Logo Polskiego Radia
Print

Прыцягальная Польшча

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.10.2015 15:30
  • Прыцягальная Польшча.mp3
Найбольш беларусаў выбрала Польшчу для доўгатэрміновага побыту.

Выдаткі беларусаў на пакупкі ў Польшчы пракрочылі мільярд даляраў. За што беларусы палюбілі Польшчу?

Гісторыя апошніх гадоў адносін паміж Менскам ды Варшавай была даволі напружаная. Былі й крызысы вакол з сытуацыяў палякаў у Беларусі, быў і рост гандлю ды эканамічнага супрацоўніцтва. У пэўны момант Польшча стала трэцім зьнешнегандлёвым партнэрам Беларусі. За апошнія гады вырас і інтарэс да заходняга суседа й з боку беларускага грамадзтва. Так зь дзясяткаў тысяч беларусаў, што атрымалі летась дазвол на жыхарства ў Эўразьвязе, большасьць прыпала на Польшчу. Гаворыць карэспандэнт Польскага радыё Ўладзімір Пац.

Уладзімір Пац: На сытуацыю зьвярнула ўвагу газэта «Наша Ніва». З апублікаваных дадзеных вынікае, што з 80 тысяч відаў на жыхарства ў ЭЗ, якія атрымалі беларусы, 74 тысячы прыпадае на Польшчу. 1000 на Летуву і рэшта на іншыя краіны. Выданьне зазначае, што Польшчу абіраюць тыя грамадзяне Беларусі, якія маюць Карту паляка. Аднак від на жыхарства не азначае, што ўсе гэтыя беларусы жывуць у Польшчы. Апроч беларусаў у Польшчы селяцца грамадзяне Ўкраіны ды Малдовы. У Нямеччыну часьцей едуць сырыйцы, туркі ды кітайцы.

Па відах на жыхарства ў ЭЗ беларусы сёмыя, затое па выдатках у Польшчы адны з першых. Летась беларусы купілі тавараў у Польшчы на суму больш за 3 мільярды злотых (блізу мільярда даляраў). Тры гады таму было каля 300 мільёнаў даляраў. Гэта сьледзтва глябалізацыі эканомікі ды мабільнасьці насельніцтва, кажа эканаміст Міхась Залескі.

Міхась Залескі: Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. Раней беларусы езьдзілі ў Расею, цяпер там умовы пагоршыліся, і яны павярнуліся на Польшчу. Будзе лепей ва Ўкраіне, павернуцца туды. Беларусь бяднее, і народ робіцца больш мабільным. Вось прыклад. Беларусы па банкаўскіх трансфэрах выводзяць з Расеі 1,5 мільярда даляраў. То бок столькі яны там зарабляюць, а мільярд потым трацяць у Польшчы. Беларускія ўлады спрабуюць змагацца з гэтым, зачыняючы мяжу, але вада заўсёды знойдзе дзірачку. Глябальная канкурэнцыя, нікуды не дзенешся ад гэтага.

Эканоміка – не адзіная прычына, па якой Польшча стала больш прыцягальнай для часткі беларусаў, кажа палітоляг Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Польшча прыцягальная для пэўнага сэгмэнта беларускага грамадзтва. У Польшчы беларусы – другая па колькасьці пасьля ўкраінцаў група замежнікаў. У гэтага ёсьць шмат прычын. Тут і культурныя ды сямейныя павязі, праграмы навукі ды абмену, вышэйшы ўзровень жыцьця ды прыналежнасьць Польшчы да ЭЗ, што адчыняе дзьверы ў іншыя краіны аб’яднанай Эўропы.

Гэты рост зацікаўленасьці ўлады маглі бы выкарыстаць з большым посьпехам для краіны, адзначае адмысловец.

Андрэй Казакевіч: Цяпер у беларуска-польскіх адносінах назіраецца вялікая асымэтрыя ў пляне міграцыі людзей ды ведаў. Калі б палітычныя адносіны былі лепшыя, было б больш магчымасьцяў для сумесных ды сымэтрычных праектаў паміж рэгіёнамі Польшчы й Беларусі. Магла зьмяніцца якасная структура больш у бок Беларусі.

Нават ужо існуе гатовы праект эканамічнага клястэра на беларуска-польскай мяжы, згадвае эканаміст Міхась Залескі.

Міхась Залескі: Раней з польскага боку, за часоў М.Машкевіча, агучваліся цікавыя праекты й памежная супрацоўніцтва лепш працавала. Тут патрэбная большая актыўнасьць мясцовых уладаў, каб уся паласа ад Сувалак да Бельска й ад Гародні па Берасьце працавала ў адным накірунку. Больш за тое, ёсьць нямецкі праект, у якім плянуецца стварыць у раёне Берасьця-Тэрэспаля зьмешаны клястар, дзе выраблялася б і прамысловая, і сельскагаспадарчая, любая прадукцыя пад глябальны транзыт паміж Азіяй ды Эўропай.

Немцы гэты праект пакуль адклалі да лепшых часоў, кажа экспэрт.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт