Logo Polskiego Radia
Print

Р. Джафараў: Аўтарытарныя рэжымы не гарантуюць міру й стабільнасьці

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.05.2016 18:56
  • Аўтарытарныя рэжымы не гарантуюць міру й стабільнасьці.mp3
Азэрбайджанскі праваабаронца й былы палітвязень тлумачыць, чаму ЭЗ ня варта падтрымліваць дыктатараў дзеля спакою на ўласных межах.
Азэрбайджанскі праваабаронца Расул Джафараў Азэрбайджанскі праваабаронца Расул Джафараў Aliaksandr Papko/radyjo.net

Краіны Эўразьвязу могуць і павінны больш займацца абаронай правоў чалавека ва Ўсходняй Эўропе. Толькі дэмакратычныя прававыя дзяржавы, а не аўтарытарныя рэжымы могуць быць па-сапраўднаму стабільнымі надзейнымі суседзямі. Пра гэта ў Варшаве заявіў азэрбайджанскі праваабаронца Расул Джафараў, які ў сакавіку быў вызвалены з турмы. У польскай сталіцы Расул Джафараў удзельнічаў у адкрыцьці графіці, прысьвечанага Хадзіджы Ісмаілавай – азэрбайджанскай журналістцы й праваабаронцы, якую вызвалілі 25 траўня. З азэрбайджанскім грамадзкім актывістам размаўляў Аляксандар Папко.

Спадар Расул, перадусім хочацца павіншаваць вас з вызваленьнем. Скажыце, калі ласка, як цяпер выглядае жыцьцё ў Азэрбайджане – год пасьля таго, як рэзка ўпалі цэны нафты? Як выглядаюць настроі людзей і як рэагуе ўлада?

Р. Джафараў: Гэты год стаў першым, калі ўрад Азэрбайджана прызнаў, што ў краіне эканамічны крызыс. Улады хочуць пераканаць людзей, што маштаб гэтага крызысу нязначны, але ў іх гэта не атрымліваецца. Людзі адчуваюць эканамічныя цяжкасьці. Цяжка адказаць, чым гэта скончыцца. У краіне пануе атмасфэра запалохваньня. За апошнія 10 гадоў урад зрабіў усё, каб запалохаць журналістаў, блёгераў, праваабаронцаў, апазыцыйных палітыкаў. Я ня ўпэўнены, што людзі пачнуць змагацца за свае правы, але пэўныя працэсы ў грамадзтве пачнуцца.

У сакавіку Ільхам Аліеў вызваліў з турмы больш за 140 чалавек, у тым ліку многіх палітычных вязьняў. Шмат хто зьвязвае нядаўнюю амністыю з жаданьнем наладзіць адносіны з Захадам у часы цяжкага крызысу. Колькі палітвязьняў застаюцца за кратамі ў Азэрбайджане?

Р. Джафараў: У 2014 годзе я і праваабаронца Лэйла Юнус былі арыштаваныя за тое, што склалі сьпіс палітвязьняў. У гэтым сьпісе было каля ста палітзьняволеных. Цяпер за кратамі знаходзіцца каля 70 актывістаў. У сакавіку і красавіку былі вызваленыя каля 25 асобаў, але былі арыштаваныя новыя. Цяпер мы плянуем пачаць працу над новым сьпісам. Аднак пытаньне ня ў тым, колькі людзей знаходзіцца за кратамі. Пытаньне ў тым, як зрабіць так, каб ніхто ня быў арыштаваны за свае выказваньні, за тое, што скарыстаўся сваімі грамадзянскімі свабодамі. Нядаўна былі арыштаваныя двое актывістаў, якія напісалі лёзунг на помніку першаму прэзыдэнту Азэрбайджана Гейдару Аліеву. Супраць іх прымяняліся катаваньні й была ўзбуджана крымінальная справа. На жаль, палітычнай волі з боку ўладаў мы ня бачым.

Шмат хто абвінавачвае ўрады краінаў Эўразьвязу ў здрадзе ўласным каштоўнасьцям за тое, што яны ня надта моцна крытыкуюць Азэрбайджан, а купляюць у яго нафту. Эўразьвяз крытыкуюць таксама за тое, што ён супрацоўнічае з аўтарытарнымі кіраўнікамі, бо яны, маўляў, забясьпечваюць стабільнасьць. Ці апраўданая такая палітыка падтрымкі стабільнасьці цяпер, калі агрэсіўна сябе паводзіць Расея? Як павінен паводзіць сябе Захад у стасунку да недэмакратычных рэжымаў ва Усходняй Эўропе?

Р. Джафараў: Для рэальнай стабільнасьці неабходна паважаць правы чалавека ў Азербайджане – у тым ліку эканамічныя правы, якія абмяркоўваюць заходнія ўрады з уладамі Азэрбайджану. Без палітычных і эканамічных свабодаў стабільнае разьвіцьцё краіны немагчымае. Я ўпэўнены, што заходнія ўрады і міжнародныя арганізацыі могуць рабіць больш, чым яны робяць цяпер. Мы часта чуем аргумэнты, што калі заходнія краіны будуць праводзіць больш прынцыповую палітыку, то яны згубяць Азэрбайджан, на яго будзе ўплываць Расея.

Я думаю, што гэта слабыя аргумэнты. Азэрбайджанскаму ўраду не так лёгка адыйсьці ў бок Расеі. Нягледзячы на тое, што людзі запалоханыя і абмяркоўваюць палітычнае жыцьцё не на плошчах, а на кухнях, яны разумеюць, што калі апынуцца ў сфэры ўплываў Расеі, то ані эканамічных, ані палітычных свабодаў яны не пабачаць нават у будучыні. З-за нагорнакарабаскага канфлікту ў грамадзтве таксама настроі больш празаходнія, чым прарасейскія. Таму Захад павінен рабіць больш цьвёрдыя крокі па абароне правоў чалавека ў Азэрбайджане.

Мы закранулі тэму карабаскага канфлікту. Чаму ў апошнія месяцы мы назіраем вельмі моцнае абвастрэньне – сапраўдную вайну? Як вырашыць гэты канфлікт?

Р. Джафараў: Шчыра кажучы, я ня ведаю, чаму абвастрэньне пачалося менавіта цяпер. Такой эскаляцыі, якую мы назіралі ў красавіку, не было даўно. Канфлікт трэба вырашаць мірным шляхам. Калі мы сапраўды хочам вырашыць канфлікт мірна, то і Азэрбайджан, і Армэнію трэба зрабіць дэмакратычнымі краінамі. А калі Захад зачыняе вочы на праблемы, зьвязаныя з дэмакратыяй у абедзьвюх краінах, то гэта стварае рэальную пагрозу, што мірных шляхоў рашэньне карабаскага пытаньня не застанецца...

Што б вы хацелі перадаць вашым калегам – праваабаронцам з Расеі, Беларусі, іншых усходнеэўрапейскіх краінаў?

Р. Джафараў: У мяне ёсьць добрыя знаёмыя сярод праваабаронцаў Польшчы, і Расеі, і Беларусі. Зь беларусаў я магу назваць Алеся Бяляцкага, які зьяўляецца маім блізкім сябрам. У нас ёсьць пэўная салідарнасьць, але я думаю, што мы павінныя быць больш аб’яднанымі, прыдумваць больш праектаў, і кампаніяў, якія мы можам праводзіць разам.

Размаўляў Аляксандар Папко

Стварэньне
Стварэньне графіці з выявай палітзьняволенай Хадзіджы Ісмаілавай было часткай кампаніі, разгорнутай ў яе падтрымку польскім Хэльсінскім фондам правоў чалавека.

Аўтарам
Аўтарам графіці зьяўляецца мастак Дарыюш Пачкоўскі.

У
У адкрыцьці выявы прынялі ўдзел азэрбайджанскі праваабаронца Расул Джафараў і польскі амбудсмэн Адам Боднар.

25
25 траўня 2016 году ўлады Азэрбайджану выпусьцілі журналістку Хадзіджу Ісмаілаву на свабоду.
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт