Logo Polskiego Radia
Print

А. Парубій: Мы куплялі тавары для войска ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.12.2014 15:57
  • А. Парубій Мы куплялі тавары для войска ў Беларусі.mp3
Экс-сакратар РНБА: Украіна зьбіраецца працягваць вайсковае супрацоўніцтва зь Менскам.
Фота: uacrisis.orgФота: uacrisis.org

На пачатку вайны ў Данбасе Украіна закупляла тавары для войска ў Беларусі. Пра гэта падчас дыскусіі ў Варшаве заявіў былы сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны Украіны Андрэй Парубій. На сустрэчы з былым кіраўніком РНБА, а цяпер віцэ-сьпікерам Вярхоўнай рады Ўкраіны пабываў Аляксандар Папко.

Спадар Андрэй, у СМІ зьяўлялася інфармацыя пра тое, што Украіна на пачатку вайны ў Данбасе масава купляла дызэльнае паліва, а таксама армейскія грузавікі ў Беларусі. Беларускія ўлады заяўлялі пра тое, што хочуць наладзіць выпуск верталётаў і БТР-аў разам з Украінай. Ці зьбіраецца Ўкраіна разьвіваць вайсковае супрацоўніцтва зь Беларусьсю?

А. Парубій: На пачатку канфлікту ў нас былі праблемы ў вайсковым супрацоўніцтве з Расеяй. Сапраўды, тады мы вырашылі зрабіць ў Беларусі замовы на тавары, якія былі нам неабходныя ў той пэрыяд. Нягледзячы на крытыку, якую мы часта чуем ад нашых сяброў зь беларускай апазыцыі, я павінен сказаць: у той момант перад намі стаяла вельмі простае пытаньне – пытаньне выжываньня. І таму мы ішлі на супрацоўніцтва з Лукашэнкам у пытаньні паставак неабходных тавараў. Што тычыцца вайсковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, якое ідзе зараз, то я скажу адно: мы ня будзем абмяжоўваць яго, аднак мы будзем намагацца выйсьці на ўнутраны цыкл прадукцыі. Гэта нармальнае жаданьне любой ваюючай краіны. Мы ня хочам ні ад каго залежаць.

У Расеі адбыўся сур’ёзны абвал нацыянальнай валюты. З пачатку году рубель патаньнеў больш чым удвая. Ці ў сувязі з гэтым з Крамля паступаюць прапановы прымірыцца?

А. Парубій: Я ня веру, што ў пэўны дзень Пуцін скажа: “Рубель упаў, нафта ўпала, давайце сыдзем з Украіны”. Я ведаю яго псыхалягічны партрэт. Нашыя спэцслужбы пралічвацюь псыхалягічныя рэакцыі людзей на тыя ці іншыя падзеі. Пуцін лічыць сябе мэсіяй. У яго ёсьць місія – адрадзіць вялікую імпэрыю. Спыніцца для яго – азначае прайграць. Адзін украінскі публіцыст, які жыве ў Маскве, трапна напісаў: “Вы ва Ўкраіне лічыце, што вы змагаецеся за сваё жыцьцё, а Расея – акупант. Але й расейскае кіраўніцтва лічыць, што захапіць Украіну – гэта пытаньне жыцьця й сьмерці. І яны таксама будуць змагацца да апошняга”. Я ня веру, што Пуціна спыніць падзеньне рубля й нафты. Але па-чалавечы я гэтаму рады. Таму, што пакуль ня будзе зьнішчана фінансавая імпэрыя, якую пабудаваў Пуцін, падтрымка баевікоў на Данбасе будзе працягвацца.

Амэрыканскі кангрэс нядаўна прыняў закон аб аказаньні вайсковай падтрымкі Ўкраіне. Якая ваенная дапамога аказваецца й будзе аказвацца Кіеву?

А. Парубій: Я ня буду казаць пра дэталі. Магу сказаць толькі тое, што гэтая падтрымка вельмі нязначная. Зразумела, ёсьць некаторыя пазыцыі, якія для нас важныя. Напрыклад, радыёстанцыі – абароненая сувязь. Пад Славянскам, дый цяпер, праціўнік ведаў усё, што мы рабілі, бо каардынацыя ішла праз мабільныя тэлефоны. Мы атрымалі надзейную сувязь, і лічым гэта важнай дапамогай. Але ніякай лятальнай зброі нам не пастаўляюць. Нам пастаўляюць радыёстанцыі, пэўную колькасьць бронежылетаў, камуфляжу. Амэрыканскі кангрэс прыняў рашэньне пра вайсковую дапамогу. Мы спадзяемся, што гэтая дапамога будзе больш істотнай. Нам патрэбная, у прыватнасьці, высокадакладная зброя. Аднак замежныя пастаўкі ня маюць вырашальнага значэньня. Вырашальнае значэньне маюць нашыя людзі. Вырашальнае значэньне мае нашая вайсковая індустрыя, якая ўжо запрацавала, якае выпускае БТР-ы, мадэрнізуе танкі, вырабляе (падкрэсьліваю) тысячы новых бронемашынаў. У гэтым крыецца наш посьпех і нашая перамога.

Як украінская дзяржава спадзяецца інтэграваць жыхароў Данбаса, якія сёньня выступаюць супраць Украіны са зброяй у руках? Ці рэальна ўвогуле вярнуць Данбас?

А. Парубій: Актыўных прарасейска настроеных людзей там усяго 15%-20%. А 60% там ні за каго й нідзе. Пераважная большасьць жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей проста хочуць, каб скончылася вайна. На пачатку крызысу я прыяжджаў у Луганск і размаўляў з мясцовымі сэпаратыстамі. Яны не хацелі вайны. Вайна – гэта ня іх плян. Гэта плян Пуціна. Ён хоча, каб мы пабольш адзін аднаго пазабівалі, каб нянавісьць была закладзеная ў пакаленьні, каб дзеці несьлі кветкі на магілу бацькі ці дзеда, які загінуў у “апалчэньні”... Я думаю, што ў рэшце рэшт мы выкінем з тэрыторыі Данецкай ды Луганскай абласьцей расейскіх дывэрсантаў. Шмат мясцовых, якія паддаліся на расейскую прапаганду, паедуць у Расею, як ўжо цяпер зьехала велізарная колькасьць людзей. А гэтыя 60% застануцца. Ія лічу, што яны адаптуюцца да ўкраінскіх рэаліяў, як яны адаптаваліся раней. І я не лічу, што іх варта даводзіць да такога стану, каб яны ненавідзелі Ўкраіну.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт