Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрт: Справаздача Freedom House несправядлівая для Беларусі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.05.2016 18:02
  • Справаздача Freedom House несправядлівая для Беларусі.mp3
А.Шрайбман: У Беларусі сытуацыя са свабодай прэсы дрэнная, але ёсьць краіны, у якіх сытуацыя са свабодай СМІ яшчэ горшая.
Photo: www.pism.pl

У дакладзе Freedom House за 2016 год аб свабодзе СМІ Беларусь заняла 192 месца сярод 199 дзяржаваў. Краіна застаецца (летась – 194 месца) у катэгорыі «найгоршыя з найгоршых». Толькі пяць краінаў маюць ніжэйшую пазыцыю: Паўночная Карэя, Туркмэністан, Узбэкістан, Крым і Эрытрэя. Аўтары дакладу надалі Беларусі аднолькавы рэйтынг з Кубай і Экватарыяльнай Гвінэяй.

Па дадзеных Freedom House, беларускія журналісты карыстаюцца меншай свабодай, чым іх калегі ў такіх краінах як Кітай, Сырыя, Зімбабвэ, Іран, Банглядэш, Саудаўская Арабія і Азэрбайджан.

Арцём Шрайбман, асацыяваны аналітык Цэнтра Астрагорскага, палітычны аглядальнік парталу tut.by лічыць, што справаздача Freedom House несправядлівая для Беларусі.

Арцём Шрайбман: Я лічу, што ў Беларусі сытуацыя са свабодай прэсы дрэнная, але ў рэйтынгу Freedom House ёсьць краіны, у якіх сытуацыя са свабодай мэдыяў яшчэ горшая, аднак яны апынуліся ў сьпісе вышэй за Беларусь. І вось па гэтай прычыне я лічу, што Беларусь несправядліва занізілі ў гэтым рэйтынгу.

Якім чынам рыхтуецца справаздача Freedom House. Яе ствараюць паводле адзінкавага меркаваньня, ці вядзецца больш дакладны аналіз сытуацыі?

Арцём Шрайбман: Наколькі мне казалі супрацоўнікі Freedom House, першы чарнавы варыянт дакладу рыхтуе экспэрт зь Беларусі, прозьвішча якога мы дакладна ня ведаем. Потым праходзіць шматмесячны працэс прагляду, ацэнкі, шліфоўкі гэтага дакладу ў амэрыканскім офісе Freedom House з удзелам экспэрта па нашым рэгіёне. Зь беларускага боку ўдзельнічае толькі адзін экспэрт, што я і крытыкую.

Вы прапануеце папоўніць працэдуру падрыхтоўкі гэтай справаздачы.

Арцём Шрайбман: На мой погляд, больш аб’ектыўным было б калі б хаця два чалавекі зь Беларусі з неаднолькавымі пунктамі гледжаньня вызначалі месца Беларусі. Гэта магло б узважыць нейкую перадузятасьць таго, ці іншага экспэрта. Па- другое, на мой погляд, ёсьць праблемы з самой мэтадалёгіяй падліку балаў у дакладзе Freedom House. Уся свабода прэсы там падзеленая на тры сфэры. Гэта эканамічная свабода, прававая і палітычныя чыньнікі. Кожная з гэтых трох сфэраў дзеліцца на дзесяткі дакладных пытаньняў. І вось з гэтымі пытаньнямі ёсьць пэўныя праблемы. Натуральна, што калі вы пытаеце пра Беларусь: ці могуць беларускія журналісты вольна дасьледаваць пытаньне карупцыі? Адказ будзе «не». Але калі вы спытаеце тое самае пра Азэрбайджан, то напэўна адказ будзе яшчз больш «не», бо там санкцыі могуць даходзіць нават да турэмнага зьняволеньня. Патрэбная нейкая градацыя адказаў. Па-трэцяе, несправядлівыя самі балы, якія выдаюцца па мэтадалёгіі Freedom House, напрыклад, за фізычную пагрозу бясьпецы журналіста, краіна атрымлівае 10 штрафных балаў і столькі ж балаў яна атрымоўвае, калі ўладам можна кантраляваць кантэнт з палітычнага пункту гледжаньня . Таму мяне зьдзівіла, што Сырыя, у якой загінула больш за дзесятак журналістаў у мінулым годзе, апынулася вушэй за Беларусь.

Беларусі можна вынесьці прэтэнзіі па пытаньні свабоды слова. Якія прэтэнзіі вы назвалі б у першую чаргу?

Арцём Шрайбман: Беларусі можна вынесьці дзесяткі прэтэнзіяў у сувязі са свабодай слова. Па-першае, што няма вольнага тэлебачаньня. Усё тэлебачаньне, акрамя "Белсату", які вымушаны працаваць у вельмі цяжкіх умовах, акрамя яго, усе астатнія каналы дзяржаўныя. Па-другое, беларускія папяровыя выданьні сустракаюцца з перашкодамі нават у дыстрыбуцыі, у доступе да рэгіёнаў, напрыклад, у шапіках іх кладуць так, каб іх не было бачна, ёсьць пэўныя абмежаваньні на тыраж. Вельмі цяжкая працэдура рэгістрацыі й вельмі простая ліквідацыі СМІ. Што тычыцца інтэрнэту – вельмі лёгкая працэдура блякаваньня сайтаў, для якой ня трэба нават судовага рашэньня, дастаткова, калі Міністэрства інфармацыі палічыць, што інфармацыя апублікаваная на нейкім рэсурсе шкодзіць нацыянальным інтарэсам. Выпадкі гвалту ў адносінах да журналістаў, апошні выпадак – Павал Дабравольскі, не атрымліваюць належнага расьсьледаваньня. Сьпіс закідаў можа быць вельмі доўгі. Але ўсё ж такі ў Беларусі не забіваюць журналістаў. Прынамсі апошнія 15 гадоў не было выпадкаў выкраданьня ці забіцьця журналістаў.

Тым ня менш, Беларусь апынулася сярод «найгоршых з найгоршых», бо на самым канцы справаздачы Freedom House. Паводле вас, якое месца можна было даць Беларусі сярод усіх 199 дзяржаваў?

Арцём Шрайбман: Сярод краін СНД мы дзесьці ў сярэдзіне. Як мне казалі журналісты адтуль і экспэрты, якія наведвалі гэты рэгіён, краіны Сярэдняй Азіі маюць горшую сытуацыю са свабодай слова, чым Беларусь. Мы павінны быць трошкі ніжэй за Расею, але дзесьці каля яе. У сусьветным рэйтынгу – мабыць дзесьці ў сярэдзіне другой сотні, але не сярод апошніх дзесяці краін.

Цэлая гутарка ў далучаным файле.

З артыкулам Арцёма Шрайбмана можна пазнаёміцца тут.

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт