Logo Polskiego Radia
Print

«Улады разумеюць, што пасьля выбараў людзей трэба будзе звальняць»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.06.2016 23:03
  • Улады разумеюць, што пасьля выбараў людзей трэба будзе звальняць.mp3
Максім Руст: Павелічэньне дапамогі па беспрацоўі – знак таго, што ўлады рыхтуюцца звальняць працоўных са стратных прадпрыемстваў.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Беларускі ўрад адмаўляецца ад падтрымкі занятасьці любым коштам. Са стратных прадпрыемстваў могуць пачаць звальняць працоўных. Пра гэта, на думку палітоляга Максіма Руста, сьведчаць пляны павысіць грашовую дапамогу па беспрацоўі да бюджэту пражытачнага мінімуму. Лёс фабрыкаў-банкрутаў, уплыў «Брэксіту» на Беларусь і прычыны скарачэньня стыпэндыяльнай праграмы Каліноўскага абмяркоўваюць у «Палітычным люстэрку Максім Руст і Аляксандар Папко.

Усебеларускі народны сход – такі ж рытуал, як і зьезд КПСС

2500 дэлегатаў на працягу двух дзён яны слухалі выступленьні Аляксандра Лукашэнкі і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў. А затым за 40 сэкундаў яны адзінагалосна прынялі праграму, зьмест якой быў вядомы загадзя, і паехалі дадому, атрымаўшы ў падарунак электронныя пляншэты. 23 чэрвеня ў Менску завяршыўся так званы Ўсебеларускі народны сход. Раней гэтае мерапрыемства было часткай перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер хваліцца перад выбарамі не было чым, і сход перанесьлі. Аднак, з якой мэтай яго ўвогуле праводзілі?

М. Руст: Сам Аляксандар Лукашэнка параўнаў гэтае мерапрыемства са зьездам КПСС. Гэтае параўнаньне вельмі трапнае. Сказаць няма чаго, але мы праводзім гэты сход па інэрцыі – таму, што такая традыцыя. Дарэчы, гэты сход зноў адбываецца перад выбарамі – толькі парлямэнцкімі. Аляксандар Лукашэнка зваліў правал у эканоміцы на вонкавыя сілы й засяродзіўся на бясьпецы. У сваіх выступах ён упершыню не крытыкаваў апазыцыю. Магчыма, гэта было зроблена, каб задобрыць Захад – прадэманстраваць лібэралізацыю. Аднак калі пачалі складаць сьпісы акружных выбарчых камісіяў, то стала бачна, што апазыцыю зноў адсейваюць.

«Брэксіт» ударыць па беларускіх дэмакратах

23 чэрвеня 52% брытанцаў на рэфэрэндуме прагаласавалі за выхад з Эўрапейскага зьвязу. Праўда, аказалася, што брытанскія кансэрватары і папулісты, якія агітавалі за выхад, насамрэч пакідаць Эўразьвяз не зьбіраюцца. Нямеччына, Францыя й іншыя краіны папрасілі Брытанію пакінуць супольнасьць як мага хутчэй – каб не ствараць няпэўнасьці, якая шкодзіць эканоміцы. А самі тым часам паабяцалі паглыбіць інтэграцыю. «Брэксіт» – гэта пачатак распаду Эўразьвязу ці наадварот, яго кансалідацыі? Што выхад Брытаніі з Аб’яднанай Эўропы прынясе Беларусі?

М. Руст: Па-першае, Вялікабрытанія з Эўразьвязу ня выйшла й невядома, ці ўвогуле выйдзе. Гэта абсалютна не пачатак распаду Эўразьвязу. Мне падаецца, што Эўразьвяз у бліжэйшай будучыні будзе ўзмацняцца, а інтэграцыя будзе паглыбляцца. Для Беларусі «Брэксіт» не азначае нічога. Сытуацыя ў Эўразьвязе, думаю, зьяўляецца сумнай навіной для беларускіх апазыцыйных партыяў. Увага Эўразьвязу да палітычнай сытуацыі ў Беларусі і так малая. А цяпер, думаю, стане яшчэ меншай.

Масавыя звальненьні пачнуцца пасьля выбараў?

У Беларусі можа зьявіцца паўнавартасная дапамога па беспрацоўі – паведаміў 28 чэрвеня партал TUT.BY. Міністэрства працы падрыхтавала законапраект па павышэньні дапамогі па беспрацоўі да бюджэту пражытачнага мінімуму – з мізэрных 250 тысячаў да 1 мільёна 700 тысячаў рублёў. Выплачваць грошы плянуюць тым, каго звольнілі ў выніку скарачэньня штатаў. Ці значыць гэта, што ўлады адмаўляюцца ад утрыманьня занятасьці любым коштам – у тым ліку шляхам пераводу прадпрыемстваў на няпоўны працоўны тыдзень? Ці стратныя прадпрыемствы будуць зачыняць і прадаваць?

М. Руст: У Беларусі былі самыя высокія тэмпы росту беспрацоўя сярод усіх краінаў СНД, а памер дапамогі па беспрацоўі быў адным з самых нізкіх. Утрымліваць пастаянную занятасьць насельніцтва ў цяперашняй сытуацыі немагчыма. Улады разумеюць, што пасьля выбараў людзей трэба будзе звальняць. Таму яны й павялічваюць гэтую дапамогу. Зразумела, нават на павышаную дапамогу ў Беларусі будзе пражыць немагчыма, асабліва ў вялікіх гарадах. Аднак гэта дазваляе ўладам прадэманстраваць, што яны клапоцяцца пра лёс звольненых.

Зь іншага боку, адмовіцца ад утрыманьня занятасьці і «напампоўваньня грашыма» стратных прадпрыемстваў ад Менска патрабуюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі. Невядома, калі пачнуцца сапраўдныя эканамічныя рэформы, і ў якім кірунку яны пойдуць. Аднак калі закрыцьцё прадпрыемстваў і іх продаж пачнецца, то пачнецца ён толькі пасьля парлямэнцкіх выбараў.

Праграму Каліноўскага польскі ўрад зьмяніў, але «Белсат» не зачыніць

Праграму атрыманьня вышэйшай адукацыі імя Кастуся Каліноўскага для беларусаў у Польшчы трансфармавалі ў гадавую праграму навуковых стажыровак – перадала 22 чэрвеня «Радыё Рацыя». Каб патрапіць праграму Каліноўскага-ІІ, цяпер неабавязкова быць рэпрэсаваным. Ці правільны крок зрабіў польскі ўрад? Ці не зачыняць іншы вядомы праект – «Белсат?»

М. Руст: Цяжка ацэньваць гэтае рашэньне ў катэгорыях «добра» ці «дрэнна». Праграма Каліноўскага была перадусім сымбалем падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці. І вельмі добра, што яна была менавіта ў такім выглядзе, як была. Аднак цяпер зьмяняецца ўсё – і ціск на беларускіх студэнтаў ужо не той, і сытуацыя ў адносінах Беларусі з Эўразьвязам ужо іншая. Патрэбы саміх студэнтаў зьмяняюцца. Акрамя гэтага, у беларускіх студэнтаў зьявілася больш магчымасьцяў навучацца за мяжой. Добра, што праграма застанецца, хоць у іншым выглядзе. Гэты сымбаль ня зьнікне.

Калі казаць пра «Белсат», то ўзьнікалі спэкуляцыі, што яго зачыняць пасьля зьмены ўраду ці палітыкі Польшчы ў стасунку да Беларусі. Аднак «Белсат» не зачыняць па двух прычынах: па-першае, гэта козыр (хоць і невялікі) у перамовах з афіцыйным Менскам. Па-другое, існаваньне «Белсату» застаецца сымбалем таго, што Польшча падтрымлівае разьвіцьцё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці ў краінах Усходняй Эўропы.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт