Logo Polskiego Radia
Print

Вайна ў Данбасе перапісала мэдыцынскія падручнікі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.06.2015 21:11
  • Вайна ў Данбасе перапісала мэдыцынскія падручнікі.mp3
Ваенны мэдык: Украінскія вайскоўцы адмаўляюцца ад савецкіх марлевых бінтоў і гумавых жгутоў з-за іх неэфэктыўнасьці.

Вайна ў Данбасе прымусіла лекараў пераглядзець старыя падручнікі па мэдыцынскай дапамозе. Якія рэчы з савецкай вайсковай аптэчкі аказаліся неэфэктыўнымі? Якія новыя прылады і прэпараты здольныя ўратаваць жыцьцё байца? Як аказаць першую дапамогу на полі бою? Пра гэта журналістам і валянцёрам, якія сабраліся ва ўкраінскім культурным цэнтры ў Варшаве, расказалі польскія вайсковыя ратаўнікі.

«Штучнае дыханьне і масаж сэрца параненым на фронце не робяць, – расказвае гасьцям «Украінскага сьвету» вайсковы мэдык Даміян Дуда. Гэтыя прыёмы могуць толькі падтрымаць жыцьцядзейнасьць мозгу да прыбыцьця машыны хуткай дапамогі. А на фронт «хуткая» не прыедзе».

Даміян і яго калегі Агнешка Пясэцка і Конрад Дзеканоўскі неаднаразова наведвалі Данбас, дзе вучылі ўкраінскіх санінструктараў. Цяпер яны праводзіць трэнінг па тактычнай мэдыцыне для журналістаў і валянцёраў, якія езьдзяць на Ўсход Украіны.

/

Д. Дуда: Гэтыя веды могуць быць карысныя людзям, якія ў будучыні могуць сутыкнуцца з баявымі ранамі. Звычайнаму лекару гэтыя спэцыфічныя веды спатрэбяцца толькі ў выпадку, калі ён апынецца ў зоне канфлікту. Аднак варта іх мець, бо ў мэдунівэрсытэце гэтаму ня вучаць. Акрамя мэдыкаў ці вайскоўцаў, гэты курс мы аганізуем для валянцёраў і іншых людзей, якія не ваююць, аднак могуць апынуцца ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі, і іх жыцьцё можа быць пад пагрозай.

Як валянцёрам, так і мэдыкам, неабходна ведаць, што дапамогу параненаму не аказваюць, пакуль ня будзе адбітая атака ворага; што нават пасьля заканчэньня бою аказваць параненаму дапамогу і выцягваць яго можна толькі пад прыкрыцьцём таварышаў. Неабходна ведаць, куды і як накладаць жгуты, як забінтаваць рану грудной клеткі ці пералом, якія прэпараты параненаму даваць можна, а якія – не.

Прыёмы першай дапамогі на полі бою адрозьніваюцца ад першай дапамогі ў мірных умовах – падкрэсьлівае арганізатар сустрэчы, кіраўнік варшаўскага Эўрамайдану Натальля Панчанка. Валянцёры павінныя ведаць падставы тактычнай мэдыцыны, каб пры неабходнасьці ўратаваць сябе і сваіх таварышаў. А яшчэ тактычную мэдыцыну трэба ведаць, каб разумець, якія прэпараты і прылады трэба купляць для байцоў.

/

Н. Панчанка: Валянцёры павінныя ведаць, напрыклад, якія мэдыкамэнты і жгуты трэба купляць, а якіх мэдыкі не раяць і чаму. Трэба ведаць, на якія характарыстыкі трэба зьвяртаць увагу, колькі каштуе тая ці іншая рэч, дзе яе можна купіць. Тактычная мэдыцына адрозьніваецца ад грамадзянскай. Некаторыя прэпараты ці прылады, якія ў звычайнай сытуацыі даюць добрыя вынікі, у палявых умовах ужывацца ня могуць.

Канфлікт у Данбасе, як і кожная вайна, перапісаў падручнікі па палявой мэдыцыне. Ва Ўкраіне школы тактычнай мэдыцыны фактычна не існавала. Цяпер мэдыкі і жаўнеры ствараюць яе на ўласным цяжкім досьведзе. Так, напрыклад, украінскія вайскоўцы вымушаныя былі адмовіцца ад савецкіх марлевых бінтоў. Яны ня здольныя надзейна спыніць кровацячэньня і дрэнна трымаюцца на ране. Замест іх выкарыстоўваюць элястычныя бінты.

Падчас данбаскай вайны ўкраінскія вайскоўцы ўпершыню выкарысталі прэпарат Celox і баявыя бінты, які амэрыканскія вайскоўцы спраўдзілі ў Іраку і Афганістане. Парашок, альбо прасякнуты спэцыяльным рэчывам бінт, укладаецца ў рану і ў выніку хімічнай рэакцыі надзейна закупорвае перабітыя сасуды, спыняе кровацячэньне.

Досьвед мэдыкаў вайны ўжо распаўсюджваецца ў інтэрнэце і праз некаторы час зьявіцца на старонках падручнікаў – кажа польскі ваенны мэдык Даміян Дуда.

Д. Дуда: Ужо цяпер зьяўляецца мноства мэдыцынскіх дапаможнікаў і фільмаў, якія можна ўбачыць у інтэрнэце. Да важных новаўвядзеньняў гэтага канфлікту можна залічыць гемастатычныя прэпараты, кшталту Celox. Аднак самае важнае – гэта ўвядзеньне новых жгутоў-турнікетаў, замест неэфэктыўных гумавых жгутоў Эсмарха. Каштуюць яны вельмі няшмат, але сапраўды ратуюць жыцьцё. Вельмі часта вайскоўцы атрымліваюць экіпіроўку, якая была куплена на тэндэры. Яна адрозьніваецца нізкай цаной, але якасьць яе таксама нізкая. Трэба ведаць, што насамрэч працуе, а што не, каб ня мець памылковага пачуцьця бясьпекі.

Вайна на Ўсходзе Ўкраіны дала матэрыял для роздуму і польскім ваенным мэдыкам. Пазыцыйныя баі ў Данбасе моцна адрозьніваюцца ад таго, што польскія вайскоўцы бачылі ў Іраку і Афганістане.

Д. Дуда: У Афганістане і Іраку вялася пераважна партызанская вайна пры дапамозе самаробных выбуховых прыстасаваньняў і мінаў. Ва Ўкраіне мы маем дачыненьне з клясычнай пазыцыйнай вайной. Яна вядзецца пераважна артылерыяй. Масіраваныя артылерыйскія абстрэлы прыводзяць да нашмат больш сур’ёзных раненьняў. Яны датычаць ня толькі ног ці рук, а ўсяго цела.

Веды па аказаньню пешай дапамогі могуць быць карысныя ня толькі вайскоўцам, журналістам ці валянцёрам. Кожны чалавек можа стаць сьведкам аўтамабільнай аварыі ці тэрарыстычнага акту. Таму нікому ня будзе лішнім даведацца, як рабіць штучнае дыханьне, як зрабіць жгут з падручных матэрыялаў ці зафіксаваць пералом.

Зьмястоўныя ролікі па аказаньню першай мэдычнай дапамогі, прызначаныя для журналістаў, публікуе на сваім сайце ўкраінскі Інстытут масавай інфармацыі. А вельмі простая і наглядныя фільмы па першай дапамозе на полі бою і эвакуацыі параненых можна знайсьці на старонцы ўкраінскай грамадзкай арганізацыі T-Helpers – раіць Даміян Дуда.

Аляксандар Папко

Гумавыя
Гумавыя жгуты Эсмарха значна прайграюць у эфэктыўнасьці сучасным жгутам-турнікетам.

Даміян
Даміян Дуда паказвае, як правільна накладаць жгут-турнікет.

Накладаньне
Накладаньне павязкі на ўчастак цела, дзе накласьці жгут немагчыма.

Падыходзячы
Падыходзячы да параненага, трэба памятаць, што ён можа прыняць вас за ворага.

Эвакуацыя
Эвакуацыя параненага пры дапамозе лямкі.

/

Агнешка
Агнешка Пясэцка знаёміць валянцёраў са зьмесьцівам мэдыцынскага рукзака.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт