Logo Polskiego Radia
Print

Норман Дэйвіс: Брытанцы зрабілі гістарычную памылку

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.06.2016 16:33
Брытанцы падтрымалі „брэксіт”, ня думаючы пра наступствы гэтага рашэньня, лічыць гісторык.
Photo: A.Savin (Wikimedia Commons · WikiPhotoSpace)/en.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

„Прыхільнікі „брэксіту” ня ведаюць, што ім рабіць далей. Яны пераконваюць, напрыклад, што Вялікабрытанія надалей будзе моцнай у эканамічным пляне й што кожная краіна ЭЗ захоча зь ёю гандляваць. Аднак яны забываюць пра тое, што канцэрны, напрыклад, „Mercedes” ці „BMW” могуць выбіраць: заставацца ў Брытаніі ці пераехаць у Эўразьвяз – найбуйнейшы рынак сьвету”, - кажа гісторык Норман Дэйвіс (Norman Daves) у размове з тыднёвікам „Polityka”.

Паводле прафэсара, за выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу прагаласавалі ў асноўным расчараваныя грамадзяне, якія такім чынам выказалі сваю незадаволенасьць працай палітыкаў і сытуацыяй у краіне.

„Улады не прадбачылі, што расчараваная й бяднейшая частка грамадзтва сапраўды пойдзе на рэфэрэндум, каб такім чынам выказаць пратэст супраць ураду. Ну й здарылася трагедыя. Мы самі сабе нанесьлі ўдар або нават зьдзейсьнілі суіцыд, паколькі шатляндцы ўжо заяўляюць аб намеры правядзеньня новага рэфэрэндуму па абвяшчэньні незалежнасьці. У сваю чаргу ў Паўночнай Ірляндыі баяцца, што „брэксіт” можа прывесьці да таго, што зноўку зьявіцца мяжа з Рэспублікай Ірляндыя, а гэта было б вялікай праблемай для каталіцкай меншасьці ў Бэлфасьце”, - кажа Дэйвіс.

Паводле гісторыка, рашэньне аб выхадзе Вялікабрытаніі выклікае таксама іншыя сумневы. „Цяпер узьнікне сытуацыя, у якой брытанскі ўрад перастане лічыць Эўразьвяз партнэрам. А калі так, то неўзабаве можа таксама перастаць лічыць партнэрам NATO(…) Цяпер маем „брэксіт” і галасаваньне, якое базавалася на памылковых прадпасылках. Людзі прынялі рашэньне, не беручы пад увагу яго наступстваў. Шмат рашэньняў, якія прымаліся ў гісторыі, вынікалі менавіта з падобных памылак. Людзі памыляюцца й, паводле мяне, менавіта цяпер таксама зрабілі гістарычную памылку”, - канстатуе гісторык Норман Дэйвіс у размове з тыднёвікам „Polityka”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт