Logo Polskiego Radia
Print

Вялікая праваслаўная вайна на Марсе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.12.2015 15:35
У Расеі нарастае ваенная гістэрыя.
Photo: MAXIM SHIPENKOV/PAP/EPA Vladimir Putin

Генэралы, палітыкі ды нават праваслаўныя сьвятары бачаць у “вялікай вайне” рэцэпт на вырашэньне сёньняшніх праблем Расеі. Тэму асьвятляе штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.

Першым пагрозы ў бок Турэччыны агучыў расейскі радыкал Уладзімір Жырыноўскі. Ён заявіў, што адным рухам можа ліквідаваць Турэччыну, помсьцячы за зьбіцьцё самалёта. Маўляў, дастаткова скінуць атамную бомбу на Басфор і Стамбул змые ў мора. Аднак да слоў Жырыноўскага людзі ўжо прызвычаіліся. Цяпер жа хор аматараў атамнага зьнішчэньня пашыраецца. Расейскія вайсковыя экспэрты пачалі пераконваць, што атамны канфлікт Расеі ня страшны. У зьвязку зь вялізарнымі памерамі нехта на тэрыторыі Фэдэрацыі ў любым выпадку застанецца, выжыве.

На днях да хору аматараў ядзернай вайны далучылася Расейская праваслаўная царква - піша польскае выданьне. Патрыярх Кірыл заявіў, што Расея мусіць пашыраць свой атамны арсэнал, бо на сьвеце пашыраецца грэх. Расейскія бамбаваньні Сырыі назваў крокам у бок міру. Прэсавы сакратар РПЦ пайшоў яшчэ далей, заявіўшы, што адзіны варыянт разьвіцьця для Расеі – гэта супрацьстаяньне зь іншымі, як у 1941-м годзе. Цяпер жа ў Расеі няма жыцьцёвых пэрспэктыў. Расейцам патрэбны новы драйв, бо яны ваяўнічая нацыя. Новая вайна прынясе сьвету ачышчэньне - пераконваюць расейцаў праваслаўныя герархі.

Гэтае ачышчэньне РПЦ гатова скіраваць і ў космас. Нядаўна ў Маскве прайшла канфэрэнцыя пра калянізацыю Марса. Прадстаўнікі РПЦ заявілі падчас дыскусій, што нельга туды дапусьціць схізматыкаў, Марс павінен быць праваслаўным. Газэта зазначае, што гэтая рыторыка знаходзіць водгук сярод расейцаў. Сёлета асноўным навагоднім падарункам сталі вайсковыя аксэсуары ды плястыкавыя мадэлі расейскіх танкаў ды самалётаў.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт