Logo Polskiego Radia
Print

Чаму Беларусь ніколі ня ўступіць у СГА?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.07.2015 18:47
  • Чаму Беларусь ніколі ня ўступіць у СГА.mp3
Беларусь нясе шматмільённыя страты, застаючыся за бортам СГА. Уступіць у арганізацыю перашкаджаюць дзьве прычыны...

Казахстан падпісаў дамову аб уступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Пасьля 2015 году, калі Астана ратыфікуе ўсе неабходныя дакумэнты, Беларусь застаецца адзінай краінай Эўразійскага эканамічнага зьвязу і адной зь вельмі нешматлікіх дзяржаваў сьвету, якія не належаць да глябальнага гандлёвага клюбу. Што Беларусь губляе, застаючыся за бортам СГА? Што перашкаджае краіне ўступіць у арганізацыю, і чаму гэтае ўступленьне можа не адбыцца ніколі? Пра гэта нам расказвае эканаміст дасьледчага цэнтру CASE Belarus Алесь Аляхновіч.

Менск вядзе перамовы пра ўступленьне ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю ажно 22 гады. Аднак Беларусь адмаўляюцца прымаць чальцы сусьветнага гандлёвага клюбу. Прычына – у нежаданьні Менска праводзіць прыватызацыю й пераводзіць эканоміку на рынкавыя рэйкі. Цяжкі шлях Беларусі ў СГА апісвае эканаміст Алесь Аляхновіч на старонках англамоўнага часопіса Belarus Digest, які выдаецца дасьледчым цэнтрам Астрагорскага.

Сусьветная гандлёвая арганізацыя – гэта група краінаў, якія рэгулярна паніжаюць мыты ды іншыя бар’еры ва ўзаемным гандлі. Акрамя лібэралізацыі гандлю, СГА вырашае гандлёвыя спрэчкі паміж краінамі-сябрамі. Да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі належыць амаль увесь сьвет, акрамя трох дзясяткаў краінаў-аўтсайдэраў – тлумачыць эканаміст Алесь Аляхновіч

А. Аляхновіч: У Сусьветнай гандлёвай арганізацыі сёньня не знаходзяцца 36 краінаў. Зь іх 22 краіны, у тым ліку Беларусь, вядуць перамовы аб уступленьні. 14 краінаў увогуле не зацікаўленыя ва ўступленьні. Варта паглядзець, якія гэта краіны. Гэта таталітарная Паўночная Карэя, фактычна пірацкая Самалі, Паўднёвы Судан, Палестына, Туркмэністан... Сярод краінаў, якія вядуць перамовы б уступленьні, разам зь Беларусьсю знаходзяцца Афганістан, Лібія, Сырыя, Іран, Ірак. Гэта ня тыя краіны, зь якіх мы павіны браць прыклад.

Казахстан мае намер далучыцца да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі ў 2016 годзе. Армэнія ўжо далучылася да яе 15 гадоў таму. У 2012 годзе ў гандлёвы клюб уступіла Расея.

Праз Расею на рынак Эўразійскага эканамічнага зьвязу, у тым ліку й Беларусь, ідуць танныя тавары з краінаў-чальцоў СГА. Аднак беларускім прадуктам патрапіць на рынкі гэтых краінаў перашкаджаюць высокія мытныя тарыфы. Беларусь адчувае на сабе ўсе балючыя наступствы лібэралізацыі гандлю, і пры гэтым узамен не атрымлівае ніякіх выгадаў – тлумачыць Алесь Аляхновіч.

А. Аляхновіч: Беларусь адной нагой ужо знаходзіцца ў СГА. Мытная палітыка Эўразійскага эканамічнага зьвязу падпарадкаваная патрабаваньням Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Мытныя тарыфы ўжо паніжаныя. Беларусь ужо адчувае ўсе нэгатыўныя наступствы ўступленьня ў СГА, але ўзамен не атрымлівае ніякіх правоў. Яна ня можа выкарыстоўваць СГА як плятформу для вырашэньня гандлёвых канфліктаў. Беларускія тавары ня маюць прэфэрэнцыйнага доступу да замежных рынкаў. Можна сказаць, што «Беларусь безь Беларусі ажанілі». Краіна не жадае ўступаць у СГА, але вымушаная падпарадкоўвацца правілам гэтай арганізацыі.

Калі з-за таго, што Беларусь знаходзіцца за бортам СГА, яна церпіць мільённыя страты, то чаму Менск не далучаецца да гэтай арганізацыі? Прычынаў дзьве. Менск ня хоча пазбавіцца дзяржаўнага кантролю над прадпрыемствамі й перастаць субсідыяваць калгасы – кажа Алесь Аляхновіч.

А. Аляхновіч: Сярод 162 краінаў, якія ўступілі ў СГА, не было ніводнай, якая б мела такую вялікую долю дзяржаўнага сэктару. У Беларусі 70% ВУП вырабляецца на дзяржаўных прадпрыемствах. У постсацыялістычных краінах, якія далучаліся да СГА, доля дзяржаўнага сэктара складала 30%-50%. У нас жа – 70%. Пакуль гэта лічба ня зьменіцца, Беларусь, хутчэй за ўсё, ня ўступіць у СГА.

Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі, што скончаць працэс перамоваў аб уступленьні ў СГА на працягу аднаго году. Такія абяцаньні былі зробленыя ў 2005, 2010 і 2012 гадах. Пра намер завершыць перамовы да навагодніх сьвятаў нядаўна заявіў і намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Гур’янаў. Аднак, хутчэй за ўсё, гэтыя абяцаньніізноў застануцца нявыкананымі.

Сябры СГА ня пусьцяць у свой клюб краіну, якая масава субсідуе прадпрыемствы й прымяняе дэмпінг. Рынкавая канкурэнцыя з таварамі з такой краіны проста немагчымая.

Менск жа ня можа перастаць субсідыяваць калгасы, бо толькі 10% зь іх здольныя выжыць самастойна. Тое самае можна сказаць пра вялікую колькасьць прамысловых прадпрыемстваў. Пакуль 70% эканомікі знаходзяцца ў руках дзяржавы, уступленьне Беларусі ў СГА немагчымае – рэзюмуе Алесь Аляхновіч.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт