Logo Polskiego Radia
Print

П. Ваўжык: Можа пачацца адліга ў нямецка-расейскіх адносінах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.06.2016 14:53
  • Ваўжык.mp3
У новых абставінах у Польшчы ёсьць шанец стаць адным з салістаў эўрапейскай палітыкі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Пасьля рэфэрэндуму ў Вялікабрытаніі аб выхадзе краіны з ЭЗ міністры замежных спраў Нямеччыны і Францыі падрыхтавалі дакумэнт аб новым выглядзе ЭЗ. У ім гаворыцца аб больш глыбокай інтэграцыі і рашучасьці супольнасьці. Некаторыя называюць новы Эўразьвяз своеасаблівай звышдзяржавай.

На думку шматлікіх экспэртаў, улады Нямеччыны ўжо здаўна рыхтаваліся да адлучэньня Вялікабрытаніі, а нават матывавалі брытанцаў зрабіць такі крок. А цяпер немцы, мяркуюць палітолягі, пастараюцца ацяпліць адносіны з агрэсіўнай Расеяй. Ці такі сцэнар сапраўды магчымы? Гэтае пытаньне мы задалі спэцыялісту па эўрапейскай праблематыцы прафэсару Пятру Ваўжыку з Варшаўскага ўнівэрсытэту.

П. Ваўжык: Гэта залежыць ад таго, хто будзе кіраваць Нямеччынай. Ангела Мэркель – гэта, бадай, адзіны нямецкі палітык, які заклікае падаўжаць санкцыі супраць Расеі. Тут справа прынцыпу. Мэркель паставіла перад Пуціным умовы, якія ён павінен выканаць. І таму ёй прыходзіцца трымацца сваіх прынцыпаў. Канешне, нямецкая прамысловасьць, а таксама частка хрысьціянскіх дэмакратаў і сацыял-дэмакраты выступаюць супраць санкцый. Калі Мэркель страціць уладу, то можа пачацца адліга ў нямецка-расейскіх адносінах. Нагадаем, што Мэркель прымусіла Пуціна падпісаць менскія пагадненьні, таму яна зьяўляецца іх гарантам, яна ня можа зьмяніць стаўленьне.

А як вы ўспрымаеце француска-нямецкую прапанову, якую некаторыя называюць пачаткам супэрдзяржавы. Ці яна прынесла б пазытыўныя зьмены такім краінам, як Польшча?

П. Ваўжык: Гэтая прапанова не прынясе карысьці ні такім краінам, як Польшча, ні іншым грамадзтвам. Нагадаем, што ў Францыі на рэфэрэндуме была адхілена прапанова прыняць канстытуцыйны трактат, які ўводзіў нават меншую кансалідацыю, чым актуальная прапанова. А тады не было яшчэ ў Францыі столькі эўраскептыкаў, як цяпер, калі вядучую ролю пачынае адыгрываць Нацыянальны фронт. Таксама ў іншых краінах усё больш людзей скептычна ставіцца да ідэі эўрапейскай інтэграцыі. Цяпер грамадзтвы не жадаюць большай інтэграцыі, чаго не разумеюць палітыкі. Яны хацелі б, каб грамадзтва іх слухала, а не наадварот. Так што палітыкі ў Эўропе цяпер вельмі кепскія.

Польшча прапануе падрыхтаваць зусім новае эўрапейскае пагадненьне, каб нанава акрэсьліць паняцьце сувэрэннасьці і залежнасьці паміж краінамі ЭЗ і кіраўніцтвам зьвязу. Міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі казаў, што Эўрапейскай радзе неабходна даць больш паўнамоцтваў, а Эўрапейскай камісіі – менш. Як гэтая прапанова можа быць успрынятая ў Брусэлі?

П. Ваўжык: Гэты праект больш рэалістычны, ён адказвае поглядам грамадзтваў, ня толькі польскага, таксама скандынаўскіх краін і іншых. Дарэчы, нямецкія ці францускія палітыкі адмыслова адбівалі ахвоту ў брытанцаў застацца ў ЭЗ, каб прасунуць сваю прапанову новага эўрапейскага пагадненьня. Ім здавалася, што без Вялікабрытаніі, якая моцна зьвязаная з Амэрыкай, ім гэта ўдасца. Аднак гэта была памылковая стратэгія, паколькі грамадзтвы гэта адхіляць. Я лічу, што цяпер многія эўрапейскія палітыкі павінны падаць у адстаўку, у тым ліку Жан-Клёд Юнкер, Марцін Шульц і Дональд Туск.

Якім будзе будучае Эўрапейскага Зьвязу пасьля выхаду Вялікабрытаніі?

П. Ваўжык: Хутчэй за ўсё лідары ЭЗ пастараюцца нейкім чынам аб’яднаць гэтыя два праекты эўрапейскага пагадненьня. Напэўна будзе больш дэмакратыі, паколькі дэмакратызацыя проста неабходная, без яе пачнуцца чарговыя «разводы». Эўрапейская камісія павінна перастаць умешвацца ва ўнутраныя справы паасобных дзяржаў, як было ў выпадку Польшчы. Павінна быць таксама менш бюракратыі, менш супрацоўнікаў і ніжэйшыя зарплаты. Адным з аргумэнтаў эўраскетыкаў у Вялікабрытаніі было тое, што многія эўрапейскія чыноўнікі зарабляюць больш, чым ангельскі прэм’ер-міністар, за што плацяць брытанскія падаткаплатнікі.

А як сябе павінна паводзіць Польшча ў новых абставінах? Ці вы не баіцеся, што нашай краіне пагражае маргіналізацыя?

П. Ваўжык: Польшча пасьля адлучэньня Вялікабрытаніі – гэта самая вялікая дзяржава, якая прадстаўляе цьвярозы погляд на праблемы ЭЗ. Нам прыйдзецца быць лідарам у гэтым лягеры эўрапейскіх рэалістаў. Чым хутчэй будзе падрыхтаваны польскі праект новай эўрапейскай дамовы, тым лепш. Міністар Вашчыкоўскі і так дабіўся ўжо вялікага посьпеху, калі ўдалося яму так хутка атрымаць падтрымку сямі сяброўскіх краін. Цяпер трэба пастарацца пераканаць іншых, хаця ўсяго ня ўдасца прасунуць. Тым ня менш, у нас ёсьць шанец стаць вядучай дзяржавай ЭЗ, адным з салістаў эўрапейскай палітыкі, разам з Францыяй ды Нямеччынай.

Размаўляла Галіна Остас/пераклад Н. Грышкевіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт