Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрты: Усходняя Эўропа – «дасканалы тэатар» для гібрыднай вайны

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.11.2015 21:11
  • гібрыдная вайна.mp3
Паўтарэньне «данбаскага сцэнару» пагражае невялікім палітычна разьяднаным краінам – у тым ліку й Беларусі.
Дыскусія "Гібрыдная вайна" ў Польскім інстытуце міжнародных справаў. Дыскусія "Гібрыдная вайна" ў Польскім інстытуце міжнародных справаў.

Невялікія, эканамічна слабыя палітычна разьяднаныя краіны могуць стаць лёгкай ахвярай «гібрыднай вайны», кшталту той, якая разыгралася на ўсходзе Ўкраіны – папярэджваюць польскія экспэрты. Што такое «гібрыдная вайна» і як ад яе абараніцца? На гэтую тэму ў Польскім інстытуце міжнародных справаў разважалі экспэрты ў сфэры міжнароднага права, дыпляматыі і арміі. На дыскусіі «Гібрыдная вайна»пабываў Аляксандар Папко.

Тэрмін «гібрыдная вайна» зьявіўся ў працах аналітыкаў каля 15 гадоў таму, аднак толькі цяпер ён стаў папулярным. Яго распаўсюджаньню паспрыялі два канфлікты – вайна групоўкі Хэзбалах супраць Ізраіля ў 2006 годзе і канфлікт на Ўсходзе Ўкраіны. Гэты тэрмін журналісты выкарыстоўваюць настолькі часта, што ўжо забыліся яго сэнс. Любую вайну ўжо называюць гібрыднай. Што азначае гэты тэрмін і навошта яго прыдумалі?

Пра гібрыдную вайну мы можам казаць толькі тады, калі адна і тая ж краіна ці ўзброеная групоўка выкарыстоўвае як клясычныя, так і неканвэнцыйныя мэтады барацьбы – ад армейскіх удараў да высылкі баевікоў, тэрактаў і кібэратак. А прыдумалі тэрмін дзеля таго, каб лепш змагацца з гэтай пагрозай.

Трэба памятаць, што ў кожнай «гібрыднай вайны» ёсьць цэнтар, які аддае загады. І змагацца трэба менавіта зь ім, а не з разрозьненымі тэрарыстычнымі групамі – кажа супрацоўнік Інстытуту Міжнародных стасункаў Варшаўскага ўнівэрсытэту Марэк Мадэй.

/

М. Мадэй: Часьцей за ўсё пра гібрыдную вайну мы кажам тады, калі дзяржава не ваюе пры дапамозе арміі, як прынята, а выкарыстоўвае тэрарыстычныя групы ці парамілітарныя арганізацыі. Іншым варыянтам гібрыднай вайны ёсьць канфлікт, які вядзе тэрарыстычная арганізацыя – аднак не толькі пры дапамозе тэрактаў, але й пры дапамозе клясычных мэтадаў: выкарыстоўвае свае ваенныя злучэньні, карыстаецца інфармацыйнымі тэхналёгіямі й прапагандай. Калі мы ўжываем тэрмін «гібрыдная вайна», то сыгналізуем, што каб перамагчы, трэба заняцца ўсімі яе праявамі ў комплексе, а не змагацца зь імі паасобку.

Міжнароднае права рэглямэнтуе амаль выключна войны паміж дзяржавамі. Калі краіну атакуюць «зялёныя чалавечкі», яна ня ведае што рабіць – падкрэсьлівае экспэрт Інстытуту юрыдычных навук Польскай Акадэміі Навук Агата Клячкоўска. Урады ня ведаюць, калі можна выкарыстаць зброю, а калі не. Яны ня могуць зьвярнуцца па дапамогу ў міжнародныя арганізацыі, такія як ААН.

Калі мясцовыя жыхары й заежджыя «турысты» пачалі блякаваць казармы ўкраінскай арміі ў Крыме, а да іх далучыліся расейскія войскі без знакаў адрозьненьня – Украіна не магла зрабіць нічога. Гэта было цяжка кваліфікаваць як вайсковую агрэсію – кажа Агата Клячкоўска.

/

А. Клячкоўска: Крым быў заняты без адзінага стрэлу. У такой сытуацыі цяжка сказаць, што Ўкраіна мела права да самаабароны згодна з міжнародным ваенным правам. У такой сытуацыі яна магла толькі паскардзіцца ў міжнародныя ворганы – і больш, у прынцыпе, нічога. Агрэсія на ўсходзе Ўкраіны мела ўжо іншы характар. Прааналізаваўшы пастаўкі ўзбраеньня сэпаратыстам і іх мэты, сэпаратыстаў можна назваць інструмэнтам Расеі. У такім выпадку ўжо можна задумацца над формай юрыдычнай адказнасьці Расеі. Аднак магчымасьці Ўкраіны й тут моцна абмежаваныя, бо агрэсія Расеі была вельмі спэцыфічнай.

Гібрыдная вайна – гэта шматэтапны працэс. Праціўнік пачынае з таго, што выкарыстоўвае прапаганду і дыпляматыю, а заканчвае тым, што ўводзіць «зялёных чалавечкаў» – зазначыў прадстаўнік апэрацыйнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Польшчы генэрал Славамір Вайцехоўскі.

/

С. Вайцехоўскі: Калі вы бачыце, што губляеце саюзьнікаў на міжнароднай арэне, калі праціўнік пачынае паказваць вас як маларацыянальных і ненадзейных – гэта толькі пачатак. Другі элемэнт гібрыднай вайны – гэта ўзяцьце пад кантроль стратэгічных галінаў эканомікі. Калі пад кантроль замежнікамі бяруцца асобныя прадпрыемствы – у гэтым няма нічога страшнага. Аднак калі адна краіна хутка бярэ пад кантроль цэлыя галіны эканомікі – значыць, яна рыхтуецца да далейшых крокаў. А наступным крокам зьяўляецца ўзьдзеяньне на людзей, якія маюць адрозную мову, этнічнае паходжаньне ці нейкі іншы патэнцыял для расколу. Гэты патэнцыял, дарэчы, можна стварыць штучна. Такім чынам праціўнік стварае ўмовы для ўзброенага канфлікту. А сам канфлікт запускаецца ў зручны момант. Такім момантам могуць быць выбары, зьмена ўлады ці вялікі канфлікт інтарэсаў унутры краіны...
Гібрыдныя войны не ўяўляюць значнай пагрозы вялікім і моцным краінам. Яны нашмат больш небясьпечныя краінам малым і палітычна разьяднаным – кажа генэрал Вайцехоўскі:

С. Вайцехоўскі: Перш за ўсё пад пагрозай знаходзяцца краіны, якія страцілі палітычную стабільнасьць па розных прычынах: з-за зьмены геапалітычнай арыентацыі, палітычнага строю, рэвалюцыі, эканамічных зьменаў, зьмены пакаленьняў і нават стыхійных бедзтваў. Калі мы зьяўляемся маленькай краінай і мяжуем зь вялікім суседам, які мае на нашай тэрыторыі свае стратэгічныя інтарэсы – то мы маем вялікую праблему...

Пагроза гібрыднай вайны стаіць перад цэлым шэрагам краінаў Усходняй Эўропы – ад Грузіі й Малдовы па Эстонію – зазначыў генэрал Вайцехоўскі.

С. Вайцехоўскі: Гэта маладыя дзяржавы, якія не да канца сфармаваліся. Яны толькі выпрацоўваюць сваю здольнасьць функцыянаваць самастойна. Таму яны зьяўляюцца лёгкай здабычай. Гэтыя краіны ў большасьці сваёй мяжуюць з вялікім суседам. І гэты сусед мае на іх тэрыторыі стратэгічныя інтарэсы. Так што Ўсходняя Эўропа – дасканалы тэатар для гібрыднай вайны.

Вялікая небясьпека гібрыднай вайны ёсьць і ў Беларусі – зазначыў генэрал. «Гэта ня значыць, што напад адбудзецца заўтра. Аднак калі Беларусь захоча памяняць геапалітычную арыентацыю – Крэмль можа арганізаваць канфлікт». Беларусь – адносна невялікая краіна, якая моцна эканамічна прывязана да ўсходняга суседа. На тэрыторыі Беларусі ёсьць расейскія вайсковыя аб’екты. Унутры грамадзтва ёсьць вельмі шмат прыхільнікаў Расеі, якіх можна лёгка актывізаваць. Беларусь занадта падобная на Ўкраіну, каб ігнараваць такую пагрозу – падкрэсьліў генэрал.

Краіны NATO толькі цяпер пачынаюць задумвацца, як супраціўляцца пагрозе гібрыднай вайны. «Патэнцыял у нас ёсьць. Трэба навучыцца яго выкарыстоўваць», – перакананы генэрал Вайцехоўскі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт