Logo Polskiego Radia
Print

Эканамісты: адвязацца ад расейскага рынку можна за 5 гадоў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.05.2015 19:26
  • Адвязацца ад расейскага рынку можна за 5 гадоў.mp3
Менск хоча ўратавацца ад крызысу ў Расеі, перанакіроўваючы экспарт у Кітай і Лацінскую Амэрыку.
Фота: people.onliner.byФота: people.onliner.by

Беларусь панесла велізарныя страты ад падзеньня экспарту ў Расею, таму хоча перанакіраваць гандлёвыя паток на Кітай, Афрыку і Лацінскую Амэрыку. Пра гэта заявіў у інтэрвію беларускаму тэлебачаньню прэм’ер Андрэй Кабякоў. Наколькі рэальна знайсьці замену расейскаму рынку? Пра гэта мы пыталіся ў беларускіх эканамістаў.

Толькі за два месяцы гэтага году ў гандлі з Расеяй Беларусь страціла каля 900 мільёнаў даляраў – заявіў у інтэрвію беларускім тэлежурналістам Андрэй Кабякоў. Такое падзеньне экспарту нясе вялікую пагрозу для беларускай гаспадаркі – лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Беларусь страціла каля 13% ад свайго двухмесячнага ВУП. Гэта ня можа не прывесьці да паніжэньня ўзроўню жыцьця.

Прычына рэзкага падзеньня – эканамічны крызыс у Расеі, выкліканы анэксіяй Крыму, вайной у Данбасе і канфрантацыяй з Захадам. На расейскім рынку Беларусь зарабляе палову сваіх экспартных прыбыткаў. Калі на Захад Менск высылае ў асноўным сыравінную прадукцыю, кшталту калійных угнаеньняў і прадуктаў нафтахіміі, то на Ўсход ідуць тавары прадпрыемстваў машынабудаваньня, якія даюць працу тысячам людзей. Менавіта гэтыя прадпрыемствы цяпер адчуваюць найбольшыя цяжкасьці – кажа Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Самыя вялікія страты адчулі перапрацоўчая прамысловасьць, вытворчасьць транспартных сродкаў і абсталяваньня. Гаворка ідзе пра вытворчасьць грузавікоў, трактароў, кар’ерных самазвалаў. Затым упаў экспарт хімічнай вытворчасьці – напрыклад, у выпуску штучнага валакна. Як ні дзіўна, адбыўся спад і ў экспарце сельскагаспадарчых прадуктаў. Беларусь недаатрымала 150-200 мільёнаў даляраў з-за таго, што Расея пачала больш жорстка кантраляваць паходжаньне прадуктаў харчаваньня іх якасьць.

Каб зьменшыць залежнасьць беларускай эканомікі ад Расеі, урад намераны павялічыць экспарт беларускай прадукцыі ў Кітай, Індыю, краіны Паўднёвай Амэрыкі і Афрыку. Як заявіў прэм’ер Кабякоў, «пастаўлена задача « нарасьціць экспарт у гэтыя краіны да ўзроўню 5 мільярдаў даляраў.
Вызваліцца ад прывязанасьці да ўсходняга суседа тэарэтычна магчыма. Аднак на гэта пройдзе ня менш за 5 гадоў інтэнсіўнай працы – кажа эканаміст Міхаіл Залескі.

М. Залескі: Пераарыентацыя экспарту з такога рынку, як Расея, зойме мінімум 54 месяцы. Экспэрты некалі рабілі такія разьлікі. Калі мы захочам адвярнуцца ад Расеі, то паварочвацца мы будзем чатыры з паловай гады! Ёсьць прыклад Эстоніі. Гэта краіна значна меншая ад нашай, але на пачатку 90-х гадоў яна мела вельмі падобную структуру экспарту. Яны змаглі пераарыентавацца. Мы таксама можам гэта зрабіць, аднак на працягу 3-4 гадоў мы будзем перажываць пэўныя цяжкасьці.

На практыцы беларускім прадпрыемствам знайсьці новыя рынкі збыту надзвычай цяжка. Прычына – у недастатковай якасьці беларускіх тавараў і палітычнай абумоўленасьці шматлікіх зьдзелак – лічыць Міхаіл Залескі.

М. Залескі: Імпарт нашай прадукцыі ў Расею часта абумоўлены рэгіянальнымі сувязямі, магчымасьцю выкарыстоўваць аднолькавыя карупцыйныя інстытуты. На сусьветным рынку іх ня будзе. Трэба будзе выжываць зусім інакш.

Попытам на міжнародных рынках карыстаюцца беларускія калійныя ўгнаеньні, прадукцыя хімічных і нафтахімічных прадпрыемстваў. Магчыма, менавіта яны будуць выходзіць на замежныя рынкі і кампэнсаваць страты ад абвалу экспарту ў Расею – лічыць Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Увесь сьвет купляе нашыя хімічныя ўгнаеньні. У Эўразьвяз ідуць прадукты нафтаперапрацоўкі, вырабленыя з расейскай сыравіны. А на астатнія тавары попыт невялікі. Прадаваць нашу тэхніку ня вельмі атрымліваецца. Суадносіны «цана-якасьць» складваюцца не на карысьць нам нават у краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Кітай усё робіць таньней і больш якасна.

Узалежнівацца ад экспарту сыравіны вельмі небясьпечна. Гэта значыць зрабіць грамадзянаў сваёй краіны закладнікамі цэнаў на сусьветных рынках, якія радыкальна зьмяняюцца ледзьве ня кожны месяц – кажа Леанід Злотнікаў.

Выміраньне беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і рост залежнасьці ад сыравінных вытворчасьцяў назіраюцца ў Беларусі ўжо ня першы год – кажа эканаміст Міхаіл Залескі.
М. Залескі: Заводы, пабудаваныя ў 1950-1970-я гады выпрацоўваюць свой рэсурс. Яны патрабуюць «апгрэйду». А гэты «апгрэйд» каштуе мільярдаў даляраў. Ніхто іх нам не дае, а сваіх у нас няма.

Такім чынам, зьменшыць калясальную залежнасьць беларускай эканомікі ад расейскага рынку магчыма. Аднак каб дапасаваць беларускія прамысловыя гіганты да патрабаваньняў сусьветнага рынку, яны самі павінныя стаць рынкавымі прадпрыемствамі.

Іншым шляхам пакрыцьця стратаў ад «згортваньня» расейскага рынку можа быць нарошчваньне экспарту сыравіны. Гэта самы небясьпечны варыянт, які прыводзіць да «адміраньня» беларускай прамысловасьці. Але менавіта гэты шлях, сьвядома ці несьвядома, абрала кіраўніцтва Беларусі – канстатуюць экспэрты.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт