Logo Polskiego Radia
Print

Ці можна ацэньваць Беларусь па месцы ў эканамічных рэйтынгах?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.06.2015 17:07
  • Ці можна ацэньваць Беларусь па месцы ў эканамічных рэйтынгах.mp3
Беларусь неахвотна ўключаюць у міжнародныя рэйтынгі эканамічнай прыцягальнасьці бо яна... выглядае занадта добра!
Фота: World BankФота: World Bank

У сусьветным рэйтынгу лёгкасьці вядзеньня бізнэсу Беларусь займае высокія пазыцыі ўжо 6 гадоў. Аднак буму прыватнай ініцыятывы ў краіне не назіраецца. Чаму так адбываецца, і ці варта ацэньваць эканоміку Беларусі па пазыцыі ў сусьветных рэйтынгах? Адказ на гэтыя пытаньні далі ўдзельнікі канфэрэнцыі «Стан і шляхі павышэньня нацыянальнай канкурэнтаздольнасьці Беларусі», якая днямі завяршылася ў Менску.

Беларусь неахвотна ўключаюць у міжнародныя рэйтынгі эканамічнай прыцягальнасьці бо яна... выглядае занадта добра! Такой нечаканай думкай падзяліліся беларускія эканамічныя экспэрты, якія сабраліся на канфэрэнцыі, арганізаванай Рухам «За Свабоду» сумесна з дасьледчым цэнтрам Астрагораскага і часопісам IDEA.BY.

У вядомым рэйтынгу лёгкасьці вядзеньня прадпрымальніцкай дзейнасьці Doing Business Беларусь займае 57 радок. Яна знаходзіцца вышэй за Харватыю і Люксэмбург і крыху ніжэй за Турцыю ды Італію. Аднак мала хто пры выбары паміж Люксэмбургам і Беларусьсю адважыцца адкрыць фірму ў Беларусі.

Як растлумачыць такі парадокс? Беларусь займае высокую пазыцыю ў Doing Business таму, што ўлады банальна маніпулююць гэтым рэйтынгам. Урад зьмяніў толькі тыя законы і правілы, якія дазволілі краіне падняцца на некалькі радкоў. Пры гэтым бізнэс-клімат істотна не палепшыўся – кажа фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

/

С. Чалы: Замест таго, каб сапраўды паляпшаць дзелавы і інвэстыцыйны клімат, чыноўнікі пачалі прымаць меры, якія дазволяць падняцца ў рэйтынгу мінімальнымі высілкамі, якія не ўплываюць на эканоміку. Напрыклад, перавод збору падаткаў са штомесячнага на квартальны рэзка павысіў нас у пазыцыі «лёгкасьць выплаты падаткаў». Пры гэтым плаціць падаткі ня стала лягчэй.

Ня толькі беларускі ўрад маніпулюе з законамі, каб «падскочыць» у рэйтынгу Doing Business. У гэтым можна падазраваць Македонію, Армэнію й нават Грузію. Неабавязкова краіны, якія займаюць высокія пазыцыі ў рэйтынгу, маюць высокія тэмпы росту – кажа аналітык дасьледчага цэнтру European Stability Iniciative Аднан Чэрымагіч.

/

А. Чэрымагіч: Пытаньне ў тым, ці заканадаўчыя зьмены, якія павышаюць пазыцыю краіны ў рэйтынгу Doing Business, сапраўды прыводзяць да эканамічнага росту. Нашае дасьледаваньне паказала, што не абавязкова. Індыкатары Doing Business сфармуляваныя вельмі вузка. Калі ўрад хоча, ён можа маніпуляваць гэтымі індыкатарамі і праводзіць толькі тыя зьмены, якія павысяць пазыцыю дзяржавы ў рэйтынгу. Пры гэтым не адбываецца грунтоўных рэформаў, вынікам якіх і павіныя быць гэтыя паляпшэньні ў індыкатарах.

Беларусь не зьяўляецца краінай з тыповай рынкавай эканомікай. Таму рэйтынгі, створаныя для капіталістычных дзяржаваў, ня могуць дакладна ацаніць беларускую гаспадарку – прыводзіць другі аргумэнт Сяргей Чалы.

С. Чалы: Гэтая мэтадалёгія была распрацаваная для нармальных краінаў. Яе аўтарам нават не прыйдзе ў галаву ўключыць у яе рэчы, зь якімі сустракаюцца бізнэсмэны ў Беларусі – настолькі яны абсурдныя. Напрыклад, у Doing Business ёсьць вельмі важны пункт, які называецца «абарона інвэстараў». Згодна з гэтым рэйтынгам, абароненасьць – гэта адсутнасьць парушэньняў правоў мінарытарных акцыянэраў з боку акцыянэра мажарытарнага. Гэта тое, супраць чаго трэба найчасьцей абараняцца на Захадзе. А ў нас правы мажарытарных акцыянэраў часьцей за ўсё парушае акцыянэр мінарытарны – дзяржава. Калі б гэты нюанс улічваўся ў рэйтынгу, я ўпэўнены, што мы б знаходзіліся ў яго хвасьце, а не ў галаве.

З думкай, што эканоміку Беларусі некарэктна ацэньваць паводле заходніх рэйтынгаў, не пагаджаецца эканаміст Серж Наўродзкі. Дасьледчы цэнтар CASE Belarus, які ён узначальвае, працаваў над тым, каб уключыць Беларусь у прэстыжны Індэкс глябальнай канкурэнтаздольнасьці (Global Competitiveness Index).

На думку Сержа Наўродзкага, рэйтынгі даюць добрае ўяўленьне пра моцныя і слабыя бакі беларускай эканамічнай мадэлі. Doing Business можна западозрыць толькі ў тым, што ён недаацэньвае нэгатыўны ўплыў асобных фактараў на агульную атмасфэру вядзеньня бізнэсу. Праблемы беларускай эканомікі вядомыя. Гэта высокія падаткі, высокая інфляцыя і дарагія крэдыты. І гэтыя праблемы адлюстроўваюцца ў шматлікіх рэйтынгах – кажа Серж Наўродскі.

/

С. Наўродскі: Першая праблема – гэта макраэканамічная стабільнасьць. Другая –гэта фінансавы рынак. Гэта ня столькі слабае разьвіцьцё банкаўскага сэктара, колькі адсутнасьць свабоднага пераплыву капіталу паміж галінамі эканомікі. Трэцяя праблемная сфэра – гэта рынак працы. У Беларусі рост заробкаў перавышае рост прадукцыйнасьці працы. На прадпрыемствах існуе завышаная занятасьць. Гэта прыводзіць да таго, што ў гаспадарцы адчуваецца недахоп фінансавых сродкаў. Іншымі словамі, грошы, якія выдаюцца нам на зарплаты, забіраюць у прадпрыемстваў, якім гэтыя грошы патрэбныя, каб інвэставаць.

Беларускі ўрад альбо праводзіць касмэтычныя рэформы заканадаўства, каб палепшыць імідж Беларусі, альбо траціць бюджэтныя грошы на маштабныя, але правальныя праекты мадэрнізацыі. Сапраўдных эканамічных рэформаў у краіне не праводзіцца. А беларуская эканоміка тым часам дэградуе й ператвараецца ў сыравінную – папярэджвае Сяргей Чалы.

С. Чалы: На пачатку 90-х мы былі індустрыялізаванай краінай з вялікай колькасьцю канкурэнтаздольных прадпрыемстваў, якія выраблялі прадукцыю з высокай даданай вартасьцю. А цяпер ільвіная доля таго, дзе мы захоўваем канкурэнтаздольнасьць – гэта прымітыўныя вырабы: сыравінная прадукцыя альбо прадукцыя першага цыклу перапрацоўкі. Гэта хімія, нафтахімія і вытворчасьць калійных угнаеньняў.

На думку экспэртаў, беларускаму ўраду трэба перастаць ганяцца за высокімі пазыцыямі ў міжнародных рэйтынгах. Трэба ствараць сапраўды спрыяльныя ўмовы для бізнэсу. Міжнародных інвэстараў і сваіх бізнэсмэнаў не падманеш прыгожымі лічбамі, за якімі хаваюцца незьлічоныя перашкоды і рызыкі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт