Logo Polskiego Radia
Print

Саакашвілі: калі сыстэма згніла, працуюць толькі радыкальныя рэформы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.08.2015 16:32
  • Саакашвілі калі сыстэма згніла, працуюць толькі радыкальныя рэформы.mp3
У інтэрвію Польскаму радыё Міхаіл Саакашавілі расказвае, як ён намераны зьмяніць Адэскую вобласьць, Украіну й цэлы рэгіён.
Міхаіл Саакашвілі на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Камінтэрнаўскае, Адэская вобласьцьМіхаіл Саакашвілі на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Камінтэрнаўскае, Адэская вобласьць

Адэса – гэта месца ў якім сыходзяцца нэрвовыя канчаткі карупцыі, кантрабанды, арганізаванай злачыннасьці ўсёй Украіны. Вылечыўшы Адэсу, можна пачаць перамены ва ўсёй дзяржаве – перакананы нядаўна прызначаны губэрнатар Адэскай вобласьці Міхаіл Саакашвілі. Пра тое, як былы грузінскі прэзыдэнт намераны выцягнуць мільённы партовы горад з крымінальна-карупцыйнага балота, ён расказвае ў інтэрвію Польскаму радыё.

Спадар Міхаіл, у рэформах дзяржаўнага апарату вы прытрымліваецеся радыкальнага падыходу – звальняеце ўсіх старых чыноўнікаў і набіраеце новых, без досьведу дзяржслужбы. Нядаўна вы звольнілі ўсіх кіраўнікоў раёнаў Адэскай вобласці. Вам часта ставяць у віну тое, што вы ліквідуеце цэлыя ўстановы...

М. Саакашвілі: Сыстэма настолькі згнілая, што некаторыя яе галіны проста трэба адсекчы. Трэба выкарыстоўваць радыкальныя мэтады. Нічога іншага ва Ўкраіне не спрацавала. Быць можа, спрацуе гэта. Які іншы выбар мы маем!? Іншыя палітыкі адмаўляюцца ўзяць на сябе адказнасьць, каб сказаць пазьней, што сыстэма не дазволіла ім дзейнічаць. Мы павінны змагацца да канца. І гэтае змаганьне я разумею як барацьбу мірнымі мэтадамі за годнасьць людзей. Ёсьць вельмі просты рэцэпт, як вярнуць людзям годнасьць – гэта прававая дзяржава. Не павінна быць ніякіх спэцыяльных правілаў для чыноўнікаў, бандытаў, мільянэраў. Перад законам усе павінныя быць роўныя.

Ці можна пабудаваць усе дзяржаўныя структуры з нуля? Ваш мэтад працуе толькі ў малой краіне, ці яго можна прымяняць у вялікай?

М. Саакашвілі: Кожны працэс, які адбываецца тут, у Адэсе, зьяўляецца часткай агульнанацыянальнага працэсу. Мы адкрыта кажам пра праблемы – і гэта ўжо вельмі добра. Мы стараемся ўскалыхнуць карупцыйную сыстэму, якая склалася ў Адэсе й іншых гарадах Украіны. Адэса зьяўляецца важнай, таму што тут засяроджаныя ўсе нэрвовыя канчаткі ўкраінскай карупцыі й дрэннага кіраваньня. Тут знаходзяцца мытні, вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы, вялікія сельгаспрадпрыемствы, вялікія турыстычныя фірмы. Таму тут сыходзяцца карупцыйныя інтарэсы вялікіх шышак з Кіева. Калі мы варушым гэты мурашнік, то ўзбуджаем дыскусію пра падобныя праблемы ва ўсёй дзяржаве. Цяпер самыя галоўныя навіны ва Ўкраіне прыходзяць з Адэсы. Аднак так адбываецца таму, што праблемы, зь якімі мы змагаемся – не ўнікальныя. Яны існуюць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Як вы знаходзіце сваіх падначаленых? Паводле якіх крытэрыяў і як вы іх выбіраеце?

М. Саакашвілі: Мы праводзім конкурс. На пасады 26 кіраўнікоў раённых адміністрацыяў у гэтым годзе прэтэндавалі 6 тысячаў чалавек. Пераважная большасьць анкетаў прыйшла зь іншых рэгіёнаў Украіны і ад украінцаў, якія жывуць за мяжой: з Францыі, Амэрыкі, Англіі. Кандыдатуры выбірае вялікая міжнародная камісія. Я прыходжу, каб паразмаўляць прэтэндэнтамі, толькі на апошнім этапе – калі застаецца тры-чатыры кандыдаты на адну пасаду. Перад гэтым яны праходзяць тэст на IQ, здаюць экзамэн. Першы раз ва Ўкраіне мы маем настолькі празрысты й неперадузяты працэс выбару дзяржслужбоўцаў. Ва Ўкраіне такі мэханізм пакуль прымяняецца толькі пры адборы кандыдатаў у новую паліцыю і ў адміністрацыю ў Адэскай вобласьці. Дарэчы, паліцыя ва Ўкраіне таксама будуецца паводле грузінскага ўзору.

Нядаўна ў Адэсе адбыліся чарговыя выбухі ля будынкаў, дзе разьмешчаныя недзяржаўныя арганізацыі, якія падтрымлівалі ўкраінскую рэвалюцыю, а цяпер – украінскіх вайскоўцаў, якія ваююць у Данбасе. Хто стаіць за гэтымі выбухамі і зь якой мэтай іх робіць? Ці крымскі альбо данбаскі сцэнар можа паўтарыцца ў Адэсе?

М. Саакашвілі: Мы вядзем сьледзтва. Ёсьць некалькі рабочых вэрсіяў, якія я б не хацеў агучваць. Ёсьць вялікія сілы, якія хочуць дэстабілізаваць сытуацыю, але ёсьць і лякальныя сілы, якія хочуць такой дэстабілізацыі. І мы шукаем, якія мясцовыя інтарэсы могуць за гэтым стаяць. Мы павінныя вельмі ўзважана падыходзіць да гэтага расьсьледаваньня. У гэтым годзе ў Адэсу прыехала ў два разы больш турыстаў, чым звычайна. Людзі, якія арганізуюць гэтыя выбухі, хочуць напалохаць турыстаў. Запэўніваю вас, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем. Мы не дапусьцім, каб жыхары Адэсы страцілі свае даходы ад турызму й транзыту тавараў.

На мяжы з Адэскай вобласьцю знаходзіцца Прыднястроўе. Нядаўна вы загадалі заблякаваць мяжу, каб спыніць кантрабанду адтуль. Ці ўдалося вам дабіцца чаго-небудзь?

М. Саакашвілі: Да нядаўняга ўсе там займаліся кантрабандай разам: урад у Кішынёве, так званы ўрад у Прыднястроўі, украінцы і расейцы. Цяпер адбыліся пэўныя зьмены ў Кішынёве, а самае галоўнае – я загадаў, (і гэта было ўзгоднена з прэзыдэнтам Украіны) спыніць кантрабанду. Кантрабанда поўнасьцю не спынілася, аднак была сур’ёзна абмежавана. Мы выкапалі роў уздоўж мяжы, які ня могуць пераадолець звычайныя сродкі транспарту. Нам застаецца спыніць карупцыю ў афіцыйных установах. Гэта датычыць СБУ, памежнікаў мытных службаў – усе яны ўдзельнічалі ў кантрабандзе і надалей у ёй удзельнічаюць.

Каб перамагчы кантрабанду, мы будуем новую антыкарупцыйную службу. Гэта будуць абсалютна новыя людзі, з высокімі заробкамі, іх ня будуць выбіраць палітычныя сілы, іх будуць выбіраць праз конкурс. Мы будуем новую паліцыю. Яна ўжо створана ў Кіеве. Яна вельмі адрозьніваецца ад таго, што было ва Ўкраіне. У нас у Адэсе зьявіўся новы шэф міліцыі – гэта грузінскі генэрал, які стаў сапраўднай легендай з-за апэрацыяў супраць кантрабандыстаў. Ён ужо правёў некалькі апэрацыяў тут. Галоўнае, што нам засталося – зьмяніць падыход чыноўнікаў у Кіеве, якія хочуць зарабляць грошы для сябе, крадучы іх у дзяржавы.

Калі мы ўбачым вынікі эканамічных рэформ ва ўсёй Украіне? Калі нарэшце пачнецца эканамічны рост?

М. Саакашвілі: Спачатку мы павінны спыніць глыбокі крызыс. А першым вынікам рэформаў, я думаю, зьяўляецца новая паліцыя. Пераломнай падзеяй стане зьяўленьне пад канец гэтага году новых мытняў. Новая сыстэма аказаньня адміністрацыйных паслугаў насельніцтву таксама будзе адыгрываць важную ролю. Цяпер украінскія ўлады сфакусаваліся на бягучых справах. Стабілізацыя цяжкой эканамічнай сытуацыі патрабуе часу. Пасьля стабілізацыі пачнецца рост. Галоўнае цяпер – пераламаць дрэнныя эканамічныя тэндэнцыі.

Хацеў бы запытацца пра вашу родную краіну – Грузію. Нядаўна Расея пачала перасоўваць межы непрызнанай Паўднёвай Асэтыі ўглыб грузінскай тэрыторыі. Ці лічыце вы, што Расея можа пайсьці на новую эскаляцыю канфлікту ў Абхазіі й Паўднёвай Асэтыі?

М. Саакашвілі: Небясьпека рээскаляцыі канфлікту існуе ўвесь час. Крэмль хоча гэтага ва Ўкраіне, Цэнтральнай Азіі, Азербайджане, Грузіі. Таму калі вы пытаеце мяне, ці маю я якія-небудзь асобныя пляны наконт Грузіі, то я адказваю, што такіх плянаў я ня маю па простых прычынах: што б я там ні зрабіў, расейцы адкажуць акупацыяй новых тэрыторыяў. Каб гэтага пазьбегнуць, мы павінныя затрымаць расейскую экспансію ва Ўкраіне. Украіна павінна справіцца з усім тым, што Крэмль нарабіў на яе зямлі, і тады ўсім іншым краінам стане нашмат лепш.

Некаторыя камэнтатары кажуць, што Адэская вобласьць – занадта малое месца для вас. Ці не плянуеце вы рабіць палітычную кар’еру ў Кіеве?

М. Саакашвілі: Не. Адэса нават занадта вялікая для мяне. Я ў захапленьні ад гэтага гораду і вельмі адданы яго жыхарам. Я шчыра люблю ня толькі жыхароў Адэсы, але й іншых гарадоў і вёсак. У кожным раёне ёсьць проста выдатныя людзі. Я поўны рашучасьці зьмяніць іх жыцьцё да лепшага й не зьбіраюся кінуць іх напаўдарозе. Я перакананы, што будучыня Грузіі залежыць ад перамогі Ўкраіны. Калі Ўкраіна не пераможа – ніводная з краінаў нашага рэгіёну ня будзе мець будучыні. Гэтыя краіны проста ня выжывуць.

Ці плянуеце вы працягваць палітычную кар’еру ў Грузіі? Ці адмовіліся вы ад грузінскага грамадзянства, як гэтага патрабуюць правілы прыняцьця грамадзянства Ўкраіны?

М. Саакашвілі: Гэтае пытаньне грамадзянства – вельмі фармальная рэч. Грузінскі ўрад выгнаў мяне з краіны. Тое, што ён робіць супраць мяне, увесь сьвет, акрамя Расеі, прызнаў палітычным перасьледам. Ва ўладаў няма ніводнага абгрунтаванага абвінавачваньня. Усе абвінавачваньні – абсурдныя. Калі я цяпер вярнуся ў Грузію, то патраплю ў турму. І з-за гэтага ўрад, які кіруе маёй краінай, выклікае ў мяне пачуцьцё агіды. Гэта ганебны ўрад, і дзеяньні яго – ганебныя. Міжнародная супольнасьць салідарная з маім меркаваньнем. Я не хачу камэнтаваць дзеяньняў грузінскіх уладаў. Я павінен сканцэнтравацца на тым, што я раблю тут, у Адэсе. Я перакананы, што мая праца ва Ўкраіне служыць дабру Грузіі і ўсяго рэгіёну.

Аляксандар Папко, Павел Паўліца, Марка Лонквіст

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт