Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрт: Расейцы пачынаюць лічыць Пуціна слабаком

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.10.2014 16:52
  • Экспэрт Расейцы пачынаюць лічыць Пуціна слабаком.mp3
Пра тое, чаму рэйтынг Пуціна пачаў зьніжацца й чаму ўра-патрыятызм давядзе Расею да распаду, расказвае палітоляг Павал Усаў.
Foto: www.time.comFoto: www.time.com

Рэйтынг Уладзімера Пуціна пачаў зьніжацца ўпершыню з пачатку 2014 году. Аднак прычыны гэтага крыюцца на ў тым, што расейскае грамадзтва незадаволенае заходнімі санкцыямі й выступае супраць умяшальніцтва Расеі ў канфлікт ва Ўкраіне. Наадварот, расейскае грамадзтва незадаволенае празьмернай “нерашучасьцю” Ўладзімера Пуціна. Так лічыць беларускі палітоляг Павал Усаў. Пра прычыны ваяўнічых настрояў расейскага грамадзтва і іх вынікі для эканомікі і унутранай палітыкі самой Расеі з Паўлам Усавым размаўляе Аляксандар Папко.

Паводле дадзеных Левада-Цэнтра, упершыню за паўгода рэйтынг Уладзімера Пуціна зьнізіўся з 87% да 83%. Ці істотнае гэтае падзеньне і што стала яго прычынай?

П. Усаў: На Захадзе пашыранае меркаваньне, што прычынай некаторага падзеньня папулярнасьці Ўладзімера Пуціна сталі эканамічныя санкцыі супраць Расеі, якія прывялі да пагаршэньня эканамічнай сытуацыі. Аднак, на маю думку, такая ацэнка не зусім правільная. Па-першае, пакуль што рана казаць пра сур’ёзную зьмену тэндэнцыяў у падтрымцы Пуціна. Яго рэйтынг надалей застаецца вельмі высокім – больш за 80 адсоткаў. Нейкіх пагрозаў для яго грамадзкай падтрымкі няма. Дзякуючы СМІ, уплыў дзяржаўнай ідэалёгіі й прапаганды на насельніцтва застаецца вельмі моцным.

Па-другое, такі высокі рэйтынг быў створаны менавіта канфліктам на Данбасе. Рэйтынг Пуціна – гэта рэйтынг мілітарны, канфліктны. Расейцы ўпершыню за шмат гадоў адчулі, што іх баяцца, што яны зноў уваходзяць на міжнародную арэну як моцная дзяржава. Гэта ўзбудзіла пачуцьце патрыятызму і любові да лідара. Разам з гэтым расейскае грамадзтва чакала, што Крэмль увядзе ва Ўкраіну войскі, каб зьнішчыць “фашыстаў” і “хунту”. Грамадзтва мела ўжо настолькі скрыўленую сьвядомасьць, што проста чакала вайны.

Аднак аказалася, што Пуцін вагаецца, не жадае сур’ёзнага вайсковага канфлікту. Ён вырашыў не ісьці далей за тыя часткі Данбасу, якія кантралююць расейскія войскі і сэпаратысты. Гэта магло выклікаць расчараваньне самай радыкальнай часткі расейскага грамадзтва. За апошні месяц адзін з новых расейскіх герояў Стралкоў неаднаразова крытыкаваў Пуціна і яго атачэньне за тое, што Крэмль “здаў Данбас”, “здаў “Наваросію”. Аднак пра сур’ёзныя зьмены ў настроях расейцаў пакуль казаць рана.

Што трэба зрабіць Ўладзімеру Пуціну, каб падняць свой рэйтынг? І ці зьбіраецца ён увогуле яго падымаць? Ці будуць расейскія палітыкі паводзіць сябе больш агрэсіўна?

П. Усаў: Я ўпэўнены ў тым, што расейскія палітыкі ня будуць паводзіць сябе менш агрэсіўна. Сёньняшні ўзровень зьнешнепалітычнай і ўнутрыпалітычнай агрэсіі застанецца. Па-першае, вобраз ворага дапамагае мабілізаваць насельніцтва, асабліва гэта карысна, калі эканамічная сытуацыя пагаршаецца. Па-другое, агрэсіўная рыторыка патрэбная, каб расейскае грамадзтва зьвяртала ўвагу не на ўнутраныя праблемы, а на праблемы зьнешнія, на праблемы Ўкраіны. Гэта патрэбна таксама, каб перанакіраваць грошы з грамадзянскіх мэтаў на мадэрнізацыю войска. Вобраз моцнага правадыра даволі добра ўспрымаецца расейскім грамадзтвам. Пакуль у Расеі існуе сёньняшняя эканамічная й палітычная сыстэма, гэты вобраз будзе дамінаваць.

Вы кажаце, што расейскія палітыкі будуць надалей падтрымліваць атмасфэру вайны, выкарыстоўваць вобраз ворага. Ці ёсьць небясьпека таго, што такая прапаганда прывядзе да незваротных зьменаў у расейскім грамадзтве? Ці ёсьць небясьпека таго, што празь некалькі гадоў на зьмену Ўладзімеру Пуціну зможа прыйсьці толькі яшчэ больш радыкальны, ваяўнічы, папулісцкі палітык?

П. Усаў: На маю думку, гэтыя зьмены ў сьвядомасьці расейскага грамадзтва і нават у культуры Расеі ўжо адбыліся. Расея разьвіваецца ў такім накірунку, у якім магчымае толькі захаваньне сыстэмы, створанай Пуціным. Калі да ўлады прыйдзе слабы палітык, гэта прывядзе да распаду краіны. Па-другое, палітычны курс, якім ідзе Расея сёньня, прывядзе да мілітарызацыі расейскай эканомікі. Мілітарызацыя прывядзе да тых жа сумных вынікаў, якія меў Савецкі Саюз. Дамінуючай будзе не грамадзянская вытворчасьць, а ВПК. Вынікам стане эканамічная стагнацыя, дэградацыя эканомікі і грамадзтва, а затым і распад Эўразійскага зьвязу альбо самой Расеі. І Расея будзе вымушаная вярнуцца на той шлях, якія яна праходзіла ў 1990-я гады.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт