Logo Polskiego Radia
Print

У Царкве просяць не падмяняць пакаяньне вадохрышчанскімі купаньнямі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.01.2016 08:00
  • рэлігія 17.01.mp3
Сэнс сьвята Хрышчэньня раскрываецца ў царкве на набажэнстве.
photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0.

«Традыцыя купаньня ў палонцы першапачаткова не зьвязаная з хрысьціянскім сьвятам Вадохрышча», – заявіў кіраўнік інфармацыйнага аддзела Санкт-Пецярбурскай епархіі протаіерэй Аляксандар Сарокін.

«Што тычыцца царкоўнай ацэнкі гэтага звычаю, ён ставіцца хутчэй у пэрыфэрыйнай вобласьці па адносінах да Царквы. Ні ў якім разе яго нельга лічыць заменай сапраўднага рэлігійнага або пакаяннага пачуцьця. Тут гэта шмат у чым носіць характар падмены. Але раз ужо практыка распаўсюдзілася, трэба трымаць яе ў рамках – як царкоўнай традыцыі, так і правілаў бясьпекі», – сказаў сьвятар у чацьвер на прэс-канфэрэнцыі ў «Інтэрфаксе».

Паводле яго слоў, прыняцьце сьвятой вады, як і абмываньне, нясе духоўны, сымбалічны сэнс, і, з пункту гледжаньня Царквы, «ніякай розьніцы паміж купаньнем у палонцы й пітвом сьвятой вады ў храме няма».

«Сэнс таго, што мы перажываем у сьвята Хрышчэньня, раскрываецца ў царкве на набажэнстве. Каб гэты сэнс адчуць, зусім не абавязкова апускацца ў халодную палонку. Зразумела, што людзі шукаюць вострых адчуваньняў, і гэта імкненьне неяк злучылася з жаданьнем духоўнага абнаўленьня. Але гэта абнаўленьне дасягаецца не шляхам зьнешніх стрэсаў, а шляхам больш цяжкай і доўгай працы. Так ужо атрымалася, што гэты зімовы звычай прывязалі да сьвята Хрышчэньня проста таму, што гэта сьвята зімовае, вось і ўсё», – дадаў айцец Аляксандар.

Ён падкрэсьліў, што з пункту гледжаньня Праваслаўнай царквы, на Вадохрышча не адбываецца ніякіх фізычных зьмяненьняў у структуры вады, а «асьвячаецца ўся існасьць».

«Цэнтральным царкоўным дзействам зьяўляецца богаслужэньне ў храме, асьвячэньне вады. Набраўшы сьвятой вады, прыйсьці й акрапіць сваё жыльлё або месца працы – гэта сапраўдны царкоўны звычай», – адзначыў протаіерэй.

Інтэрфакс/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт