Logo Polskiego Radia
Print

Трамп абяцае Амэрыцы кансэрватыўны парадак

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 22.07.2016 15:12
Яго падтрымліваюць белыя амэрыканцы старэйшага ўзросту, якія жывуць у малых мястэчках ды на вёсцы.
Donald TrumpDonald Trumpflickr.com/Gage Skidmore

Штодзёнка “Rzeczpospolita” піша пра вынікі сходу Рэспубліканскай партыі ЗША.

Партыйныя сходы або канвэнцыі зьяўляюцца важнай часткай выбарчай кампаніі ў Амэрыцы. На гэтым тыдні ў Кліўлэндзе адбыўся сход рэспубліканцаў. Кандыдатам ад гэтай партыі на выбарах стаў Дональд Трамп. Ён ідзе па прэзыдэнцкую пасаду разам з ультракансэрватыўным губэрнатарам Індыяны Майкам Пінсам. Цяпер разам яны абяцаюць пабудаваць у ЗША “права й парадак”. Трамп мае пакуль 36% падтрымкі сярод амэрыканцаў. Аднак, зазначае выданьне, пакуль што рэспубліканскі кандыдат мае цяжкасьці з пашырэньнем сваёй электаральнай базы. Яго падтрымліваюць белыя амэрыканцы старэйшага ўзросту, якія жывуць у малых мястэчках ды на вёсцы. Яны падтрымліваюць Трампа за ягоную антыэлітнасьць, бо перакананыя, што карані іх праблем - у вашынгтонскім істэблішмэнце, піша выданьне.

Штодзёнка зазначае, што такая падтрымка гэта замала, каб выграць выбары. Галоўная саперніца рэспубліканца Хілары Клінтан ад Дэмакратычнай партыі мае 43% падтрымкі. Ейны электарат больш шырэйшы: гэта й белыя жанчыны сярэдняга ўзросту, адукаваная моладзь усіх рас, слаба адукаваныя афраамэрыканцы, белыя спэцыялісты ды выхадцы з Лацінскай Амэрыкі – найбольшая меншасьць у ЗША.

Найбольш крытыкі ў бок Клінтан было за ейныя прагалы у замежнай палітыцы. Трамп такіх памылак ня меў. Аднак ягоныя апошнія заявы наконт нежаданьня падтрымаць хаўрусьнікаў па NATO прывялі да таго, што ён страціў некалькі пунктаў папулярнасьці.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт