Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская армія – магутная сіла ці музэй састарэлай тэхнікі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.10.2014 20:37
  • Беларуская армія – магутная сіла ці музэй састарэлай тэхнікі.mp3
Польскі экспэрт: Некаторыя роды войскаў знаходзяцца на эўрапейскім узроўні, іншыя – дэградавалі з-за недахопу фінансаваньня.
Фота: radyjo.net/ Сяргей Гудзілін

Наколькі баяздольная беларуская армія? Даць адназначнага адказу на гэтае пытаньне ня могуць як экспэрты зь Беларусі, так і з Эўразьвязу. Адныя панічна заяўляюць, што у выпадку вайны беларускія Т-72 за два дні даедуць да Варшавы. Іншыя сьцьвярджаюць, з-за 20-гадовага недахопу фінансаваньня беларуская армія даўно прыйшла ў нягоднасьць. Дык беларуская армія – гэта нерухомы шкілет савецкага войска ці магутная вайсковая сіла? Праўда ляжыць недзе пасярэдзіне - мяркуе прафэсар Вальдэмар Рэзмэр з унівэрсытэта польскага горада Торунь. З вайсковым гісторыкам на IV Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі размаўляў Аляксандар Папко.

Армія Беларусі налічвае амаль 60 тысячаў жаўнераў. Яна ўсяго ў два разы меншая за польскую, хоць па насельніцтву дзьве краіны адрозьніваюцца ў чатыры разы. Па колькасьці цяжкога ўзбраеньня беларусы нават пераўзыходзяць палякаў. Польшча мае каля 1000 танкаў і 112 баявых самалётаў, у той час як беларускія ўзброеныя сілы могуць пахваліцца амаль 1,5 тысячамі танкаў і 81 баявым самалётам.

Аднак калі мы параўнаем вайсковыя бюджэты Беларусі й краінаў суседзяў – то стане відавочным, што беларуская армія сядзіць на галодным рацыёне. На аднаго жаўнера Беларусь выдае ў 6 разоў менш, чым Польшча й Расея, ў 5 разоў менш, чым Чэхія, у два разы менш, чым Эстонія. Некаторыя роды войскаў у беларускай арміі знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, а баяздольнасьць іншых выклікае сумневы – кажа Вальдэмар Рэзмэр.

/

В. Рэзмэр: Паводле колькасьці жаўнераў, беларуская армія зьяўляецца адной з самых моцных ва Ўсходняй Эўропе. Яна мае шмат элемэнтаў, якія знаходзяцца на вельмі высокім узроўні. Гэта падразьдзяленьні армейскай выведкі, сувязі, супрацьпаветранай абароны, інжынэрныя часткі. Затое іншыя роды войскаў (танкавыя, мотастралковыя, авіяцыя й г.д.) зьяўляюцца састарэлымі. Гэта вынік таго, што на працягу дзесяцігодзьдзяў беларускае кіраўніцтва аддавала перавагу ў фінансаваньні міліцыі, спэцслужбам і памежнікам. Тое самае адбывалася ва Ўкраіне. Аднак вынікі такой палітыкі былі сумныя.

Кампэтэнцыі вышэйшага каманднага складу беларускай арміі Вальдэмар Рэзмэр таксама ацэньвае даволі высока. Аднак вайсковым прафэсіяналам часта перашкаджаюць палітыкі – кажа экспэрт.

В. Рэзмэр: Кіраўніцтва беларускай арміі – гэта афіцэры, якія скончылі яшчэ савецкія ваенныя акадэміі. А выкладаньне там было на высокім узроўні. Вельмі часта афіцэры прымаюць рашэньні, правільныя з пункту гледжаньня як арміі, так і эканомікі. Аднак ім перашкаджае палітычнае кіраўніцтва. Прыкладам можа паслужыць вывад з эксплюатацыі зьнішчальніка Су-27. Гэта вельмі добры самалёт, але надзвычай дарагі ў выкарыстаньні.

Ён цяжкі, таму спажывае велізарную колькасьць паліва. Вайсковае кіраўніцтва разумна вырашыла, што пры такіх адносна невялікіх памерах краіны беларускай арміі хопіць лёгкіх зьнішчальнікаў МіГ-29. Аднак у справу ўмяшаўся прэзыдэнт Лукашэнка, і тыя самыя людзі, які год таму абгрунтоўвалі неабходнасьць вываду Су-27 з эксплюатацыі, цяпер даказваюць неабходнасьць вярнуць іх у строй.

Баяздольнасьць арміі залежыць ня толькі ад экіпіроўкі й вывучкі, але й і ад маральнага духу жаўнераў і афіцэраў. Ці здольная беларуская армія супраціўляцца ваеннай агрэсіі, калі яна прыйдзе не з Захаду, а з Усходу, як гэта адбылося ва Ўкраіне? На гэтае пытаньне прафэсар Рэзмэр адказвае нэгатыўна.

В. Рэзмэр: Ад самага пачатку свайго існаваньня беларуская армія рыхтавалася даць адпор агрэсіі з Захаду. Расея ўвесь час прадстаўляецца афіцэрам як саюзьнік, партнэр, сябра. Я ня ведаю ніякіх распрацовак, дзе б разглядалася магчымасьць збройнага сутыкненьня беларускай і расейскай арміяў. На маю думку, гэта выключана як палітычна, так апэрацыйна ці нават псыхалягічна. Разам з тым, кожныя два гады праводзяцца вучэньні “Захад”, у легендзе якіх адкрыта сказана, што іх мэта – супрацьдзейнічаць агрэсіі з Захаду. Задачай вучэньняў “Захад 2013” была ліквідацыя “тэрарыстычных групаў”, якія павінныя былі зьявіцца з заходняга накірунку. А ў пагоні за тэрарыстамі можна перайсьці мяжу і й гнацца за імі вельмі-вельмі далёка...

Хранічны недахоп фінансаваньня – гэта хвароба ня толькі беларускай ці ўкраінскай арміяў, падкрэсьліў Вальдэмар Рэзмэр. Нават жаўнеры нямецкага Бундэсвэру сёньня ня грэбуюць “канібалізмам”. Часта нямецкія самалёты й БТРы падтрымліваюцца ў страі толькі дзякуючы таму, што на запчасткі разьбіраюць іншых іх сабратоў.

Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Бундэстагу нямецкімі вайскоўцамі, са 180 бронетранспарцёраў Boxer спраўныя сёньня толькі 70. З 200 зьнішчальнікаў Eurofighter і Tornado могуць выконваць свае заданьні толькі 80. Падобная сытуацыя і з баявымі верталётамі. Усе краіны Эўропы ў апошнія мірныя дзесяцігодзьдзі бязьлітасна рэзалі сваю армію ды эканомілі на абароне.

Беларуская армія сама па сабе не нясе вялікай пагрозы Польшчы – лічыць Вальдэмар Рэзмэр. Аднак згодна з дамовай аб рэгіянальнай групоўцы войскаў Беларусі й Расеі, у выпадку вайсковага канфлікту ўся беларуская армія стане пад камандаваньне 20-й расейскай арміі. Разам гэтыя сілы пераўзыходзяць польскае войска больш як у два разы.

У сутыкненьні з такім праціўнікам Варшава ня мае шанцаў – кажа Вальдэмар Рэзмэр. І на NATO ў яго сёньняшнім стане нельга спадзявацца занадта моцна. “На працягу 20 гадоў Польшча й яе суседзі жылі з камфортным перакананьнем, што NATO нас не пакіне. Цяпер мы павінныя больш падумаць пра тое, як абараняцца самім. Нашыя сілы павінныя быць у стане аказваць даволі доўгі супраціў і выйграць час. Галоўнае – ня даць сябе засьцігнуць зьнянацку і не дазволіць сябе хутка разьбіць”, - падкрэсьліў прафэсар.

Адмова ад усеагульнай вайсковай павіннасьці ўжо не падаецца палякам такой бліскучай ідэяй, якой яна здавалася дзесяць гадоў таму. Польшча задумваецца над тым, як павялічыць мабілізацыйны рэзэрв. Як адзін з варыянтаў разглядаецца стварэньне дабравольнай вайсковай службы, калі жадаючых будуць браць у армію на год – паведаміў навуковец.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт