Logo Polskiego Radia
Print

Украіна: вайна і міласэрнасьць (ФОТА)

Polskie Radio
Alaksandar Papko 21.05.2015 19:54
  • Украіна вайна і міласэрнасць.mp3
Наш карэспандэнт адправіўся з валянцёрскай групай у Данбас, каб убачыць, як дастаўляюць дапамогу жыхарам прыфрантавых вёсак.
Вялянцёры з арганізацыі "Крила щедрості та турботи" раздаюць гуманітарную дапамогу. Фота: Мая МіхалюкВялянцёры з арганізацыі "Крила щедрості та турботи" раздаюць гуманітарную дапамогу. Фота: Мая Міхалюк

Нягледзячы на тое, што вайна ў Данбасе цягнецца ўжо год, аказаньнем гуманітарнай дапамогі жыхарам прыфрантавых тэрыторыяў па-ранейшаму займаюцца амаль выключна групы валянцёраў. Наш карэспандэнт Аляксандар Папко адправіўся з сябрамі дабрачыннай арганізацыі ў Данбас, каб даведацца, як выглядае жыцьцё простых людзей у зоне канфлікту, і што матывуе тых, хто аказвае ім дапамогу.

У офісе дабрачыннай арганізацыі «Крила щедрості та турботи» ў Кіеве кіпіць праца. Тры дзесяткі людзей розных заняткаў і ўзростаў – ад школьнікаў да бізнэсмэнаў і пэнсіянэраў – расфасоўваюць па пакунках кансэрвы, макароны, алей… Два аўтобусы павінныя даставіць 6-кіляграмовыя прадуктовыя наборы 600 сем’ям, якія апынуліся ў прыфрантавой зоне непадалёк ад гарадка Аўдзееўка ў Данецкай вобласьці.

Лінія разьдзелу паміж украінскімі сіламі і тэрыторыяй, якую кантралююць прарасейскія сэпаратысты, з пачатку года зачыненая для праезду. Украінскія ўлады пакінулі для перамяшчэньня толькі некалькі транспартных калідораў. Тысячы людзей апынуліся адрэзанымі ад сваёй ранейшай працы. У аддаленыя вёскі ня ходзіць транспарт, старым стала надзвычай цяжка дабрацца да шпіталёў, аптэкаў і нават паселішчаў, дзе яны могуць атрымаць сваю мізэрную пэнсію. Карціну іх жыцьця дапаўняюць спарадычныя мінамётныя абстрэлы й перастрэлкі, якія адбываюцца побач.

Прадукты, якія сабралі валянцёры, вельмі простыя, але для жыхароў забытых вёсак гэта значная дапамога – кажа кіеўскі прадпрымальнік Аляксандар Кабылянскі.

/

А. Кабылянскі: Прадуктовы набор складаецца з двух відаў крупы, бутэлькі алею, бляшанкі мясных альбо дзьвюх бляшанак рыбных кансэрваў. У цяперашнія наборы мы паклалі насеньне, каб людзі, якія жывуць там, маглі вырасьціць нешта сваёй уласнай працай.

Старшыня дабрачыннай арганізацыі «Крила щедрості та турботи» Мая Міхалюк зьдзейсьніла больш за 30 (!) выездаў у Данбас. Яна дастаўляе гуманітарную дапамогу кожныя два тыдні. Спачатку Мая вазіла дапамогу ўкраінскім вайскоўцам, а цяпер дапамагае старым і дзецям.

Фота:
Фота: Мая Міхалюк

М. Міхалюк: Кожная паездка дае мне яшчэ большае адчуваньне маёй асабістай адказнасьці за тое, што адбываецца ў маёй краіне. Калі падчас адной з першых паездак у зону АТО ў сьнежні мы пабывалі ў дамах у старых, пабачылі холад, голад, я зразумела, што буду вяртацца туды зноў і зноў.

Ад пачатку вайны прайшоў цэлы год, аднак украінскія дзяржаўныя службы так і ня здолелі наладзіць пастаўку гуманітарнай дапамогі ў зоны бедзтваў. Гэтую справу па-ранейшаму выносяць на сваіх плячах валянцёры.

М. Міхалюк: Нам таксама вельмі хацелася б, каб урад браў больш адказнасьці. Але мы разумеем, што краіна знаходзіцца ў крытычнай сытуацыі. Ідзе вайна, патрэбаў вельмі многа, шмат працэсаў не арганізаваныя. Можна сядзець дома і скардзіцца ў «Фэйсбуку», як усё дрэнна, а можна ехаць і дапамагаць. У гэты раз мы дапаможам 600 сем’ям. Гэта кропля ў акіяне. Але для гэтых 600 сем’яў гэта будзе значная дапамога. На нейкі час ім будзе што есьці й будзе чым карміць сваіх дзяцей.

Валянцёры з «Крылаў шчодрасьці й клопату» былі ў самых разбураных вайной месцах: Мар’інцы і Опытным пад Данецкам, Папаснай на Луганшчыне. Падманутыя расейскай прапагандай і даведзеныя да адчаю старыя людзі вельмі часта маюць антыўкраінскія погляды. «Мы вязем дапамогу тым, хто яе патрабуе, не зважаючы на іх пазыцыю», – кажа спадарыня Мая.

М. Міхалюк: Прынцыповай для нас зьяўляецца ня іх палітычная пазыцыя, а тое, што яны адносяцца да катэгорыі людзей, якім востра неабходная дапамога. У нас абмежаваныя рэсурсы. Мы ня можам дапамагаць усім. Таму мы дапамагаем старым і дзецям – тым, каму найцяжэй.

Малады архітэктар Ільля Бандарэнка родам з Данецка. Ён едзе ў «зону АТО», каб дапамагчы землякам, хоць шмат хто зь іх лічыць яго ворагам.

/

І. Бандарэнка: Цяжка глядзець на родны горад і ведаць, што калі я пападу туды, то мяне будуць лічыць ворагам. Але я паеду цяпер, і ў наступны раз, і яшчэ.

Такія гуманітарныя рэйсы на Данбас дазваляюць пераканаць, што ў Кіеве жывуць нармальныя спагадлівыя людзі, а ніякія не «фашысты» – кажа Аляксандар.

А. Кабылянскі: Калі людзі, якія атрымалі гуманітарную дапамогу, скажуць за гэта «дзякуй!», то ў іх складзецца ўражаньне. Што ў Кіеве жывуць такія ж людзі, як яны – ня карнікі, не фашысты, ня тыя, хто цалкам падтрымлівае дзеяньні кіроўнай вярхушкі, а людзі, якія намагаюцца падзяліць іх долю.

Трэба пераконваць людзей, як бы цяжка гэта ні было. Кідаць іх нельга – падсумоўвае прадпрымальнік.

Закідваем жоўтыя плястыкавыя мяшкі з прадуктамі ў багажнік і салён аўтобуса. Наверх на мяшкі кладзем кеўларавыя каскі. Каскі, аптэчкі з мэдыцынскімі жгутамі, а таксама раскладзеныя па паліцах 12-кіляграмовыя бронежылеты нагадваюць, што мы адпраўляемся зусім не ў турыстычнае падарожжа.

Шмат сябраў дабрачыннай арганізацыі належаць да суполкі эвангельскіх хрысьціянаў. Перад адпраўкай у невядомае гучыць супольная малітва. Сядаем у аўтобус. Нас шасьцёра: валянцёры Мая Міхалюк, Аляксандар Кабылянскі, Ільля Бандарэнка і Канстанцін Рудэнка, а таксама карэспандэнтка ўкраінскага выданьня «Апостроф» Яна Сядова і я.

Як толькі заводзіцца рухавік, хваляваньне раптам праходзіць. Мы адпраўляемся ў 500-кілямэтровае начное падарожжа на Ўсход. Кіроўца Канстанцін, каб не заснуць, уключае музыку. Пад песьні Андрэя Макарэвіча мы пагружаемся ў ціхі роздум. Раніцай нас чакае Данбас.

Аляксандар Папко

Працяг рэпартажу слухайце ў наступнай перадачы

Гуманітарную
Гуманітарную дамамогу для жыхароў Данбасу зьбіраюць дзесяткі кіеўлян, якія супрацоўнічаюць з дабрачыннай арганіазцыяй "Крила щедрості та турботи".

Зьмесьціва
Зьмесьціва прадуктовага набора.

/
Дзякуючы
Дзякуючы працы дзесяткаў валянцёраў, гуманітарную дапамогу атрымаюць 600 сем'яў.

/

Гуманітарную
Гуманітарную дапамогу грузяць у аўтобус.

Апошня
Апошня праверка перад дарогай.

Па
Па вузкіх разбітых дарогах, праяжджаючы нязьлічаныя блёкпосты, валянцёры кіруюцца ў прыфрантавую зону.

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт