Logo Polskiego Radia
Print

ЭГУ абвяргае абвінавачваньні ў небеларускасьці

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.05.2015 19:56
  • ЭГУ абвяргае абвінавачваньні ў небеларускасьці.mp3
Старшыня сэнату ЭГУ Рыгор Мінянкоў адрэагаваў на «ліст 57-мі».
Фота: n1.byФота: n1.by

57 беларускіх навукоўцаў, грамадзкіх і культурных дзеячаў падпісалі заяву з нагоды выбару новага рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. У ёй гаворыцца, што рэктар ЭГУ быў абраны ў непразрыстай працэдуры, а з-за таго, што беларускія выкладчыкі адхіленыя ад працэсу прыняцьця рашэньняў, ЭГУ «не дае падставаў надалей лічыць яго беларускім праектам». Падпісанты ліста заклікалі грамадзянскую супольнасьць пачаць стварэньне новага «Нацыянальнага ўнівэрсытэту». Ці сапраўды ЭГУ перастаў быць беларускім і навошта ствараць новую навучальную ўстанову? Пра гэта мы пыталіся ў прадстаўнікоў ЭГУ і падпісантаў звароту.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт перастаў быць беларускай навучальнай установай – сьцьвярджае экс-сябра сэнату ЭГУ культуроляг Максім Жбанкоў. Яго прозьвішча пад заявай з нагоды абраньня рэктара ЭГУ стаіць побач з прозьвішчамі сацыёляга Андрэя Вардамацкага, праваабаронцы Алега Гулака, пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, сьпевака Зьмітра Вайцюшкевіча і дзесяткаў іншых вядомых людзей.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пасьлядоўна згортвае дасьледаваньні Беларусі, беларускаарыентаваныя выкладчыкі былі звольненыя з вучэльні, а працоўнымі мовамі ва ўнівэрсытэце зьяўляюцца ангельская й летувіская – заяўляе Максім Жбанкоў. ЭГУ перастаў быць беларускім як паводле формы, так і паводле зьместу – лічыць былы сябра сэнату вучэльні.

М. Жбанкоў: Кірунак беларусістыкі быў палічаны эканамічна немэтазгодным і цалкам скасаваны. Беларускамоўныя выкладчыкі, навукоўцы, якія дасьледавалі Беларусь, паступова сышлі з ЭГУ.

Разьвіцьцё беларускай навукі і ўзмацненьне беларускай грамадзянскай супольнасьці не зьяўляюцца для ЭГУ прыярытэтамі – мяркуе былы выкладчык гэтай вучэльні Андрэй Казакевіч. ЭГУ ператварыўся ў чыста камэрцыйны праект, кажа палітоляг.

А. Казакевіч: Праца па назапашваньні і ўзбагачэньні беларускага культурнага капіталу стала мінімальнай. Сам мэнэджмэнт неаднаразова падкрэсьліваў, што гэтыя рэчы для яго не зьяўляюцца стратэгічна важнымі. Галоўнае – гэта фінансавая ўстойлівасьць і эфэктыўнасьць працы. Я ўжо не кажу пра тое, што многія вядомыя і важныя для беларускіх гуманітарных дысцыплінаў асобы былі выключаныя з ЭГУ.

Звальняючы беларускаарыентаваных выкладчыкаў і згортваючы беларускія праграмы кіраўніцтва ўнівэрсытэту працягвала прадстаўляць ЭГУ замежным донарам як беларускі ўнівэрсытэт у выгнаньні – заяўляе Максім Жбанкоў. «Эўрапейскія донары давалі грошы не на прыватны камэрцыйны праект, а на грамадзянскую ініцыятыву. Марнаваць грошы на ЭГУ ўжо ня мае сэнсу, бо гэты праект не выконвае публічна агучанай місіі», – падкрэсьлівае культуроляг.

М. Жбанкоў: Фактычна, асноўная частка фінансаваньня была абгрунтаваная тым, што трэба было падтрымаць свабоду Беларусі шляхам выхаваньня новай генэрацыі свабодных беларусаў. У рэчаіснасьці гэтая рыторыка была пасьпяховай «заманушкай» для донараў.

Абвінавачаньні ў небаларускасьці ЭГУ – гэта вынік дрэнай інфармаванасьці, кажа старшыня сэнату ўнівэрсытэту Рыгор Мінянкоў. Большасьць выкладчыкаў ЭГУ, яго студэнтаў і тэмаў дасьледаваньняў застаюцца беларускімі – падкрэсьлівае прафэсар.

Р. Мінянкоў: Практычна ўсе нашыя студэнты – зь Беларусі, практычна ўсе нашыя выкладчыкі – зь Беларусі. Праблематыка, над якой мы працуем, таксама беларуская. Напрыклад, калі мы паглядзім тыя тэмы дыплёмаў і курсавых працаў, якія пішуць нашыя студэнты, то ўбачым, што яны прысьвечаныя ў асноўным беларускай праблематыцы. Калі мы паглядзім дасьледчыя праекты, якія мы робім, то яны таксама прысьвечаныя беларускай праблематыцы. Мабыць, мы пра гэта ня вельмі добра інфармуем.

«Касмапалітычная» арыентацыя вучэльні не зьнішчае яе беларускасьці – кажа Рыгор Мінянкоў.

Р. Мінянкоў: Я магу прывесьці ўласны прыклад. Я чытаю курс «Уводзіны ў сучасную сацыяльную тэорыю». Вельмі шмат матэрыялу я бяру з беларускага досьведу. Так сама працуюць і іншыя выкладчыкі. Мы павінныя вучыць студэнтаў, як параўноўваць гэты досьвед, як бачыць нашую краіну ў сучасным сьвеце. Калі мы, напрыклад, разважаем пра дэмакратыю, то што значыць дэмакратыя для нас? Супрацьпастаўленьня тут не павінна быць. Мы павінныя працаваць з розным досьведам і вучыць беларускіх студэнтаў, улічваючы ўсе кантэксты: беларускі, эўрапейскі, міжнародны.

Большасьць выкладчыкаў, якія ў пратэсьце супраць палітыкі кіраўніцтва ўнівэрсытэту стварылі плятформу «За новы ЭГУ», надалей працуюць ва ўнівэрсытэце – падкрэсьліў старшыня сэнату. Рыгор Мінянкоў нават ня выключыў, што выкладчыкі, зь якімі ў кастрычніку мінулага году не працягнулі кантракт, у будучым вернуцца на вучэльню.

Р. Мінянкоў: Большасьць тых, хто зьвязаны з плятформай, працягваюць працаваць ва ўнівэрсытэце. Больш за тое, мэты гэтай плятформы зьяўляюцца мэтамі ўсіх, і мы зараз займаемся дэмакратызацыяй унівэрсытэту. Што тычыцца канкрэтных асобаў – то час пакажа. На мой погляд, большасьць тых, з кім не былі працягнутыя кантракты, зьяўляюцца добрымі спэцыялістамі ў сваіх сфэрах. Мы іх добра ведаем. Жыцьцё зьмяняецца. Калі скончыцца гэты крызыс, то, мабыць, будуць адчыняцца новыя праграмы, будуць прыходзіць новыя людзі і, магчыма, будзе вырашанае й гэтае пытаньне. Але рух павінен быць з абодвух бакоў.

Палітоляг Андрэй Казакевіч, у сваю чаргу, перакананы, што стварыць новы, беларускаарыентваны гуманітарны ўнівэрсытэт аб’ектыўна неабходна. Гэта патрэбна, каб згуртаваць дасьледчыкаў Беларусі, акумуляваць веды й падняць на новы ўзровень як падрыхтоўку беларускіх гуманітарыяў так і вывучэньне самой краіны – перакананы навуковец.

Пакуль, аднак, у аўтараў і падпісантаў «звароту 57-мі» няма канкрэтных прапановаў, у якой форме, дзе і за якія сродкі ствараць новы беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт. Канкрэтныя прапановы павінныя зьявіцца ў выніку публічнай дыскусіі – кажа Максім Жбанкоў.

М. Жбанкоў: Гэта пытаньне бліжэйшай будучыні. Я думаю, што на падставе агульнага меркаваньня ўплывовых асобаў грамадзянскай супольнасьці пачнуць стварацца канкрэтныя структуры па распрацоўцы праекту ўнівэрсытэту.

Прадстаўнікі ЭГУ глядзяць на ініцыятыву стварэньня канкурэнтнай вучэльні спакойна. «Патрэбны розныя праекты. Мы ня хочам канфрантацыі. Давайце будзем дыскутаваць, спрачацца і вырашаць», – адрэагаваў Ргор Мінянкоў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт