Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адзначаюць Дзень бяздомных

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.04.2015 15:32
  • Дзень бяздомных.mp3
Ён зьвяртае ўвагу на праблемы тых, хто застаўся бяз даху над галавой.

14 красавіка ў Польшчы адзначаецца Дзень бяздомных людзей. Гэта неафіцыйнае сьвята, якое ініцыяваў Марэк Катаньскі - заснавальнік асацыяцыі па лячэньні наркаманіі „Monar” і Руху выходжаньня зь бяздомнасьці. Дзень бяздомных ўстаноўлены дзеля таго, каб зьвяртаць увагу на праблемы тых, хто застаўся без даху над галавой.

Паводле спэцыялістаў, прычын бяздомнасьці можа быць шмат, у тым ліку алькагалізм, беспрацоўе, распад сям'і, хвароба, канфлікт з правам ці (усё часьцей апошнім часам) празьмерная запазычанасьць у банку.

Людзі бяз даху над галавой жывуць у асноўным на чыгуначных вакзалах, у тунэлях, на лесьвіцах і ў скляпах. Асабліва цяжкім пэрыядам для іх зьяўляецца зіма – у сувязі зь нізкімі тэмпературамі. Таму часта, менавіта сярод бяздомных, здараюцца выпадкі замярзаньня ці ўчадзеньня.

Аднак бяздомным можа стаць кожны. Некаторым такі сцэнар напісаў лёс, іншыя самі выбралі такое жыцьцё.

Спадарыня Эва зьяўляецца бяздомнай ужо некалькі месяцаў. Дах над галавой яна знайшла ў прытулку для бяздомных у Кашаліне.

Эва: Я была хворая й мне загадалі пакінуць наняты пакойчык. Параілі прыйсьці сюды. Я адна, у мяне няма сям’і. Тут ня так цяжка, толькі людзі бываюць розныя. Аднак я аптымістка. У мяне ёсьць пэнсія, так што ня ўсё так дрэнна.

У сваю чаргу, спадар Пётр жыве ў хатцы з дошак на ўскраіне горада.

Пётр: Раней я жыў у лесе. Нейкія сьценкі сабе зрабіў з фальгі. Я там пражываў усю зіму. І выжыў. Скажу так, мне такое жыцьцё не перашкаджае. Я карыстаюся сацыяльнай дапамогай, час ад часу працую й такім чынам жыву.

Паводле дадзеных Міністэрства працы й сацыяльнай палітыкі, якое ў 2013 годзе правяло агульнанацыянальную кампанію па падліку бяздомных, у Польшчы бяздомнымі зьяўляецца амаль 31 тысяча чалавек. Дзеля параўнаньня, трымя гадамі раней іх было на каля 10 тысяч менш.

У сваю чаргу, паводле неафіцыйных дадзеных, бяздомных у Польшчы больш за 300 тысяч чалавек.

Праблема бяздомнасьці закранае ў асноўным мужчын. Сярод 30 700 людзей бяз даху над галавой, мужчыны складаюць да 80 адсоткаў – гэта каля 24,5 тысяч чалавек. Больш за 14 адсоткаў складаюць жанчыны, а больш за 1,5 тысячы – дзеці.

Паводле тых жа дадзеных, маладыя людзі (да 30 году жыцьця) складюць 12 адсоткаў бяздомных. Самая вялікая група - 33 адсоткі – гэта людзі ва ўзросьце ад 50-60 гадоў. Самыя старыя, то бок людзі, якім больш за 70 гадоў, складаюць 4 працэнты бяздомных.

Найбольш распаўсюджанай крыніцай іх даходу зьяўляецца сацыяльная дапамога (39 адсоткаў), а таксама пэнсія й пэнсія па інваліднасьці (17 адсоткаў). Крыху больш за 5 працэнтаў бяздомных легальна працуе.

Аказваецца таксама, што аж 580 бяздомных людзей у Польшчы маюць вышэйшую адукацыю – гэта да 2 працэнтаў усіх бяздомных. Аднак найбольш сярод іх (44 адсоткаў) – гэта людзі з прафэсійна-тэхнічнай адукацыяй, 33 працэнты – з базавай, а 16 працэнтаў – зь сярэдняй.

Бяздомныя людзі жывуць у асноўным у буйных гарадах, у сувязі з большай магчымасьцю атрыманьня даходу, а таксама падтрымкі ад дабрачынных установаў. Менавіта таму большасьць бяздомных пражывае Сілезкім, Мазавецкім і Ніжнесілезкім ваяводзтвах, а менш у такіх ваяводзтвах, як Падляскае, Сьвентакшыскае ці Лубускае.

У Польшчы акцыі па падліку бяздомных асобаў праводзяцца кожныя два гады. У гэтым годзе гэткая акцыя пачалася ў студзені й пакуль не закончылася. У ейных рамках супрацоўнікі муніцыпальнай ды дзяржаўнай паліцыі й службаў сацыяльнай дапамогі наведваюць месцы, дзе найчасьцей пражываюць бяздомныя асобы, то бок дачныя ўчасткі, закінутыя будынкі, палаткі, вакзалы, прытулкі, начлежныя дамы, шпіталі й турмы.

Аднак, як падкрэсьліваюць супрацоўнікі службы сацыяльнай дапамогі, большасьць бяздомных адмаўляецца ад прапанаванай дапамогі.

„Цэнтры дапамогі, напрыклад, начлежныя дамы ды прытулкі, ставяць адну ўмову: асобы, якія ў іх знаходзяцца, павінны быць у цьвярозым стане. У выпадку бяздомных гэта сур’ёзная перашкода”, - кажуць чыноўнікі.

Перапіс бяздомных павінен даць уяўленьне, колькі на самой справе ў Польшчы бяздомных асобаў, а таксама колькі ў гэтай групе мужчын, жанчын і дзяцей.

Паводле перапісу бяздомных з 2013 году, 8,5 тысячы бяздомных у Польшчы жывуць проста на вуліцы.

Паводле агульных ацэнкаў, толькі ў Варшаве пражывае 2,5 – 3 тысячы бяздомных.

Дзень бяздомных упершыню адзначаўся ў Польшчы ў 1996 годзе.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт