Logo Polskiego Radia
Print

21 сакавіка адзначаецца Сусьветны дзень сындрома Даўна

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.03.2016 15:44
  • 21 сакавіка адзначаецца Сусьветны дзень сындрома Даўна.mp3
Дзень праводзіцца дзеля пашырэньня грамадзкай сьвядомасьці аб гэтым захворваньні.
Пётр Свэнд - актор "Тэатар 21"Пётр Свэнд - актор "Тэатар 21"Foto: materiały prasowe/Teatr 21

Сусьветны дзень сындрома Даўна адзначаецца ў 11 раз. Сёлета ён праходзіць пад дэвізам: «Мае сябры, мая абшчына – карысьць ад інтэграцыйнага суіснаваньня для сучасных дзяцей». Паводле ацэнак, у Польшчы жыве 60 тысяч чалавек, у якіх ёсьць сындром Даўна.

Гэта генэтычны дэфэкт, які палягае на тым, што ў 21 храмасом-пары, у хворага замест двух назіраецца тры храмасомы.

Сацыёляг прафэсар Альжбэта Закшэўска-Мантэрыс (Elżbieta Zakrzewska-Manterys), мама 24-гадовага Войцеха з сындромам Даўна нагадвае, што некалькі дзесяткаў таму назад людзі па псыхічнай інваліднасьці ўтрымліваліся ў закрытых установах. І толькі ад 80-90 гадоў мінулага стагодзьдзя такія людзі вярнуліяся ў грамадзтва.

А. Закшэўска-Мантэрыс: Людзі з сындромам Даўна, якім сёньня 20 зь нечым гадоў, гэта першае пакаленьне ад нараджэньня выхаванае дома. Мы праводзім шырокія кампаніі па ўключэньні іх у грамадзкае жыцьцё. Калі яны былі маленькімі дзецьмі, мы змагаліся за інтэграцыйныя садкі. Потым яны падрасьлі й мы змагаліся за школы для іх.

Прафэсар Закшэўска-Мантэрыс пацьвярджае, што бацькі зь непакоем глядзяць у будучыню дарослых дзяцей з сындромам Даўна.

А.Закшэўска-Мантэрыс: Чарговы выклік для многіх бацькоў - гэта даросласьць нашых дзяцей, бо працы для іх няма, жыльля няма, няма добрага жыцьця. Некаторыя зь іх заканчваюць школы з добрымі вынікамі, аднак ніхто іх ня хоча браць на працу. І гэта выклік ня толькі для бацькоў, а таксама й для грамадзтва: прыняць іх у грамадзтва як дарослых асобаў, а потым як старых.

40 гадоў таму чалавек з сындромам Даўна жыў у сярэднім 10-12 гадоў. Цяпер 50-60.

У Польшчы ёсьць ужо ластаўка добрых зьмен у дачыненьні да гэтых людзей. У Варшаве 11 гадоў таму быў створаны «Тэатар 21». Пакуль гэта адзіны тэатр у Польшчы, у якім працуюць акторы з сындромам Даўна й аўтызмам.

Заснавальніца тэатру Юстына Собчык падкрэсьлівае, што тэатар вельмі патрэбны як інвалідам, так і здаровым людзям.

Ю. Собчык: Я думаю, што наш тэатар моцна парушае стэрэатып асобы з інтэлектуальнай інваліднасьцю. Пасьля спэктакляў многія гледачы застаюцца й размаўляюць з акторамі, якія самі гэтага чакаюць. Яны ахвотна адказваюць на пытаньні пра спэктакль, пра свае прыватныя справы. І я думаю, што гэта той момант, калі зьмяняецца стэрэатып пра хворага. Пасьля размовы немагчыма думаць схемамі.

Заняткі й праца ў «Тэатры 21» адыгрываюць агромністае значэньне ў жыцьці інвалідаў.

Ю. Собчык: Яны ў тэатры працуюць ужо 10 гадоў. Працуюць целам, апаратам маўленьня. Вядома, што ў выніку цела й голас будуць больш сьвядомыя. Тэатар выступае вельмі часта. Акторы кантактуюць зь людзьмі, размаўляюць і такім чынам узмацняецца іх самаўпэўненасьць. І гэта бачна.

Зрэшты, пацьвярджаюць гэта самі акторы тэатра з сындромам Даўна – Пётр Свэнд, вядомы актор з польскай тэле-сэрыі «Клян» і Аляксандра Скотарэк.

П. Свэнд: Я ад самага пачатку выступаю ў тэатры. Першая п’еса гэта была «Арфей і Эўрыдыка». Я вывучаю тэкст з разуменьнем. У мяне добрая памяць. Часам на сцэне я хвалююся, заікаюся й не ўсё ідзе як я хачу.

А.Скотарэк: Я ў тэатры ўжо 10 гадоў. Я памятаю тэкст, паўтараю яго пастаянна. Я мару аб тым, каб разьвівацца ў тэатры.

Сусьветны дзень Сындорма Даўна дапамагае лепш разумець асоб, якія пакутуюць ад гэтай хваробы, і разумець, што яны маюць права нармальна жыць у грамадзтве.

Заснавальніца "Тэатра 21" Юстына Собчык падкрэсьлівае, што трэба сустрэцца з інвалідамі й пазнаёміцца зь імі.

Ю.Собчык: Падчас тэатральнага тура мы перамяшчаемся з гатэля ў гатэль, разам ідзем сьнедаць і я бачу, што для іншых людзей гэта некамфортная сытуацыя, што раптам зьяўляецца гучная чарада людзей, якая сьмяецца, накладае ежу на талеркі й.... не адбываецца нічога дрэннага. праўда, яны рэагуюць больш інтэнсіўна – гучней сьмяюцца, рыхтуюць вялізарныя бутэрброды, якія цяжка ўкусіць. Апошнім разам, калі мы былі ў піцэрыі, нашыя акторы вярнуліся ў рэстаран, каб падзякаваць кухару за вельмі смачную піцу.

«Тэатар 21» выступаў у некалькіх вядомых варшаўскіх тэатрах: «Dramatyczny», «Studio», «Powszechny», «Baj», а таксама ў Музэі гісторыі польскіх габрэяў.

Тэатральная група выступала на фэстывалях у Польшчы й за мяжой, між іншым у Празе й Бэрліне. Падчас «Euro 2012» Тэатр 21 выступаў у Кіеве.

А неўзабаве 30 і 31 сакавіка ў "Інстытуце Тэатральны ім. Зьбігнева Рашэўскага" у Варшаве акторы з сындромам Даўна пакажуць п’есу «Клоўны, або інакш аповед пра сям’ю».

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт