Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрт: расейскія "Містралі" можа купіць толькі Кітай

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.07.2015 18:29
  • Містраль.mp3
Але на гэта ня згодзяцца ЗША.
foto/Wiki

Расейскія верфі ўжо ў наступным годзе могуць пачаць будаўніцтва ўнівэрсальнага дэсантнага карабля. Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы ВМФ Расеі адмірал Віктар Чыркоў. Акрамя таго, сёньня стала вядома, што неўзабаве Парыж й Масква могуць паставіць кропку ў гісторыі з караблямі-верталётаносцамі тыпу «Містраль».
Адмірал Чыркоў паведаміў, што новыя караблі, якія плянуе пабудаваць Расея, змогуць узяць на борт 16 верталётаў, каля 500 марскіх пехацінцаў і 80 адзінак наземнай баявой тэхнікі.
Нагадаем, да пачатку ўкраінскага канфлікту Масква заказала два дэсантных караблі тыпу «Містраль» у Францыі. Пасьля таго, як на ўсходзе Ўкраіны выбухнуў грамадзянскі канфлікт, Францыя пад ціскам ЗША адмовілася перадаваць «Містралі» ВМФ РФ.
З расейскіх СМІ вынікае, што водазьмяшчэньне расейскага ўнівэрсальнага дэсантнага карабля будзе на некалькі тысяч тон большым у параўнаньні з францускай адзінкай.
«Містралі» могуць прымаць на борт да 450 чалавек дэсанту, 16 баявых верталётаў, а таксама некалькі дзясяткаў адзінак баявой наземнай тэхнікі, у тым ліку танкаў.
Аглядальнік Аляксандар Алесін, экспэрт па вайсковых пытаньнях, лічыць, што Расея мае патэнцыял і магчымасьці для таго, каб пабудаваць верталётаносцы самастойна. Больш за тое, спэцыяльна для верталётаносцаў створаныя баявыя верталёты К-52К.
Сёньня інфармагенцтвы паведамілі, што Масква й Парыж дамовіліся наконт кампэнсацыі, якую Францыя павінна заплаціць Расеі за тое, што адмовілася пастаўляць «Містралі».
Дасягненьне паразуменьня дае магчымасьць Францыі прадаць караблі трэцяй краіне. Аднак прадаць два пабудаваныя для ВМФ Расеі «Містралі» будзе цяжка, кажа экспэрт. Адна з прычын – гэта тое, што расейскія «Містралі» будаваліся для службы ў паўночных шыротах. Купіць караблі можа толькі адна краіна – Кітай, кажа Алесін. Аднак тут зноў могуць умяшацца ЗША, якія не жадаюць, каб Пэкін павялічваў баявую моц.
Такім чынам атрымліваецца, што Францыя трапіла ў сытуацыю, якую можна акрэсьліць як «з агню ды ў полымя». Бо, па-першае, прыйдзецца плаціць няўстойку, па-другое, караблі будзе цяжка прадаць, і па-трэцяе, на тое, каб іх збыць Кітаю, ня згодзяцца ЗША, якія, дарэчы, і прымусілі Парыж не пастаўляць «Містралі» Расеі. І аказваецца, што ў найбольшым пройгрышы застаўся Парыж, бо расейцы й так пабудуюць караблі – на сваіх верфях і паводле сваіх праектаў.

вс

поўная размова з Аляксандрам Алесіным у далучаным гукавым файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт