Logo Polskiego Radia
Print

Закон аб Карце паляка – прыярытэт для польскага ўраду

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.02.2016 14:00
  • дворчык.mp3
М. Дворчык: «Права й справядлівасьць» заўсёды ў сваіх праграмах вельмі моцна падкрэсьлівала ролю палякаў за мяжой.
Polskie radio

Яшчэ падчас выбарчай кампаніі партыя «Права й справядлівасьць» абяцала зьмену стаўленьня да палякаў замежжа. Ці абяцаньні стануць рэчаіснасьцю? Пра гэта мы размаўляем з дэпутатам Міхалам Дворчыкам, які зьяўляецца старшынём Сэймавай камісіі сувязяў з палякамі замежжа.

Ці палякі замежжа зьяўляюцца важным элемэнтам польскай замежнай палітыкі?

М. Дворчык: Так. «Права й справядлівасьць» заўсёды ў сваіх праграмах вельмі моцна падкрэсьлівала ролю палякаў за мяжой – 20 млн чалавек. Гэта вялікі патэнцыял, але таксама сур’ёзныя абавязацельствы. Асновай нашай супрацы з палякамі замежжа зьяўляецца партнэрскі падыход да ўсіх асяродзьдзяў, сумленны дыялёг. Гэта вельмі вялікія абавязацельствы, асабліва ў дачыненьні да тых, хто жыве за ўсходняй мяжой Польшчы, на былых Крэсах Першай і Другой Рэчыпаспалітай. Гэтыя людзі ніколі не выяжджалі з нашай краіны, але ў выніку трагічных падзей перасунулася мяжа. Кіруючая партыя мае адназначную пазыцыю: польская дзяржава мае свае абавязацельствы ў дачыненьні да палякаў за ўсходняй мяжой.

Адным з канкрэтных крокаў у напрамку падтрымкі гэтых палякаў зьяўляецца Закон аб рэпатрыяцыі. На якім этапе знаходзіцца праца над гэтым праектам?

М. Дворчык: Цяпер ідзе праца над цалкам новым праектам. Зьвяртаю ўвагу, што гэта ня будзе папраўка існуючага закону, які, дарэчы, ня дзейнічае. Парадоксам было тое, што да прыняцьця актуальнага закону аб рэпатрыяцыі ў Польшчу пераяжджала значна больш людзей. Закон працэс рэпатрыяцыі ўскладніў. Новы праект будзе прадугледжваць удзел дзяржаўнай адміністрацыі ў дапамозе рэпатрыянтам. Я перакананы, што закон будзе прыняты цягам бліжэйшых месяцаў.

Якая частка нашчадкаў вывезеных палякаў, пераважна ў Казахстан, мае шанец вярнуцца ў Польшчу?

М. Дворчык: Паводле нашых ацэнак, цягам дзесяці гадоў 10 тысяч палякаў з Казахстану зможа прыехаць у Польшчу й тут пасяліцца, карыстаючыся сацыяльнай дапамогай, гарантаванай законам. Гэта ня толькі вялікі арганізацыйны, але й фінансавы выклік. Але гэта пэўны маральны доўг польскай дзяржавы, які мы напэўна аддамо.

У Закон аб Карце паляка таксама будуць унесены папраўкі. Якія мэты перад сабой ставіць урад, уводзячы зьмены?

М. Дворчык: Сярод многіх паправак ёсьць некалькі найважнейшых. Першая зь іх тычыцца беларусаў. Яна дае магчымасьць падаваць дакумэнты на Карту паляка ня толькі ў консульствах, але і ў ваяводзкіх установах у Польшчы. Гэта зьвязана з тым, што беларускія ўлады забараняюць некаторым прафэсійным групам мець Карту паляка. Усе, хто па некаторых прычынах баяцца ісьці ў польскае консульства ў Беларусі, змогуць прайсьці працэдуру ў Польшчы. Іншым важным пунктам зьяўляецца запіс, што асобы з Картай паляка ў выпадку пагрозы здароўю ці жыцьцю могуць разьлічваць на дапамогу з боку польскай дзяржавы на роўні з польскімі грамадзянамі. Падчас эвакуацыі палякаў з Данбасу й Марыупаля ў 2015 годзе мы заўважылі, на колькі моцна патрэбныя падобныя зьмены. І яшчэ адна зьмена. Мы прапануем, каб уладальнікі Карты паляка маглі абменьваць яе на від на жыхарства аўтаматычна, а пасьля году атрымліваць грамадзянства. Акрамя гэтага цягам некалькіх першых месяцаў такія асобы атрымлівалі б сацыяльную дапамогу.

Ці няма пагрозы, што дзякуючы зьменам у Польшчу зьедуць маладыя людзі, якія ў польскіх асяродзьдзях за ўсходняй мяжой адыгрываюць важную ролю, і ў выніку польскасьць у гэтых краінах ня будзе мець рухавіка для разьвіцьця?

М. Дворчык: Канешне, можна задумвацца над тым, які ўплыў гэта будзе мець на польскае асяродзьдзе ў краінах былога СССР. Але я хачу зьвярнуць увагу на тое, як мы павінны ацэньваць зьмены: упершыню пасьля 1989 году, а нават пасьля 1939 году, да нашых суайчыньнікаў паставіліся па-партнэрску. Трэба даць ім выбар. Усім тым, хто хоча застацца на былых Крэсах, трэба стварыць як мага лепшыя ўмовы для папулярызацыі польскай культуры. А тым, хто вырашыць прыехаць у Польшчу, даць такую магчымасьць. Калі яны хочуць прыехаць, мы прымем іх найлепшым чынам. Гэта доўг Польшчы перад палякамі з-за ўсходняй мяжы.

Дзякуй за размову.

Галіна Остас/пераклад ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт