Logo Polskiego Radia
Print

Майдан ўзмацніў Лукашэнку, але даў Беларусі шанец змяніцца

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.11.2014 18:58
  • Майдан ўзмацніў Лукашэнку, але даў Беларусі шанец змяніцца.mp3
Як рэвалюцыя ў Кіеве і вайна ў Данбасе паўплывалі на грамадзтва, эканоміку і ўладу ў Беларусі?

21 лістапада ўкраінцы адзначылі першую гадавіну пачатку грамадзкіх пратэстаў на Майдане Незалежнасьці, якія перарасьлі ў рэвалюцыю. Майдан і трагічныя падзеі, якія адбыліся пасьля яго, зьмянілі жыцьцё ня толькі Ўкраіны, але й Беларусі. Парадаксальным чынам падзеньне рэжыму Януковіча й агрэсія Расеі супраць Украіны ўзмацнілі ўладу Аляксандра Лукашэнкі. Аднак у беларускім грамадзтве адбыліся й пазытыўныя зрухі. Як украінская рэвалюцыя паўплывала на беларускую эканоміку, палітыку, і грамадзтва, нам расказваюць беларускія экспэрты.

Украінская рэвалюцыя парадаксальным чынам прывяла да узмацненьня аўтарытарнай улады Аляксандра Лукашэнкі – канстатуе палітоляг Валер Карбалевіч. Беларускае грамадзтва, спалоханае рэвалюцыйным хаосам і вайной ва Ўкраіне, пачало цаніць славутую беларускую “стабільнасьць”. У зьнешняй палітыцы Аляксандар Лукашэнка павёў сябе неардынарна. Ён фактычна падтрымаў тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, не скарыўся Маскве і ўзяў на сябе ролю “міратворцы”. Гэта дазволіла яму палепшыць свае стасункі з Захадам – кажа Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Рэжым спрабуе гуляць у нэйтралітэт. Спрабуе ўзяць на сябе ролю міратворцы й спрабуе размарозіць адносіны з Захадам. У выпадку апазыцыі, украінскія падзеі мелі адмоўны эфэкт. Майдан напалохаў беларусаў. Апазыцыя для іх пачала асацыявацца з Майданам, з хаосам, крызысам, грамадзянскай вайной. Гэта зрабіла нялёгкую сытуацыю апазыцыі яшчэ больш нялёгкай.

Канфлікт Расеі з Ўкраінай і заходнімі дзяржавамі не пахіснуў беларускай эканомікі – канстатуе эканаміст Міхаіл Залескі. Беларускае кіраўніцтва выкарыстала занятасьць Масквы праблемамі на Захадзе й дабілася ад Крамля рэкордных прэфэрэнцыяў. Беларусь атрымала на 2015 год гарантыю пастаўкі 23 мільёнаў тонаў нафты. Масква дазволіла беларускаму кіраўніцтву ў наступным годзе пакінуць мыты за экспарт нафтапрадуктаў у сваім бюджэце. Расея пагадзілася даць Менску чарговы крэдыт. Акрамя таго, забарона Расеяй увозіць прадукты з Эўразьвязу дала дадатковы прыбытак беларускім экспарцёрам. Таму эканоміку ўдалося ўтрымаць – лічыць Міхаіл Залескі.

М. Залескі: Усё падтрымліваецца за кошт прэфэрэнцыяў і пазыкаў, якія мы атрымліваем ад Расеі. Расея пакуль дае грошы. І гэта дазваляе нам захоўваць выгляд бадзёрых, жывых людзей.

Беларускае кіраўніцтва не палохае нават эканамічны крызыс, які паглыбляецца ў Расеі. Санкцыі Эўразьвязу й ЗША супраць Масквы могуць дапамагчы разгрузіць беларускія склады – лічыць Міхаіл Залескі.

М. Залескі: Калі ў расейцаў у выніку санкцыяў пачне бракаваць валюты, яны пачнуць больш ахвотна браць тавары тых таварных групаў, якія сёньня не вытрымліваюць міжнароднай канкурэнцыі. Адродзіцца бартэрны абмен пачатку 90-х.

Анэксія Крыму Расеяй і вайна ў Данбасе моцна напалохалі беларускае кіраўніцтва – канстатуе вайсковы аналітык Андрэй Паратнікаў. Нягледзячы на тое, што Менск згадзіўся разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу, ён зрабіў пэўныя крокі па ўзмацненьні сувэрэнітэту Беларусі. Упершыню за многа гадоў Менск плянуе павялічыць выдаткі на абарону – кажа экспэрт.

А. Паратнікаў: Плянуецца ўтрая павялічыць аб’ёмы жыльлёвага будаўніцтва для вайскоўцаў. Робіцца гэта, каб спыніць уцёкі маладых афіцэраў з войска. Паглядзім, як будзе выглядаць вайсковы бюджэт 2015 году. Магчыма, будуць нейкія зрухі ў бок павелічэньня фінансаваньня.

У ідэалягічным пляне беларуская армія застаецца запаведнікам Савецкага Саюзу. Аднак ёсьць надзея, што пасьля Крыму беларускае кіраўніцтва пачне выхоўваць патрыятызм. І ня толькі сярод жаўнераў – спадзяецца Андрэй Паратнікаў.

А. Паратнікаў: Стала відавочнай недзеяздольнасьць “ідэалягічнай вэртыкалі”. Як будзе разьвівацца сытуацыя, пакуль сказаць цяжка. Ёсьць вялікі шанец на тое, што будзе адбывацца вельмі цікавая канвэргенцыя мітаў Другой сусьветнай вайны (перадусім партызанскага руху) й квазінацыяналістычнай рыторыкі. Улады будуць прапагандаваць пераемнасьць беларускай дзяржаўнасьці, пачынаючы з часоў Рагвалода і Ўсяслава Чарадзея, і заканчваючы БССР і Рэспублікай Беларусь. Я думаю, ўзьнікне новая ідэалёгія, якую ўмоўна можна будзе назваць левым нацыяналізмам. Яна будзе спалучаць і спадчыну ВКЛ, і спадчыну БССР.

Вайна ў Данбасе прывяла да актывізацыі як прарасейскіх, так і нацыянальна арыентаваных групаў у беларускім грамадзтве. Сталі папулярнымі курсы беларускай мовы, майкі з арнамэнтам. Украінская трагедыя заахвоціла значную частку беларусаў стаць патрыётамі. Пакуль што такіх людзей ня так шмат, але іх больш чым, расейскіх нацыяналістаў. І кола патрыётаў будзе шырыцца – лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў

А. Трусаў: Канфлікт у Данбасе паслужыў каталізатарам для росту нацыянальнай самасьвядомасьці. Аднак гэты працэс назіраецца ўжо 3-4 гады й будзе разьвівацца незалежна ад падзеяў ва Ўкраіне. Падзеі ва Ўкраіне толькі паскорылі гэтыя працэсы. А зьвязаны рост самасьвядомасьці з урбанізацыяй, з самой нашай незалежнасьцю, з тым, што да ўлады прыходзіць пакаленьне несавецкіх людзей. Гэта аб’ектыўны працэс. Аднак на яго наклалася ўкраінская сытуацыя, і наклалася яна, я б сказаў, станоўча.

Украінская рэвалюцыя моцна напалохала беларускае грамадзтва й аддаліла дэмакратычныя перамены. Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў канфлікт паміж Крамлём і Захадам, каб палепшыць стасункі з Эўропай і выцягнуць з Расеі максымальную колькасьць грошай. Ён толькі ўзмацніў сваю ўладу. Аднак анэксія Крыму ды вайна ў Данбасе далі грамадзтву й кіраўніцтву краіны сыгнал, што далейшая русіфікацыя й выхаваньне “савецкіх людзей” можа скончыцца трагічна. Пытаньне ў тым, наколькі добра грамадзтва і ўлады зразумелі гэты сыгнал.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт