Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка хоча стаць рэгіянальным міратворцам?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.04.2015 11:54
  • Лукашэнка хоча стаць рэгіянальным міратворцам.mp3
Пасьля перамоваў па Данбасе кіраўнік Беларусі прапануе мірны працэс Грузіі.
Фота: Антон Матолька, gazetaby.comФота: Антон Матолька, gazetaby.com

Аляксандар Лукашэнка накіраваўся з першым афіцыяльным візытам у Грузію. Падчас сустрэчы з першымі асобамі грузінскай дзяржавы беларускі кіраўнік намякнуў, што ведае, як палепшыць стасункі Расеі і Грузіі й нават вырашыць праблемы сэпаратысцкіх рэгіёнаў. Ці ўспрымае ўрад Грузіі ўсур’ёз міратворчыя ідэі Лукашэнкі? Ці ўдасца Беларусі вырашыць свае эканамічныя праблемы дзякуючы Грузіі? На гэтыя пытаньні нам адказваюць беларускія ды грузінскія экспэрты.

Грузінская прэса надае візыту Аляксандра Лукашэнкі вялікае значэньне. Да сёньняшняга дня грузіны ўдзячныя Менску за палітычную падтрымку, аказаную падчас расейска-грузінскай вайны 2008 году. Нягледзячы на націск Крамля, беларускае кіраўніцтва тады не прызнала сэпаратысцкіх рэспублік Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі.

Падчас свайго першага візыту ў Грузію Аляксандар Лукашэнка зноў зрабіў шэраг жэстаў, якія можна зразумець як падкрэсьліваньне сваёй незалежнасьці ад Масквы. Пра гэта нам расказвае грузінскі палітычны аглядальнік Дзьмітры Аваліяні.

Д. Аваліяні: Ня толькі грузінскія, але й расейскія СМІ зьвярнулі ўвагу на фразу Лукашэнкі «Я нідзе раней ня быў у Грузіі, акрамя Сухумі». Здавалася б, даволі нявінная фраза. Аднак як у Расеі, так і ў Грузіі яна была ўспрынятая як нейкі намёк ці жэст, хоць, магчыма, Лукашэнка нічога такога ня меў на ўвазе. Сапраўдным жэстам было тое, што Лукашэнка ўсклаў вянок да манумэнта загінулым за тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі. Гэта быў не самы чаканы крок, і ў Тбілісі яго ацанілі.

На сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што можа дапамагчы Тбілісі зблізіць свае пазыцыі з Масквой, і нават паспрыяць вырашэньню праблемаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Такія ж заявы зрабіў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з патрыярхам Грузіі Іліёй ІІ – кажа Дзьмітры Аваліяні.

Д. Аваліяні: Падчас сустрэчы з патрыярхам Лкашэнка яшчэ раз заявіў, што ён вельмі добра разумее боль Грузіі, зьвязаны са страчанымі тэрыторыямі й канфліктамі. Ён заявіў, што гэтыя пытаньні трэба вырашаць, і ў яго ёсьць ідэі, як іх можна вырашыць сумеснымі намаганьнямі. Гэта можна зразумець як ініцыятыву Лукашэнкі, і як нейкае пасланьне Грузіі ад іншай краіны. А магчыма, за гэтым нічога няма.

Міратворчыя прапановы Аляксандра Лукашэнкі паставілі грузінскіх камэнтатараў у тупік. Невядома, ці беларускі кіраўнік служыць парлямэнцёрам Масквы, рэалізуе свой уласны плян, альбо проста набівае сабе цану і за гэтымі фразамі нічога не стаіць. Аднак нейкіх вялікіх спадзяваньняў у грузінскага кіраўніцтва няма – заявіў Дзьмітры Аваліяні.

Тлумачэньняў заявам Лукашэнкі ў Тбілісі можа быць два – кажа палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі. Альбо Лукашэнка робіць сабе піяр, альбо сапраўды перадае Тбілісі мірны плян Масквы.

А. Класкоўскі: Аляксандар Лукашэнка ўвайшоў у смак мітатворчасьці, пасярэдніцтва. Мы маем прыклад Менскіх дамоўленасьцяў па Данбасе, калі Беларусь стала пляцоўкай для міжнародных перамоваў. Гэта прынесла лаўры, гэта прынесла дывідэнды, гэта прынесла паляпшэньне стасункаў з Захадам. Зь іншага боку, ня выключана, што, як і ва ўкраінскім пытаньні, Лукашэнка можа артыкуляваць тыя рэчы, да якіх ужо сасьпела Масква, прыціснутая крызысам і ізаляцыяй. Магчыма, што праз Лукашэнку Крэмль падае сыгнал, бо ня можа выблытацца з праблемаў, зьвязанымі з канфліктам ва Ўкраіне.

Галоўнай тэмай, якая цікавіла беларускую дэлегацыю, як заўсёды, была эканоміка. Урад Беларусі намераны павялічыць таваразварот з 60 да 200 мільёнаў даляраў у год. Беларусь хоча экспартаваць у Грузію сельскагаспадарчую і дарожную тэхніку, а таксама малочную прадукцыю. Грузія таксама зацікаўлена пастаўляць у Беларусь свае харчовыя тавары. Акрамя таго, Менск хоча стварыць у Грузіі сумесныя прадпрыемствы, прадукцыю якіх можна будзе пастаўляць на эўрапейскі рынак. Гэтаму спрыяе дамова аб асацыяцыі, якую Грузія падпісала з Эўразьвязам.

Таваразварот паміж Беларусьсю й Грузіяй сапраўды можна павялічыць, аднак ня трэба мець завышаных спадзяваньняў – лічыць беларускі палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.

А. Класкоўскі: Я не ўпэўнены, што гэтыя дэклярацыі ў поўнай меры рэалізуюцца. Нават калі яны рэалізуюцца часткова, то прарыву ня будзе. Грузія – ня тая краіна, якая вырашыць праблему дывэрсыфікацыі экспарту, праблему разгрузкі беларускіх складаў. Гэта невялікая краіна, адпаведна, яе рынак маленькі. Гэта краіна вельмі небагатая. Акрамя таго, вэктар зьнешняй палітыкі ў Грузіі заходні. Таму яе бізнэс болей зацікаўлены інтэгравацца з Захадам.

Лукашэнку наўрад ці ўдасца выступіць у ролі міратворцаў грузіна-абхазскім і грузіна-асэтынскім канфліктах. Большых посьпехаў можна дасягнуць у эканамічным супрацоўніцтве, хоць і яно абмежавана малымі памерамі грузінскага рынку. Аднак нават калі міратворчая дзейнасьць і прасоўваньне гандлю акажуцца ня вельмі пасьпяховымі, Лукашэнка і так паправіць свой імідж на міжнароднай арэне. Візыт у Грузію дазволіў кіраўніку Беларусі яшчэ раз паказаць, што ў сваёй зьнешняй палітыцы ён не занадта жорстка прывязаны да Масквы – зазначаюць экспэрты.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт