Logo Polskiego Radia
Print

Рыга: саміт “пазбаўлены амбіцый”

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 21.05.2015 15:05
  • саміт “пазбаўлены амбіцый”.mp3
Саміт Усходняга партнэрства не прынясе пераломных рашэньняў.

У Рызе сёньня вечарам пачынаецца саміт Усходняга партнэрства. У ім прымуць удзел лідары краін Эўразьвязу, а таксама прадстаўнікі краін-чальцоў партнэрства – Украіны, Грузіі, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджану й Беларусі. Сёньня гэта толькі фармальны пачатак саміту, рабочыя сэсіі заплянаваныя на заўтра. На сустрэчы ня будуць агучаны канкрэтныя пераломныя рашэньні. Некаторыя наўпрост кажуць пра саміт “пазбаўлены амбіцый”.

“Некаторыя краіны ня маюць апэтыту на далейшае набліжэньне краін, ахопленых УП”, - сказала Польскаму радыё экспэртка Цэнтра эўрапейскай палітыкі Аманда Паўль. Таму ня будзе афіцыйнай падтрымкі імкненьня краін з-за ўсходняй мяжы да чалецтва ў ЭЗ. Будзе гаворка пра іх эўрапейскія асьпірацыі, але пасрэдна. Эўразьвяз ня хоча быць вельмі амбітны ў пытаньнях Усходу, каб не раздражняць Маскву. “Нягледзячы на тое, што Расея ня мае нічога супольнага з Усходнім партнэрствам, то знаходзіцца ва ўсіх галовах”, - кажа Аманда Паўль. Важна, што саміт праходзіць у цяні напружаных стасункаў паміж Украінаю й Расеяй.

На саміце не прагучаць канкрэтныя абяцаньні, якія тычацца адмены візавага рэжыму для грамадзян Украіны й Грузіі. Гэта было адно з найважнейшых чаканьняў.

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі ў размове з Польскім радыё так камэнтаваў справу: “Мы сутыкнуліся з палітычнай нерашучасьцю Эўразьвязу. Не акрэсьлена дата адмены візавага абавязку, не прадстаўлены канкрэтныя прапановы, што трэба зрабіць, каб гэта адбылося. Пералому няма, справа разьвіваецца як доўгі працэс. Гэта, канешне, расчароўвае.”

Прадстаўнікі грамадзкіх рухаў, прысутныя ў Рызе, падкрэсьліваюць, што грамадзтвам краін УП патрэбныя сыгналы, якія заахвоцяць іх да прыняцьця цяжкіх для іх эканамічных і сацыяльных рэформ.

Самыя ўкраінцы разьлічвалі, што ў Рызе прагучыць інфармацыя аб адмене візаў. Гаворыцца, што Кіеў ня выканаў свае абавязацельствы ў гэтым напрамку.

Украінскія ўлады кажуць, што частка рэалізаваная, а частка будзе зьдзейсьнена неўзабаве.

Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка разумее, што прапанова адмены віз для ўкраінцаў у Рызе не прагучыць. Ён аднак хацеў бы пачуць дэклярацыі ў гэтай справе.

П. Парашэнка: Неабходна разьдзяліць тэхнічныя й палітычныя пытаньні. Павінна быць палітычнае рашэньне аб адмене віз. Тэхнічныя пытаньні павінны быць пералічаныя, а Ўкраіна павінна іх рэалізаваць.

Афіцыйную Беларусь на саміце ў Рызе прадстаўляе міністар замежных спраў Уладзімір Макей. На месцы знаходзіцца наш журналіст Дзьмітры Гурневіч. Скажы, чаго можа спадзявацца Беларусь і якіх заяваў можна спадзявацца ад Беларусі.

Дз. Гурневіч: Насамрэч Беларусь нічога не спадзяецца, і нічога не спадзяюцца ад Беларусі. Адзінае пытаньне, вартае ўвагі й якое плянавалася вырашыць – гэта падпісаньне дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму Беларусі з ЭЗ. Аднак у апошні момант гэтае пытаньне было зьнятае з павесткі дня ў сувязі з тым, што некаторыя краіны ЭЗ выказаліся за тое, каб беларускія дыпляматы мелі біямэтрычныя пашпарты. Гэта адкладвае падпісаньне дамовы, паколькі на рэалізацыю гэтага патрабаваньня патрэбны час.

Справа ў тым, што да іншых краін Партнэрства такія патрабаваньні не высоўваліся. Ня выключана, што Беларусь можа пакрыўдзіцца на Эўразьвяз за тое, што ў дачыненьні да яе былі выкарыстаныя падвойныя стандарты. І затрымаць падпісаньне пагадненьня.

Латвійскія дыпляматы сказалі, што наўрад ці дамова будзе падпісана да канца старшынства Латвіі ў ЭЗ, а гэта канец чэрвеня. Але дамова падрыхтаваная, гатовая да падпісаньня. Адзінае, трэба палітычная воля з боку ЭЗ і Беларусі. Вядома, што Нямеччына выступае супраць. І гэта, хіба, яна выступіла з патрабаваньнем увесьці біямэтрычныя пашпарты для беларускіх дыпляматаў.

Ідэя Ўсходняга партнэрства надалей мае сэнс, горш зь яе рэалізацыяй – мяркуе прафэсар Юзэф Фішэр зь Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Польскай акадэміі навук. “На жаль, сама ідэя партнэрства памірае”, - мяркуе прафэсар Фішэр.

Ю. Фішэр: Эўразьвяз даў агромную надзею на далучэньне, асабліва ўкраінскаму народу. А ў практыцы такія пляны адсутнічаюць. Вядома, што ЭЗ у бліжэйшым часе не плянуе прыняць Украіну ў склад зьвязу. Для эфэктыўнай рэалізацыі праграмы Ўсходняга партнэрства патрэбна салідарнасьць усіх чальцоўскіх краін ЭЗ. Насамрэч, падтрымку польска-швэдзкай ініцыятыве аказваюць нямногія краіны. Кожная з груп краін мае свае інтарэсы. Напрыклад, паўднёвыя краіны лічаць, што партнэрства – задарагое. Акрамя таго, яны ня хочуць рызыкаваць сваімі стасункамі з Расеяй. Многія краіны хочуць утрымліваць гандлёвыя адносіны зь ёй. Такія краіны як Нямеччына, Францыя вядуць важныя гаспадарчыя інтарэсы й клапоцяцца пра свой нацыянальны інтарэс.

Апошні саміт Усходняга партнэрства адбыўся ў лістападзе 2013 году ў Вільні. Яго галоўнай падзеяй стала адмова тагачаснага ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЭЗ. Гэта выклікала абурэньне ўкраінцаў і выбух непарадкаў у краіне.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт