Logo Polskiego Radia
Print

Астапеня: Значэньне апазыцыі ў дыялёгу паміж Захадам і Беларусьсю зьменшыцца

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 17.02.2016 15:50
  • Палітычнае люстэрка.mp3
Што ліквідацыя «чорнага сьпісу» Эўразьвязу прынясе беларускім уладам і звычайным грамадзянам?
Рыгор АстапеняРыгор Астапеня

Галоўнай падзеяй мінулых сямі дзён, безумоўна, стала скасаваньне санкцыяў Эўрапейскага Зьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі й яшчэ 169 беларускіх чыноўнікаў. Упершыню з 2004 году беларускі кіраўнік можа абсалютна свабодна езьдзіць па эўрапейскіх сталіцах і захоўваць грошы ў эўрапейскіх банках. Што ліквідацыя «чорнага сьпісу» Эўразьвязу прынясе беларускім уладам і звычайным грамадзянам? Пра гэта, а таксама пра ўвядзеньне мыта на пасылкі з-за мяжы, пляны рэформаў беларускага ўраду ды абяцаньні пашырыць вывучэньне беларускай мовы ў школах у «Палітычным люстэрку» размаўляюць Дзьмітры Гурневіч і Рыгор Астапеня.

«Рада Эўрапейскага Зьвязу пазытыўна ацэньвае крокі, зробленыя Беларусьсю ў апошнія два гады ў кірунку паляпшэньня адносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю» й «ня будзе працягваць абмежавальныя меры супраць 170 асобаў і трох кампаніяў» – гаворыцца ў заяве Рады, прынятым у панядзелак. Беларускі санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, які па сваёй даўжыні быў другім пасьля сырыйскага, скараціўся да чатырох асобаў, сярод якіх няма Аляксандра Лукашэнкі.

Што адмена санкцыяў дасьць кіраўніцтву Беларусі, звычайным беларусам і кране ў цэлым? Ці адмена санкцыяў дасьць уладам карт-блянш на новыя рэпрэсіі? Што будзе, калі Лукашэнка ізноў пачне разганяць мітынгі ці, напрыклад, разьмесьціць у Беларусі расейскую авіябазу?

Р. Астапеня: Павялічыцца колькасьць кантактаў паміж беларускімі чыноўнікамі й чыноўнікамі з краінаў ЭЗ. Павялічыцца колькасьць бізнэс-кантактаў, што вельмі добра для нашай краіны ў часе крызысу. Зьменшыцца значэньне апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці ў дыялёгу паміж Захадам і Беларусьсю. Калі казаць, ці прывядзе гэта да зьмяншэньня рэпрэсіяў, то ў Беларусі, на маю думку, калі ў Лукашэнкі ёсьць патрэба рэпрэсаваць, то ён рэпрэсуе. Калі такой патрэбы няма, то ён дзейнічае ў рэжыме слабых санкцыяў, каб апазыцыя не “расслаблялася”. У сёньняшняй сытуацыі ў яго няма неабходнасьці, каб узмацняць рэпрэсіі. А калі ён усё ж пачне гэта рабіць, то ЭЗ няхутка прыме рашэньне пра ўвядзеньне санкцый.

Менск наносіць удар па шопінгу беларусаў у Польшчы й пакупках на Aliexpress. З красавіка ўлады ўводзяць мыта на пасылкі з-за мяжы. Бяз мыта можна будзе атрымаць пакункі толькі на суму ня больш за 22 эўра ў месяц і вагой ня больш за 10 кіляграмаў. Таксама мытам будзе абкладацца ўвоз тавараў коштам звыш 300 эўра часьцей чым раз на квартал. Гэтыя правілы прапісаныя ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі № 40 ад 11 лютага. Пра шопінг за мяжой і пакупкі ў інтэрнэце можна будзе забыцца? Які выхад знойдуць беларусы?

Р. Астапеня: Людзі пачнуць менш купляць праз Aliexpress. Гэта зьвязана як з абмежаваньнямі, так і з тым, што людзі сталі менш зарабляць. Пэўны працэнт пакупак будзе захоўвацца, бо ўжо вядома, што больш і больш фірмаў у Смаленску й іншых гарадах Расеі, і ня толькі, ужо думаюць пра тое, як транспартаваць набыткі, якія будуць рабіць беларусы. Звычайныя беларусы ад гэтага ня выйграюць. Дзяржпрадпрыемствы ад гэтага таксама наўрад ці нешта атрымаюць. Беларусы не купляюць тавараў айчыннага трыкатажу не таму, што яны трошкі даражэйшыя: проста іх якасьць не адпавядае чаканьням людзей.

«Сытуацыя ў нас іншая. Асабліва пасьля ўчорашняга прыняцьця Эўразьвязам адпаведных рашэньняў [...] І мне вашыя рэформы зусім непатрэбныя, тыя, якія вы прапануеце! Мы павінны стварыць нармальнае жыцьцё для людзей [...]. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу!» – заявіў Аляксандар Лукашэнка міністрам падчас нарады па сацыяльнай і эканамічнай палітыцы. Лукашэнка адмяняе эканамічныя рэформы, бо ўпэўнены, што атрымае шматмільярдныя крэдыты? Альбо ён проста жадае застацца «добрым царом» і стараецца перакласьці адказнасьць за балючыя рэформы на галовы «дрэнных баяраў»?

Р. Астапеня: Лукашэнка хоча адмежавацца ад таго, што робіць урад: павышэньне аплатаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, увядзеньне новых падаткаў ледзь не штотыдзень. Ён хоча ад гэтага адмежавацца, бо гэта вельмі непапулярныя рашэньні. Гэты рост аплат стане сапраўды сур’ёзнай праблемай для многіх сем’яў у Беларусі. Пытаньне ў тым, што Лукашэнка й беларусы разумеюць пад эканамічнымі рэформамі. Гэта могуць быць вельмі розныя рэчы.

З наступнага навучальнага году ўрокаў беларускай мовы ў пачатковай школе стане столькі ж, колькі й рускай. У чацьвер пра павелічэньне колькасьці гадзінаў беларускай мовы паведаміла галоўная спэцыялістка ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Булаўкіна. Ці ў школе сапраўды пашыраць выкладаньне беларускай мовы? Ці можа гэтая заява застанецца нявыкананай, як мінулагодняе абяцаньне міністра адукацыі Сяргея Маскевіча вярнуць выкладаньне гісторыі Беларусі на беларускай мове?

Р. Астапеня: Мне падаецца, што чым менш палітызаванай будзе справа беларускай мовы, тым большая верагоднасьць таго, што беларускія ўлады пойдуць на павелічэньне заняткаў па-беларуску. Палітызаванасьць значна зьменшылася за апошнія 5 гадоў. Але ўсё адно мы бачым, як тэма беларускай мовы вяртаецца ў палітычным кантэксьце за ўсходняй мяжой Беларусі. Але яна зьмяншаецца. Зрэшты, сярод беларускіх чыноўнікаў таксама ёсьць людзі, якія адчуваюць патрэбу павелічэньня ўжытку мовы. Бо яны ж бачаць, што нават правучышыўся 11 гадоў у беларускай школе некаторыя няздольныя на ёй размаўляць.

Гаварыў экспэрт Цэнтра Астрагорскага, рэдактар анлайн-часопіса “Ідэя” Рыгор Астапеня.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт