкі. “Каб адчуць непаўторнасьць свайго народу й свайго ўласнага “я”, “каб узмацніць салідарнасьць паміж суайчыньнікамі”, нарэшце “каб пачуць сябе нармальным народам” – адказвалі ўдзельнікі.

Беларуская мова дае беларусам шанец пазытыўна вылучыцца на фоне іншых народаў. Беларусы не адказныя за ўсе спрэчкі й войны сваіх вялікіх суседзяў – кажа наведвальнік курсаў Лукаш Ясіна.

/

Л. Ясіна: Сто гадоў таму можна было запытацца летувісаў: навошта ім уласная мова, калі 90% зь іх і так размаўляюць па-польску? Некалькі дзесяцігодзьдзяў таму гэтае ж пытаньне можна было задаць украінцам з Кіева: маўляў, чаму вы вучыце ўкраінскую мову, калі большасьць з вас размаўляе па-расейску? Аднак у пэўны момант яны ўсе захацелі размаўляць на сваёй мове.

Проста беларусы – гэта беларусы. Адзіная рэч, якая іх сапраўды адрозьнівае – гэта беларуская мова. Беларусаў на сьвеце больш за 10 мільёнаў. Іх больш, чым вугорцаў, чэхаў, латышоў, летувісаў. Чаму яны не павінны мець сваёй уласнай мовы? Расейцаў 120 мільёнаў. Яны справяцца й без 10 мільёнаў беларусаў. А вось беларусы растворацца ў расейскім моры вельмі лёгка.

“Як зрабіць так, каб беларусы пачалі размаўляць па-беларуску?” - задаў трэцяе пытаньне Андрэй Вардамацкі. Трэба каб мова стала сьцежкай для сацыяльнага росту – прыйшлі да высновы ўдзельнікі сустрэчы. Беларуская мова павінная стаць мовай людзей пасьпяховых і жыцьцярадасных. Беларуская мова павінна стаць моднай.

Калі вярхі краіны пачнуць размаўляць па-беларуску, то па-беларуску пачнуць размаўляць і іншыя, каб прабіцца на палітычны ды эканамічны Алімп. Пакуль што чакаць, што кіраўнік дзяржавы й міністры пачнуць размаўляць па-беларуску проста бессэнсоўна. Аднак ёсьць шмат рэчаў, якія людзі могуць рабіць “зьнізу” – кажа дырэктар інфармацыйнага офісу “Беларусь у фокусе” Юлія Слуцкая.

Ю. Слуцкая: Курсы “Мова ці кава”, а таксама “Мова нанова” праводзяцца ў некалькіх гарадах Беларусі. На іх прыходзяць як моладзь, так і пэнсіянэры. Гэта сьведчыць пра тое, што мова пачынае станавіцца моднай. Вельмі важна, каб людзі, якіх называюць VIP-амі, зоркамі, творчымі асобамі, пачалі размаўляць па-беларуску. Гэта сьпевакі, мастакі, спартсмэны. Трэба, каб да іх далучаўся бізнэс і дапамагаў прасоўваньню беларускай мовы. Мы ня можам зрабіць гэтага “зьверху”, але мы можам пачаць гэта рабіць “зьнізу”.

На беларускай мове трэба рабіць больш прывабных культурных праектаў. Трэба каб мова стала цікавай – кажа адзін з удзельнікаў сустрэчы Яўген.

/

Яўген: Трэба размаўляць, не саромецца, расказваць людзям цікавыя рэчы па-беларуску, прапаноўваць людзям цікавыя рэчы па-беларуску, забіраць людзей на цікавыя падзеі па-беларуску – такія, як сёньняшняя сустрэча ці нядаўні канцэрт Лявона Вольскага. Трэба забраць з сабой маленькую стрыечную сястру альбо сябра – гэта самы цудоўны спосаб.

Спэцыяльным госьцем першай сустрэчы “Мова ці кава”стаў малады беларускі літаратар, аўтар скандальнавядомага апавяданьня “Маладафронтаўка” Віктар Шукеловіч.

Чым больш пасьпяховымі будуць беларускамоўныя людзі, тым больш прывабнай стане мова – лічыць пісьменьнік

В. Шукеловіч: Нам усім трэба добра зарабляць , трэба купляць добрыя рэчы, езьдзіць на добрых машынах, добра выглядаць, хадзіць з добрымі прычоскамі. Трэба паказваць, што мова – гэта прэстыжна. Але я не выракаюся й вышыванак, і вясковасьці. Беларуская мова павінная быць для ўсіх.

Першая сустрэча “мова ці кава” ў Варшаве была тэставай– тлумачыць Тацьцяна Нядбай. Яе мэтай было спраўдзіць зацікаўленасьць аўдыторыі. Цікаўнасьць ёсьць, аднак вядучыя не агучылі, як будуць разьвівацца курсы далей. Напрамак разьвіцьця вызначаць самі ўдзельнікі сустрэчаў – кажа Тацьцяна Нядбай.

Т. Нядбай: Курсы павінныя будавацца на руху зьнізу. Людзі, якія сюды прыходзяць, павінныя вызначаць што і як трэба рабіць. Мы будзем вызначаць гэта праз групу “Мова ці кава” ў Фэйсбуку. Кожны ахвотны можа туды напісаць, зрабіць сваю прапанову. Калі зьбярэцца каманда людзей, гатовых рабіць гэта далей, то гэта ўсё зрушыцца зь месца. Я вельмі спадзяюся, што каманда сфармуецца, і што “Мова ці кава” будзе жыць у Варшаве.

Калі арганізатары курсаў пераадолеюць усе ўнутраныя канфлікты, то наступная сустрэча “Мова ці кава” не прымусіць сябе доўга чакаць – кажа Тацьцяна Нядбай.

Аляксандар Папко

Варшаўская
Варшаўская кавярня ледзьве зьмясьціла ўсіх жадаючых наведаць "Мова ці кава".

Юлія
Юлія Слуцкая: Людзі захочуць размаўляць па-беларуску, калі па-беларуску будуць размаўляць спартоўцы, артысты й бізнэсмэны.

Віктар
Віктар Шукеловіч: Беларускамоўныя людзі павінныя езьдзіць на добрых аўтамабілях.

/



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт