Logo Polskiego Radia
Print

Украіна – галоўная тэма на „Wrocław Global Forum”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.06.2015 15:30
  • Global Forum.mp3
Госьцем форуму зьяўляецца Алесь Бяляцкі.
www.wroclaw.pl

Некалькі сотняў гасьцей, палітыкаў, дыпляматаў, спэцыялістаў па міжнародных адносінах, эканоміцы й абароне прымуць удзел у шостым „Wrocław Global Forum”, які з чацьвярга адбываецца ва Ўроцлаве.

Цягам трох дзён сталіца Ніжняй Сілезіі ўзяла на сябе ролю арганізатара міжнароднай сустрэчы, прысьвечанай пытаньням палітыкі й бізнэсу.

Арганізатарамі „Wrocław Global Forum” зьяўляюцца ўлады гораду Ўроцлаў, амэрыканская фундацыя „Atlantic Council” ды Польскі інстытут міжнародных спраў.

Марцін Забароўскі з Польскага інстытуту міжнародных спраў, зьвяртае ўвагу на трансатлянтычным характар сустрэчы.

Марцін Забароўскі: У гэтым месцы сустракаюцца прадстаўнікі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, напрыклад, Славаччыны, Вугоршчыны, Украіны. Сёлета мы таксама прымаем кіраўніка МЗС Грузіі ды міністра абароны Македоніі. Зразумела, ёсьць таксама амэрыканцы.

Паводле прэзыдэнта Ўроцлава Рафала Дуткевіча, выбар сталіцы Ніжняй Сілезіі ў якасьці месца правядзеньня трансатлянтычнага форуму невыпадковы.

Рафал Дудкевіч: Ва Ўроцлаве й яго ваколіцах заінвэставала шмат амэрыканскіх фірмаў. Дарэчы, іх прадстаўнікі таксама ўдзельнічаюць у мерапрыемстве. Паводле маіх падлікаў, у рэгіёне Ўроцлава дзейнічае больш за 10 буйных амэрыканскіх фірмаў.

Прысутны на форуме ва Ўроцлаве міністар фінансаў Польшчы Матэвуш Шчурэк гаварыў між іншым пра пэрспэктывы ўступленьня Польшчы ў эўразону. Паводле польскага палітыка, пра гэта павінны вырашыць у першую чаргу эканамічныя фактары, а не палітыка.

Міністар падкрэсьліў, што таксама выкананьне папярэдніх крытэрыяў перад уваходам у эўразону не гарантуе посьпеху ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Матэуш Шчурэк: З 2000 году мы ўжо ведаем, што тыя ж самыя працэнтныя стаўкі могуць быць занадта высокія для адной краіны, у той час як занадта нізкія для іншай. Гэта можа з аднаго боку занадта “душыць” эканоміку, а зь іншага ствараць попыт на крэдыты й прыводзіць да нестабільнасьці. За гэта потым прыйдзецца плаціць, як гэта адбываецца сёньня ў Ірляндыі й Гішпаніі.

Першы дзень форуму быў прысьвечаны пытаньням, зьвязаным з трансатлянтычным бізнэсам. Сёньня ўдзельнікі форуму размаўляюць пра напружаную геапалітычную сытуацыю ва Ўсходняй Эўропе.

Пра польскую падтрымку Ўкраіны на форуме гаварыў міністар фінансаў Матэвуш Шчурэк. Ён запэўніў, што палякі падтрымліваюць суседзяў на тэхнічным ды інфарматычным узроўнях, напрыклад, дапамагаюць ахоўваць украінскую мяжу. Апрача таго, Польшча ўдзельнічае ў міжнароднай фінансавай дапамозе ў рамках Эўразьвязу й Міжнароднага валютнага фонду.

У сваю чаргу прысутны на форуме прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі зьвяртаў увагу на неабходнасьць умацаваньня паразуменьня й салідарнасьці паміж краінамі Захаду.

Ён нагадаў пра апошнія апытаньні, паводле якіх грамадзтвы некаторых эўрапейскіх краінаў не гатовыя абараняць іншыя краіны ў выпадку неабходнасьці.

Таму кіраўнік польскай дзяржавы лічыць, што гэтую салідарнасьць трэба пастаянна замацоўваць.

Браніслаў Камароўскі: У іншым выпадку можа здарыцца так, што падмурак нашай свабоды, у тым ліку польскай свабоды, якой 25 гадоў, у момантах крызысу й выпрабаваньня можа аказацца слабым.

Пры гэтым Украіна зьяўляецца вядучай тэмай сустрэчы ўжо другі год запар. Паводле Марціна Забароўскага, крызыс у гэтай краіне прычыніўся да таго, што ЗША зноўку зацікавіліся Эўропай.

Марцін Забароўскі: Яшчэ некалькі гадоў таму прэзыдэнт Барак Абама казаў, што ЗША павінны цікавіцца перш за ўсё Азіяй, Блізкім Усходам, бо Эўропа – гэта стабільны рэгіён, у якім нічога дрэннага не адбываецца. Падчас нашых сустрэчаў мы пераконвалі, што гэта няпраўда. На жаль, выходзіць, што мы мелі рацыю. Цяпер гэта бачаць таксама ЗША.

Сёньня пра крызыс ва Ўкраіне казалі таксама Фрэдэрык Кэмп - кіраўнік фундацыі „Atlantic Council”, расейскі апазыцыянэр Ілья Яшын і эўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Падчас форуму традыцыйна ўручаюцца Прэміі Свабоды („Atlantic Council Freedom Awards”). Сёлета іх атрымаюць, між іншым, вядомая польская рэжысэрка Агнешка Голянд і, пасьмяротна, расейскі апазыцыянэр Барыс Нямцоў.

Праваабарончы цэнтра „Вясна” разам зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім Свабодным тэатрам сталі лаўрэатамі гэтай прэміі ў 2011 годзе.

„Wrocław Global Forum” завершыцца ў бліжэйшую суботу.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт