Logo Polskiego Radia
Print

Пасьля Сірыі расейскія ўлады возьмуцца за «пятую калёну»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.05.2016 21:17
  • Пасьля Сірыі расейскія ўлады возьмуцца за «пятую калёну».mp3
У бліжэйшы час Расея ня будзе праводзіць агрэсіўнай зьнешняй палітыкі – лічаць вядомыя экспэрты.
Kreml, MoskwaKreml, MoskwaPhoto: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Расея пагрузілася ў эканамічны застой, які працягнецца доўгія гады. Аднак расейскія грамадзяне не намераныя крытыкаваць уладу. Пачуцьцё гонару ім даюць перамогі ў зьнешняй палітыцы, шырока трансьляваныя тэлебачаньнем. Эфэкт ад перамогаў на Крыме і ў Сірыі пакрысе разьвейваецца. Як расейскія ўлады будуць вяртаць сабе папулярнасьць? Чаго трэба чакаць краінам-суседзям? Вядомыя расейскія і польскія экспэрты ў Варшаве спрабавалі прадказаць, як у бліжэйшы час будзе выглядаць расейская палітыка і эканоміка. На сустрэчы, арганізаванай Цэнтрам польска-расейскага дыялёгу і згоды пабываў Аляксандар Папко.

Расейская эканоміка пагрузілася ў крызыс, які працягнецца шмат гадоў – прагназуюць экспэрты. Прычыны гэтага крызысу трэба шукаць не ў заходніх санкцыях і нават не ў падзеньні цэнаў нафты. Расейская эканоміка пачала скачвацца ў застой задоўга да таго, як цана «чорнага золата» зьнізілася да 50 даляраў за барэль – кажа дырэктар варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Адам Эбэрхарт.

Адам
Адам Эбэрхарт

А. Эбэрхарт: Фундамэнтальнай праблемай зьяўляецца вычарпаньне расейскай эканамічная мадэлі. Яшчэ тады, калі цэны нафты дасягалі 120 даляраў, Расея была блізкая да стагнацыі. Эканамічнае разьвіцьцё было вельмі нераўнамерным: рост назіраўся пераважна ў буйных гарадах і толькі ў некалькіх сэктарах эканомікі – перадусім у энэргетыцы. У расейскіх прадпрымальнікаў не было матывацыі для пашырэньня бінэсу. Дзяржаўная адміністрацыя была неэфэктыўнай. Гэтую сытуацыю пагоршылі дзьве падзеі: падзеньне цэнаў нафты й санкцыі Захаду, якія ўдарылі па інвэстыцыйнай прыцягальнасьці Расеі.

Даходы людзей значна зьменшыліся, аднак палітычных пратэстаў гэта ня выклікала і ня выкліча – лічыць экспэрт маскоўскага Цэнтра Карнэгі Андрэй Калесьнікаў. У Расеі хутка адрадзілася культура беднасьці, якую жыхары постсавецкіх краінаў добра памятаюць з 80-х і 90-х гадоў. Людзі вырашаюць свае эканамічныя праблемы паасобку, у некаторых гарадах успыхваюць сацыяльныя пратэсты. Аб’ядноўвацца і выстаўляць палітычныя патрабаваньні расейцы ня будуць – прагназуе Андрэй Калесьнікаў.

Андрэй
Андрэй Калесьнікаў

А. Калесьнікаў: Гэтыя пратэсты застаюцца лякальнымі. Яны маюць не палітычную, а прафэсійны, цэхавы і нават гендэрны грунт. Яны не пераходзяць у палітычныя пратэсты. У іх няма агульнага лідара. Агульнага лідара не даў краіне нават пратэст дальнабойшчыкаў. Расейскія грамадзяне ім вельмі спачувалі, але далучыцца да пратэстаў былі гатовыя толькі 4% апытаных. Так што пакуль падставаў для ўсеагульнага шырокага пратэсту няма.

Тры-чатыры гады таму папулярнасьць Уладзімера Пуціна была высокай, дзякуючы таму, што павышаўся ўзровень жыцьця людзей. Калі рост эканомікі спыніўся, расейскім уладам спатрэбілася новая крыніца папулярнасьці. Ёй стала зьнешняя палітыка. Цяпер папулярнасьць уладаў трымаецца на няспыннай дэманстрацыі ваенных і дыпляматычных перамогаў – ад Крыму па Сірыю.

Расейская грамадзкая думка стала надзвычай падатлівая на ўзьдзеяньне прапаганды – зазначыў Андрэй Калесьнікаў. Калі раней для радыкальнай зьмены грамадзкіх настрояў патрэбна было некалькі месяцаў, то цяпер крамлёўскія СМІ спраўляюцца літаральна за некалькі дзён. Усяго за паўтара месяцы падтрымка вайсковай апэрацыі ў Сірыі вырасла з 14% да 70% грамадзтва – зазначыў Андрэй Калесьнікаў.

Ці азначае гэта, што калі эфэкт ад вайны ў Данбасе і Сірыі разьвеецца, то расейскія ўлады пачнуць шукаць новае поле для ваеннай перамогі? Ці варта баяцца Беларусі, Казахстану, краінам Балтыі? Не – лічыць расейскі экспэрт.

А. Калесьнікаў: Геаграфічныя кропкі, у якія гэты рэжым мог пайсьці з вайной, амаль вычарпаныя. Таму ад зьнешніх войнаў расейскія ўлады пераходзяць да барацьбы з унутранымі ворагамі: так званай «пятай калёнай», «нацыянал-здраднікамі» лідарамі апазыцыі, якія, паводле ўяўленьня расейскіх палітыкаў, фінансуюцца Злучанымі Штатамі. У бліжэйшы час будзе весьціся вайна на ўнутраным фронце. А што будзе далей – паглядзім.

З думкай Андрэя Калесьнікава цалкам згодны Адам Эбэрхарт. Прынамсі ў бліжэйшыя паўгода Расея ня будзе востра канфліктаваць з Захадам ці суседнімі краінамі. Агрэсія супраць суседзяў прыносіць Маскве больш стратаў, чым карысьцяў – зазначае польскі экспэрт.

А. Эбэрхарт: Парадоксам зьяўляецца тое, што Расея ў сваім «бліжнім замежжы», які ўспрымае як прыярытэтны рэгіён, ужо не выкарыстоўвае «мяккай сілы», сілы прыцягваньня. Палітыка Крамля выклікае ў урадаў суседніх дзяржаваў страх. Цяпер постсавецкая прастора – гэта краіны, якія баяцца Расеі. Яны баяцца расейскага імпэрыялізму, расейскай палітычнай экспансіі і цяпер ужо нават экспансіі вайсковай. Але такая жорсткая палітыка мае абмежаваную эфэктыўнасьць. Крэмль, напрыклад, змог анэксаваць Крым, акупаваць частку Данбасу, аб’яднаць расейскае грамадзтва на хвалі патрыятызму. Але кошты гэтага былі велізарныя – агрэсія Масквы адштурхнула ад Расеі мільёны ўкраінцаў з расейскамоўных рэгіёнаў: Харкава, Дняпра, Кіева.

У бліжэйшыя часы ані эканамічных, ані палітычных пераменаў у Расеі не прадбачыцца – мяркуюць Адам Эбэрхарт і Андрэй Калесьнікаў. Вядомыя крамлёўскі эканамісты, у тым Аляксей Кудрын і Антон Сілуанаў, робяць усё, каб збалянсаваць расейскі бюджэт. Аднак палітыка бярэ верх над эканомікай. У часы, калі дзяржаўныя расходы скарачаюцца ва ўсіх сфэрах, бюджэт арміі расьце.

У бліжэйшыя паўгода палітыка Эўразьвязу да Расеі таксама ня зьменіцца. Эўропа пакуль не скасуе санкцыяў супраць Крамля. Што будзе ў наступныя 6 месяцаў – ніхто прадказаць ня ў стане, лічыць Адам Эбэрхарт. «Мы ня ведаем, як будзе выглядаць сытуацыя ў Эўразьвязе пасьля рэфэрэндуму ў Вялікабрытаніі, мы ня ведаем, як будзе выглядаць сытуацыя ў ЗША пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Посьпехі расейскай замежнай палітыкі залежаць ад таго, наколькі будзе аслабляцца эўрапейскі праект і салідарнасьць краінаў Захаду. Расейская сіла ў значнай ступені вынікае са слабасьці Захаду», – падсумаваў экспэрт.

Аляксандар Папко

Удзельнікі
Удзельнікі дыскусіі: журналіст Пётр Пагажэльскі, палітолягі Адам Эбэрхарт і Андрэй Калесьнікаў.

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт