Logo Polskiego Radia
Print

Цьвік у труну абнаўляльнай энэргіі?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.03.2016 14:25
Дэпутаты партыі "Права і спарвядлівасьць" рыхтуюць новыя законы.
pixabay.com/CCO

Дэпутаты партыі «Права і справядлівасьць» падалі ў Сэйм законапраект рэвалюцыйных зьменаў у функцыянаваньні абнаўляльных крыніц энэргіі – паведамляе «Newsweek Polska». У выніку можа значна вырасьці падатак на вятракі. Акрамя таго, кожны вятрак раз у два гады павінен будзе атрымаць новы дазвол на эксплёатацыю. Такі дазвол можа каштаваць некалькі дзесяткаў тысяч злотых.

Новыя правілы прадугледжваюць, што ветравыя турбіны можна будаваць у адлегласьці ня меншай, чым 2 кілямэтры ад жылых дамоў і ад месцаў, дзе пражываюць дзікія птушкі або растуць рэдкія расьліны. Калі законапраект будзе прыняты, то практычна ня будзе ў Польшчы кавалка зямлі, дзе можна будзе збудаваць новы вятрак. Юрыдычны акт моцна ўскладніць рэалізацыю многіх энэргетычных інвэстыцый, ня толькі ветравых электрастанцый.

Віцэ-міністар энэргіі Анджэй Пятроўскі тлумачыць, што зьмены рыхтуюцца па просьбе жыхароў, якім перашкаджаюць ветравыя турбіны. Сапраўды, Вышэйшая кантрольная палата зафіксавала шматлікія парушэньні ў працэдурах выдачы дазволаў на будаўніцтва вятракаў. Аднак паталёгію можна ліквідаваць разумна, абапіраючыся на схемы, якія спрацавалі ўжо на Захадзе. Людзі, зьвязаныя з галіной абнаўляльнай энэргіі, шукаюць у справе другое дно. Яны мяркуюць, што вайна з вятракамі адбываецца па ініцыятыве дырэктара Радыё Марыя ксяндза Тадэвуша Рыдзыка, якога слухаюць улады. Дырэктар таксама дзейнічае ў галіне абнаўляльных крыніц энэргіі, але ў геатэрміі. І таму вятракі – для яго нявыгадная канкурэнцыя.

Ужо празь некалькі гадоў можа аказацца, што Польшча вырабляе замала энэргіі з экалягічных крыніц, і Эўрапейская камісія прымусіць краіну імпартаваць частку зялёнай энэргіі з іншых дзяржаў, на практыцы – зь Нямеччыны. Для спажыўцоў танны нямецкі ток будзе ў радасьць, а для польскіх вугальных электрастанцый можа стаць цьвіком у труну.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт