Logo Polskiego Radia
Print

Іншаземцы зарабілі ў Польшчы мільярд эўра

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.10.2015 15:20
Гэта абсалютны рэкорд.

Паводле дадзеных Нацыянальнага банку Польшчы, сёлета іншаземцы зарабілі ў Польшчы амаль у два разы больш, чым летась, то бок больш за мільярд эўра, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

Гжэгаж Даброчак з НБП кажа, што ў 90% - гэта даходы ўкраінцаў.
„Усё больш грамадзянаў Украіны прыяжджае на працу ў Польшчу. Гэта адбываецца на падставе заяваў аб намеры працаўладкаваньня, якія выдаюць польскія прадпрымальнікі”, - тлумачыць Даброчак.

Польскія працадаўцы ў першай палове бягучага году выдалі 403 тысячы гэткіх заяваў, датычных грамадзян Украіны. Годам раней іх было ўдвая менш.

Паводле экспэрта, гэта зьвязанае, перш за ўсё, з эканамічнай і палітычнай сытуацыяй ва Ўкраіне. Сума выплатаў для іншаземцаў пачала відавочна расьці ўжо ў ІІ квартале 2014 году, то бок пасьля расейскай анэксіі Крыму.

Паводле дадзеных, большасьць украінцаў працаўладкоўваецца ў Польшчы ў сельскай гаспадарцы й садаводзтве, а таксама ў будаўніцтве, транспарце й гандлі.

Эканаміст банку „PKO BP” Пёрт Буяк кажа, што настолькі вялікі прыток імігрантаў аказвае станоўчы ўплыў на польскую эканоміку. У сваю чаргу Гжэгаж Бачэўскі, экспэрт „Канфэдэрацыі Lewiatan”, нагадвае ў размове з выданьнем „Dziennik Gazeta Prawna”, што большасьць украінцаў у Польшчы выконвае працу, якой палякі пазьбягаюць.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт