Logo Polskiego Radia
Print

«Срочно все сбережения перевести в белорусские рубли»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.06.2016 19:27
  • дэнамінацыя.mp3
Беларусь не пасьпела ўвесьці новы рубель, а з грашовай адзінкі ўжо жартуе інтэрнэт (ФОТА).
фота: НББ

Беларусь рыхтуецца да дэнамінацыі, якая будзе праведзеная 1 ліпеня. Да канца 2016 года старыя й новыя грошы будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэньні. Ці дэнамінацыя – гэта толькі тэхнічны працэс, ці ўладам можа ўдасца павысіць курс новага беларускага рубля адносна іншых валют?

На днях сваім выказваньнем многіх зьдзівіў былы старшыні Нацбанка Пётр Пракаповіч. Ён з гонарам заявіў, што рубель будзе наймацнейшай грашовай адзінкай сярод валют суседзяў Беларусі. На гэтыя словы вельмі хутка адрэагаваў інтэрнэт, дзе зьявілася шмат фотажабаў. На адной зь іх мы бачым Пуціна, які, даведаўшыся, што Беларусь абразае ў рубля чатыры нулі, загадвае «срочно все сбережения перевести в белорусские рубли». Тое ж самае загадвае сваім чыноўнікам Парашэнка, а ў польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды ад зьдзіўленьня з вуснаў адно вырываецца нецэнзурнае слова. Вось такім чынам віртуальная супольнасьць рэагуе на дэнамінацыю беларускага рубля, што можа сьведчыць пра ўзровень сур’ёзнасьці й падыходу насельніцтва да дэнамінацыі й новага беларускага рубля ў цэлым.

Аднак мы вырашылі паразмаўляць сур’ёзна й патэлефанавалі былому старшыні Нацыянальнага банка Беларусі, прафэсару Станіславу Багданкевічу. Ён сказаў, што разглядае дэнамінацыю як вымушаны крок, але пры гэтым падкрэсьліў, што без рэформаў новы беларускі рубель можа вельмі хутка абясцэніцца. Спачатку трэба было б спыніць інфляцыю, кажа Багданкевіч.

Нам прыйдзецца разьвітацца з думкай быць рублёвымі мільянэрамі, гэтак пра дэнамінацыю ў Беларусі сказаў Уладзімір Карагін – старшыня прэзыдыюма Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва. Ён лічыць, што краіна гатовая да ўводу новых грошай і што працэс адбудзецца без праблем. Наш суразмоўца аднак зьдзіўлены часам правядзеньня апэрацыі: сярэдзіна каляндарнага й фінансавага года. Паводле Карагіна, новыя грошы найлепш было б увесьці 1 студзеня.

Неўзабаве Беларусь і беларусы ўбачаць новыя грошы, прычым ня толькі банкноты, але й манэты. А ці новы беларускі рубель будзе моцнай валютай, пра што казаў Пракаповіч, працяглы пэрыяд, – пакажа час. Аднак у гэта слаба верыцца, бо беларускія ўлады дэнамінацыю праводзяць, але вось пра глыбокае рэфармаваньне эканомікі пакуль што нічога не чуваць.

Валеры Саўко

выказваньні С.Багданкевіча і У.Карагіна ў гукавым файле

фота:
фота: сацыяльныя сеткі


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт