Logo Polskiego Radia
Print

Някляеў: я не сыду з палітыкі (ІНТЭРВІЮ)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.04.2015 18:33
  • Някляеў я не сыду з палітыкі.mp3
Паэт ня выключыў, што створыць новы палітычны праект.

Уладзімер Някляеў выйшаў з апазыцыйнага грамадзкага руху «Гавары праўду», але не выйшаў з палітычнага жыцьця. Паэт не выключае, што неўзабаве ён створыць новы палітычны праект. Пра гэта паэт і грамадзкі дзеяч паведаміў у інтэрвію Польскаму радыё. У сераду Ўладзімер Някляеў наведаў Варшаву, дзе сустрэўся з дэпутатамі польскага Сэйму. З Уладзімерам Някляевым размаўляў Аляксандар Папко.

Спадар Уладзімер, вы сёньня былі на сустрэчы з дэпутатамі польскага парлямэнту. Пра што ішла гаворка?

У. Някляеў: Тэма сустрэчы – выбары, да якіх беларуская дэмакратычная апазыцыя падыходзіць непадрыхтаванай. Я прыклаў усе намаганьні ля таго, каб на гэтыя выбары мы выйшлі адзінай сілай – гэта значыць з адзіным кандыдатам і адзінай праграмай. Але гэтага, на жаль, зрабіць не ўдалося, таму мне прыйшлося выйсьці з апазыцыйнай кааліцыі. Але гэта не азначае, што я выйшаў з палітыкі, выйшаў з барацьбы за незалежную, сувэрэнную, дэмакратычную Беларусь.

Якія парады вы далі дэпутатам польскага Сэйму, наконт таго, як трэба праводзіць палітыку ў стасунку да Беларусі?

У. Някляеў: Каму я павінен даваць парады? Польскім дэпутатам? Я нікому парадаў не даю, і яны ніякіх парадаў не давалі. Праблема заключаецца ў тым, што падтрымка дэмакратыі ў Беларусі становіцца ўсё меншай. Яна сыходзіць, як вадаў пясок. І польскі сэйм, па ініцыятыве дэпутатаў якога мы прыехалі, і Польшча застаецца адзінай нітачкай, праз якую гэтая падтрымка ідзе. Далей – у Заходняй Эўропе гэтая падтрымка ўжо амаль не адчуваецца. Яны пачалі гуляць у дыялёг, у лібэралізацыю. І не патрабуюць узамен нічога з таго, што трэба было б патрабаваць.

А што трэба было б патрабаваць?

У. Някляеў: Ну хоць бы вызваленьня палітвязьняў! Што, уся Эўропа ня можа вызваліць хаця б аднаго былога кандыдата ў прэзыдэнты Статкевіча?! Што тады робіцца ў гэтым дыялёгу?! Я пытаўся пра гэта эўракамісара Хана, калі мы сустракаліся ў Менску. Пра якія крокі Эўропа можа сказаць «мы нечага дасягнулі»? Можа вялікія палітыкі нешта трымаюць у сакрэце, але такіх дадзеных я ня маю.

Што, на ваш погляд, будзе адбывацца падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Ці байкатаваць іх ня будзе самай слушнай стратэгіяй?

У. Някляеў: Вы ведаеце, што азначае байкот? Усе кажуць пра байкот, разумеючы пад гэтым, што людзі лягуць на канапы й ня пойдуць на ўчасткі. Гэта зусім не байкот. Для гэтага ёсьць іншы тэрмін. Калі б у Беларусі можна было зрабіць байкот, то гэтым трэба б было займацца. Аднак для байкоту патрэбнае актыўнае грамадзтва. А тое, што вы маеце на ўвазе – гэта проста «не пайду»! Дык паводле сацыялягічных дасьледаваньняў ня пойдзе недзе 15% выбарцаў. Людзей проста пагоняць на ўчасткі. Людзі самі пойдуць, баючыся што іначай іх вытураць з працы.

Што я хацеў зрабіць праз адзінага кандыдата й адзіную праграму? Давесьці пра небясьпеку, якая сёньня пагражае Беларусі, і згуртаваць грамадзтва ў адзіную сілу перад гэтай небясьпекай. Вось галоўная задача. Сёньня размова не пра тое, будзе ці ня будзе нейкі прэзыдэнт, а ў тым, будзе ці ня будзе Беларусь.

Што рабіць усім тым, хто жадае бачыць Беларусь свабоднай дэмакратычнай краінай? Палітычныя структуры дэградавалі. Што рабіць тым, хто хоча нешта рабіць?

У. Някляеў: Сталець і змагацца за Беларусь. Ёсьць шмат магчымасьцяў удзельнічаць у палітычных працэсах. Да мяне прыходзяць людзі, тэлефануюць, пішуць, стараюцца арганізавацца. Значыць, трэба іх арганізаваць. І я, дарэчы, зьбіраюся гэтым заняцца. Я бачу, што мой першапачатковы плян быць у палітыцы незалежным наўрад ці можа быць рэалізаваны.

Значыць, хутка зьявіцца ваш новы палітычны праект?

У. Някляеў: Аднаму такую справу не зрабіць. Для гэтага мне трэба сабраць саюзьнікаў. Калі я змагу сабраць неабходных людзей, то можа быць. Справа нават ня ў колькасьці людзей, а ў якасьці.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт