Logo Polskiego Radia
Print

«Ты ня можаш пярэчыць трыццаці аўтаматчыкам…»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.12.2015 11:07
  • Ты ня можаш пярэчыць трыццаці аўтаматчыкам.mp3
На расейскім Паўночным Каўказе «зачышчаюць» праваабаронцаў: пад прэсінг уладаў патрапіў вядомы праваабаронца Магамэд Муцольгаў.
Paweł Pawlica/Polskie radio

Пакуль увага сусьветнай супольнасьці скіраваная на Сірыю і Данбас, на расейскім Паўночным Каўказе ўзмацняецца ціск на праваабаронцаў. «Машр» – адна з самых вядомых арганізацыяў Інгушэціі, атрымала паведамленьне пра тое, што яна ўнесена ў сьпіс «замежных агентаў». Супраць яе дырэктара Магамэда Муцольгава зьбіраюцца ўзбудзіць дзьве крымінальныя справы. З чым зьвязяны ціск на праваабаронцаў і да чаго прывядзе «зачыстка» праваабарончых арганізацыяў на Паўночным Каўказе? Пра гэта зь вядомымі расейскімі праваабаронцамі Магамэдам Муцольгавым і Ігарам Каляпіным размаўляе Аляксандар Папко.

«Праваабаронцам працаваць у Інгушэціі небясьпечна. Улады зачыняюць вочы на злачынствы сілавікоў. А свабода слова ў нас зьвязаная з рызыкай для жыцьця», – так сытуацыю ў сваім рэгіёне апісаў кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Машр» Магамэд Муцольгаў у інтэрвію, якое ён даў Польскаму радыё два гады таму.

На працягу некалькіх гадоў Магамэду ўдавалася супраціўляцца спробам сілавікоў унесьці яго арганізацыю ў сьпіс «замежных агентаў». Праваабарончы цэнтар «Машр» аказвае бясплатную юрыдычную дапамогу людзям, якія сутыкнуся з незаконнымі затрыманьнямі і катаваньнямі сілавікоў, дапамагае адшукаць і вызваліць тых, каго скралі спэцслужбы.

6 лістапада, пасьля некалькіх пракурорскіх праверак, якія не выявілі парушэньняў, сілавікі ўварваліся ў дом Магамэда Муцольгава й канфіскавалі ўсю электронную апаратуру.

М. Муцольгаў: Пасьля чарговага судовага працэсу, 6 лістапада а 7 раніцы наш офіс і мой дом атачылі й забралі ўсе нашыя дакумэнты – на падставе абсалютна надуманых абсурдных абвінавачаньняў. Нас абвінавацілі ў тым, што мы зьяўляемся прадстаўнікамі замежных дзяржаваў – Амэрыкі, Грузіі і краінаў Эўразьвязу – на Паўночным Каўказе і праводзім экстрэмісцкія сэмінары: распальваем міжнацыянальную і рэлігійную варажнечу. Нам да сёньняшняга дня ня выдалі копіі пастановы аб правядзеньні вобшуку, ніякіх копіяў дакумэнтаў. Абвінавачаньні абсурдныя, але ты ня можаш пярэчыць трыццаці аўтаматчыкам. Асабліва, калі побач з табой пад гэтымі аўтаматамі стаяць твая жонка і малы сын, твае пажылыя бацькі, жонка брата й яго двое дзяцей...

Ужо 8 лістапада Міністэрства ўнутраных справаў Расеі ўнесла арганізацыю «Машр» у сьпіс «замежных агентаў». Акрамя таго, МУС зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт, каб завесьці на Магамэда Муцольгава дзьве крымінальныя справы. Адну – па падазрэньні ў падтрымцы экстрэмізму, а другую... па падазрэньні ў распаўсюджваньні дзіцячай парнаграфіі!

Кампанія па ачарненьні праваабаронцы пачалася тры гады таму, калі Муцольгаў адкрыта адмовіўся «супрацоўнічаць» з новапрызначаным кіраўніком Інгушэціі Юнус-Бекам Еўкуравым. Муцольгаў не пагадзіўся замоўчваць злачынствы сілавікоў, каб «палепшыць імідж» уладаў.

М. Муцольгаў: Рэгіянальныя ўлады патрабуюць вельмі «простых рэчаў»: не пісаць пра катаваньні, забітых, выкрадзеных. У дадатак мне прыгадвалі пра тое, што мой брат узначальвае аддзел партыі «Яблоко» ў Інгушэціі. Мяне прасілі, каб я ўгаварыў яго адмовіцца ад кіраўніцтва гэтай партыяй і аддаў яе чалавеку, якога прызначыць кіраўнік рэспублікі.

Абмежаваньне поля дзейнасьці праваабарончых арганізацыяў і ўнясеньне іх у сьпіс «замежных агентаў» ужо прайшло ў Цэнтральнай Расеі. Цяпер настала чарга Паўночнага Каўказу – канстатуе кіраўнік міжнароднай арганізацыі «Камітэт па супрацьдзеяньню катаваньням» Ігар Каляпін. Магамэд Муцольгаў патрапіў пад каток уладаў, бо яго арганізацыя – самая актыўная ў Інгушэціі, зазначае праваабаронца.

У апошнія гады сусьветныя СМІ перанесьлі сваю ўвагу на Сірыю й Данбас. Пра расейскі Паўночны Каўказ кажуць значна менш, аднак гэта ня значыць, што сытуацыя там палепшылася. Каўказ па-ранейшаму застаецца зонай этнічных і рэлігійных канфліктаў, карупцыі ды беззаконьня сілавікоў.

Самая жахлівая сытуацыя склалася ў Чачні – падкрэсьлівае Ігар Каляпін. У гэтай рэспубліцы правяць не расейскія законы, а воля жорсткага аўтакрата Кадырава. Падпарадкаваныя Кадыраву паліцыя й спэцслужбы зьнішчаюць кожнага, хто адважыцца яго крытыкаваць. Пагрозы, зьбіцьцё й выкраданьні грамадзкіх актывістаў даўно сталі ў Чачні звычайнай зьявай. Таму ўсе недзяржаўныя агранізацыі сьмяротна баяцца агучваць хоць нейкія праблемы ў публічнай прасторы.

Расейскі Сьледчы камітэт ня мае сілаў нават на тое, каб выклікаць на допыт чачэнскіх сілавікоў. І з кожны годам сытуацыя становіцца ўсё горшай – зазначае Ігар Каляпін.

І. Каляпін: Калі раней людзі прынамсі не баяліся да нас зьвяртацца, пісаць заявы, удзельнічаць у сьледчых дзеяньнях, то цяпер людзі прыходзяць да нас, расказваюць сваю гісторыю і кажуць: «Толькі мы вам сваю заяву пісаць ня будзем. Вы там як-небудзь Пуціну раскажыце, а пісаць заявы, хадзіць на допыты, удзельнічаць у апазнаньнях мы ня будзем. Нас заб’юць, у нас дзеці, у нас родныя, якія могуць пацярпець, калі Кадыраў даведаецца!»

Інгушэція – складаны рэгіён, але там праваабаронцы, прынамсі да нядаўняга маглі працаваць.

І. Каляпін: У Інгушэціі пакуль не практыкаваліся жорсткія рэпрэсіі. Тое, што адбываецца з Муцольгавым – гэта эксцэс. Я думаю, што такім чынам мясцовая ўлада выконвае ўказаньне па выяўленьню хоць нейкіх «замежных агентаў». Я думаю, гэты загад паступіў з фэдэральнай акругі, а не з ўзроўню рэспублікі.

Грамадзкія арганізацыі найбольш актыўныя ў шматэтнічным Дагестане. Аднак і сытуацыя там самая канфліктная – падкрэсьлівае расейскі праваабаронца.

І. Каляпін: У Дагестане вельмі многа «жывых» арганізацыяў, якія не баяцца крытыкаваць мясцовыя ўлады. Зь іншага боку, там і ўзровень насільля й жорсткасьці ў адносінах да грамадзянаў вельмі высокі. Там ідзе «кіпучая барацьба» з рознымі радыкальнымі ісламскімі рухамі. Там зачыняюць мячэці, фальсыфікуюць крымінальныя справы супраць імамаў, аднак людзі пакуль не баяцца пра гэта расказваць і абурацца.

Да чаго можа прывесьці «зачыстка» праваабарончых арганізацыяў у такім напружаным рэгіёне, як Паўночны Каўказ? Да росту канфліктаў – папярэджвае Магамэд Муцольгаў.

М. Муцольгаў: Мы прадстаўляем людзям шанец вырашаць свае праблемы праз суды, а не мэтадам «вока за вока», сыходам у незаконныя ўзброеныя фармаваньні ці неяк яшчэ. Мы дапамагаем людзям бясплатна, што вельмі важна ў рэспубліцы, дзе палова людзей беспрацоўныя. Мы дапамагаем выпусьціць тую напружанасьць, якая ствараецца з-за беззаконьня ў рэспубліцы.

Праваабаронцы на Паўночным Каўказе дапамагаюць людзям знайсьці справядлівасьць у судзе – гэта значыць мірным шляхам, а не шляхам кроўнай помсты ці партызанскай вайны. Аднак мясцовыя чыноўнікі і сілавікі гэтага не разумеюць. Ім не падабаецца, што праваабаронцы агучваюць факты карупцыі і бяспраўя, псуюць ілюзію пасьпяховай барацьбы з рэлігійным экстрэмізмам і сэпаратызмам.

Пры гэтым агульнавядома, што менавіта карупцыя і беззаконьне чыноўнікаў і сілавікоў як раз і зьяўляюцца адной з прычынаў тэрарызму. Аднак замест таго, каб змагацца за закон, расейскія ўлады розных узроўняў настойліва працягваюць змагацца супраць абаронцаў правоў і законаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт