Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі добраахвотнік: Украінская армія зьмяняецца ў добрым накірунку

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.07.2016 09:03
  • Беларускі дабраахвотнік Украінская армія зьмяняецца ў добрым накірунку.mp3
Беларускія байцы нарэшце атрымалі віды на жыхарства ва Ўкраіне, а ўкраінская армія пакрысе ўзмацняецца – кажа Ян Мельнікаў.
Ян Мельнікаў. Татуіроўку хлопец зрабіў на фронце ў дзень 500-годзьдзя Аршанскай бітвы, які супаў зь яго дваццаць першым днём народзінаў. Ян Мельнікаў. Татуіроўку хлопец зрабіў на фронце ў дзень 500-годзьдзя Аршанскай бітвы, які супаў зь яго дваццаць першым днём народзінаў. Aliaksandr Papko/radyjo.net

Беларускім дабравольцам, якія абараняюць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, нарэшце выдалі віды на жыхарства і далі магчымасьць служыць у шэрагах украінскай арміі. Пра гэта паведаміў баец Тактычнай групы «Беларусь» Ян Мельнікаў. У якім кірунку зьмяняецца ўкраінская армія? Як выглядаюць настроі ўкраінскіх жаўнераў і настроі па іншай лініі фронту? Ці пагражаюць міру і незалежнасьці Беларусі парамілітарныя прарасейскія арганізацыі? На гэтыя ды іншыя тэмы зь Янам Мельнікавым размаўляе Аляксандар Папко.

Ян, скажы, калі ласка: якія твае пляны на жыцьцё? Ты знаходзісься ва Ўкраіне ад Майдану, прайшоў усю вайну ад самага пачатку. Ці не стаміўся ты? Ці не плянуеш ты пачаць вучобу?

Я. Мельнікаў: Я плянаваў паступаць яшчэ ў 2013 годзе – у Варшаўскі ўнівэрсытэт. Але тады ў мяне не атрымалася. Калі ў Беларусі праходзіла сумоўе, я ня змог на яго патрапіць. Плянаваў паступаць на наступны год, але Майдан і вайна зьмянілі мае пляны. Калі ўсё будзе добра, то я буду паступаць у гэтым годзе – ужо ва Ўкраіне. Я хачу працягваць справу, якую ня скончылі нашыя сябры – Алесь Чаркашын і Віталь Ціліжэнка – і завочна вучыцца на гістарычным факультэце.

Некалі ў большасьці чальцоў тактычнай групы «Беларусь» былі праблемы з легалізацыяй знаходжаньня ва Ўкраіне. Ці гэтая праблема вырашаецца? Ці атрымалі вы віды на жыхарства, ці пайшлі на кантракт ва ўкраінскую армію?

Я. Мельнікаў: Так, цяпер амаль усе хлопцы маюць від на жыхарства. Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ, згодна зь якім іншаземцы могуць праходзіць службу ва ўкраінскім войску. Адзін з байцоў нашай тактычнай групы атрымаў украінскі вайсковы білет і праходзіць службу ў адной з частак Нацыянальнай гвардыі. Мы вырашылі правесьці экспэрымэнт, паглядзець на яго прыкладзе, як будзе выконвацца гэты ўказ і ці не ўзьнікне перашкодаў.

Нядаўна зьявілася інфармацыя, што на маці аднаго зь беларусаў, які служыць інструктарам у батальёне «Азоў», напалі. А да аднаго беларуса, які купіў у Львове саколку з эмблемай батальёну «Данбас», у кватэру ўварваліся міліцыянты ў масках. Ці не адчуваеш перасьледу ты й твае блізкія?

Я. Мельнікаў: Нашыя спэцслужбы здольныя толькі рабіць подласьці ў стасунку да байцоў, якія сумленна абараняюць незалежнасьць украінскай дзяржавы. У той жа час яны не кранаюць тых, хто ваюе ў незаконных бандфармаваньнях у так званых ЛНР і ДНР. Яны спакойна прыяжджаюць у Беларусь і выяжджаюць ваяваць зноў. Мая сям’я трапіла пад ціск уладаў. У мяне дома праходзілі ператрусы, міліцыянты канфіскавалі маю апаратуру і апаратуру майго бацькі – нават такія асабістыя рэчы, як яго пляншэт і тэлефон. Маіх бацькоў выклікалі на допыты, а да нас дадому прыходзілі людзі ў цывільным, прадстаўляліся супрацоўнікамі КДБ і казалі, што супраць мяне ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Найміцтва».

Нядаўна ва Ўкраіне пачаўся судовы працэс над грамадзянінам Беларусі, былым байцом батальёну «Тарнада», вядомаму па пазыўным «Маджахед», Яго абвінавачваюць у ваенных злачынствах. Ці ведаеш ты падрабязнасьці гэтай справы і як можаш ахарактарызаваць гэтага чалавека?

Я. Мельнікаў: Я зь ім асабіста не знаёмы. Я ведаю яго завочна з часу, калі жыў у Беларусі. Ведаю выключна як рэп-выканаўцу і заўзятара футбольнага клюбу «Берасьце». Я сустракаўся толькі зь яго пастамі ў сацыяльных сетках. Што тычыцца яго справы – то ні я, ні тактычная група ня можам даць камэнтароў, бо асабіста зь ім мы не знаёмыя, а падрабязнасьцяў крымінальнай справы ня ведаем.

Як ты ацэньваеш дзейнасьць ваенна-патрыятычных летнікаў, якія ладзяць у Беларусі прадстаўнікі казацкіх арганізацыяў? Ці гэтыя летнікі небясьпечныя для сувэрэнітэту Беларусі, альбо гэта настолькі нязначная зьява, што зьвяртаць на яе ўвагу ня варта?

Я. Мельнікаў: Безумоўна, я стаўлюся да такіх летнікаў адмоўна. Ёсьць задакумэнтаваныя прыклады, калі такія самыя летнікі пад эгідай казацтва ці Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату праводзіліся ў Данецкай і Луганскай абласьцях – з эмблемамі й сьцягамі, якія пазьней зьявяцца ў так званых ДНР і ЛНР. І адбывалася гэта задоўга да вайны ў Данбасе. Нашыя спэцслужбы павінныя разумець усе наступствы такіх летнікаў. Акрамя сьвятароў з Расеі на гэтыя летнікі прыяжджаюць і баевікі – напрыклад Мільчакоў, якія зьяўляецца адкрытым нэанацыстам. У гэтых вышкалах удзельнічаюць і афіцэры беларускай міліцыі, што таксама павінна ўстрывожыць нашыя спэцслужбы. Гэтыя летнікі, безумоўна, нясуць пагрозу нашаму сувэрэнітэту і незалежнасьці.

Як цяпер выглядае сытуацыя ва ўкраінскім войску? Крыху больш за год таму журналісты, якія езьдзілі на Данбас, казалі, што армія трымаецца на адной дапамозе валянцёраў. Ці зьмяняецца ўкраінская армія – і ў які бок?

Я. Мельнікаў: Казаць пра тое, што ўкраінскае войска цяпер адпавядае патрабаваньням арміі, здольнай абараніць краіну, пакуль рана. Аднак трэба адзначыць, што адбыліся зьмены ў лепшы бок. Часткі Нацгвардыі, напрыклад, маюць больш-менш сучаснае ўзбраеньне і абсталяваньне. Яны праходзяць трэніроўкі пад кіраўніцтвам амэрыканскіх вайскоўцаў, якія маюць баявы досьвед. Пазытыўныя зьмены ёсьць, аднак іх пакуль недастаткова. Казаць пра тое, што ўкраінскае войска пераўзброенае і гатовае да вядзеньня паўнамаштабнай вайны, пакуль немагчыма. Але яно стаіць на гэтым шляху.

А як выглядае сытуацыя па іншым баку? Да вас даходзіць інфармацыя, як выглядвае маральны дух і аснашчэньне так званых апалчэнцаў Данбасу, якія падтрымлівае расейская армія?

Я. Мельнікаў: Настроі сярод баевікоў ня самыя лепшыя. Яны адкрыта кажуць, што расейскія ўлады ім здрадзілі. Яны чакалі на прызнаньне Расеяй гэтых рэспублік, чакалі на адкрытую і актыўную падтрымку расейскай арміі. Прызнаньня рэспублікаў няма, а расейскія войскі ўжо два гады хаваюць сваю прысутнасьць у Данбасе. Незадаволеныя баевікі й тым, што няма наступленьня. Яны кантралююць толькі частку Данецкай і Луганскай вобласьцяў – і тое, я спадзяюся, што гэта ненадоўга.

Нядаўна ў Беларусі прайшла вайсковая прысяга. Што б ты хацеў сказаць маладым беларусам, якія ўступілі ў шэрагі ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь?

Я. Мельнікаў: Я хацеў бы, каб яны памяталі, што яны прысягалі на вернасьць беларускаму народу – не ўладзе Беларусі й не расейскай уладзе. Я хацеў бы, каб яны старанна несьлі сваю службу і ў выпадку небясьпекі для беларускага народу, яго дзяржавы, яны былі здольныя яго абараніць. Абараніць менавіта беларускі народ - яго сувэрэнітэт ды незалежнасьць.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт